Дубровенщина гордится своими учителями

Дубровно,Дубровенский, Сватошицкая школа, дети, сентябрь, учёба

Сельская настаўніца

Настаўніка пазнаеш адразу па ўважліваму позірку ўдумлівых, крыху стомленых вачэй, культуры зносін з людзьмі, інтанацыі голасу, напоўненай цяплом і добразычлівасцю. Менавіта такой яна прадстала перада мной шмат гадоў назад: маці двух хлопчыкаў-двайнятак, якая разам з імі прыходзіла ў рэдакцыю, каб аддаць сачыненне аднаго з сыноў на конкурс, які мы праводзілі. Была гэта настаўніца Сваташыцкай сярэдняй школы Алена Уладзіміраўна ЧАЧУЁВА.

З тае пары прайшло нямала часу. І брацікі Чачуёвы, Валодзя і Дзіма, выраслі, яны ўжо амаль інжынеры (пяцікурснікі мехфака БДСГА). Пасталела і Алена Уладзіміраўна, якая за гэты час выпусціла ў старэйшыя класы не адзін дзесятак сваіх вучняў. Толькі па-ранейшаму застаўся на яе твары жывы і добразычлівы позірк уважлівых, крыху стомленых вачэй. Сёлета ў яе жыцці 1 верасня празвінеў 26 школьны званок, які паклікаў на ўрок у рангу настаўніцы пачатковых класаў.

—Я працую настаўніцай з 1986 года, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — І ніколі не задумвалася аб тым, што магла б выбраць іншую прафесію, працаваць не ў школе, а дзе-небудзь у іншым месцы. Мне падабаецца мая прафесія і тое, што я раблю. А раблю я вельмі важную справу: ляплю са сваіх маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак грамадзян нашай краіны. Я не проста вучу іх пісаць і чытаць, я вучу думаць, правільна паводзіць сябе ў школе і дома, развіваю ў іх пачуцці адказнасці і калектывізму. Зга-дзіцеся, што фарміраванне асобы пачынаецца амаль што з пялёнак. Што закладзеш у свядомасць дзіцяці ў раннім узросце, такія задаткі праявяцца ў яго і ў больш старэйшым узросце.

—І як жа вам удаецца гэта рабіць, шаноўная Алена Уладзіміраўна? — цікаўлюся я ў сельскай настаўніцы.

—Нічога самой выдумляць не трэба. Трэба проста прыняць душой кожнага маленькага вучня так, як ты прымаеш сваё ўласнае дзіця. У мяне трое дзетак, усіх выхавала, лічу, нядрэнна, навучыла ўсяму, што сама ўмею. Яны не гультаі, іх паважалі і цанілі ў школе, зараз у акадэміі аб іх ідзе добрая слава. Усе трое вучацца на бюджэце… Да таго ж, зараз існуе многа методык выхавання. Трэба толькі правільна выбраць тую, якая табе больш падыходзіць, і крыху “скарэкціраваць” на свой клас і сваіх дзяцей.
Я выбрала праграму “Самаадукацыя” па тэме “Гульня — гэта творчасць”. Не буду ўдавацца ў тэхналогію, проста скажу так. Урокі ў форме гульні падабаюцца маім маленькім вучням. На іх яны адчуваюць сябе больш свабодна, ім цікава, яны добра засвойваюць выкладаемы матэрыял. Урокі будую так, каб не паўтараліся, у кожны ўношу нешта новае і адметнае. Так, гэта няпроста, але гэта мая работа, да выканання якой я павінна падыходзіць творча. Так мяне вучылі мае педагогі ў вучылішчы і ўніверсітэце, а потым у школах, дзе давялося працаваць.

Алена Уладзіміраўна не сказала мне аб тым, што за час работы ў школе яна правяла каля дзесятка паказальных адкрытых урокаў: школьных, куставых, раённых. Аб гэтым я даведалася ў раённым аддзеле адукацыі. Да кожнага з іх яна ўдумліва рыхтуецца, а праводзіць лёгка і ўпэўнена, настолькі адшліфавана ў яе методыка выкладання, а структура ўрокаў розных накірункаў знаёма да драбніц…

Алена Уладзіміраўна заўсёды жыла ў вёсцы. Спачатку ў Зарубах, дзе сёння жывуць яе бацькі-пенсіянеры. Яе мама, Галіна Анатольеўна Яфрэменка, дарэчы, яшчэ ў недалёкім мінулым няштатны карэспандэнт нашай раённай газеты, бачачы ў дачкі задаткі будучай настаўніцы (дачка “вучыла” сваіх лялек), усяляк падтрымлівала мару дачкі: прыносіла з бібліятэкі, дзе працавала, кнігі рускіх і беларускіх класікаў і прывівала такім чынам цягу да чытання, развівала яе кругагляд, моўныя задаткі.

Дубровно,Дубровенский, Сватошицы, школа, дети, профессия

У Горацкі педагагічны каледж (тады вучылішча) Алена Яфрэменка прыйшла з упэўненасцю, што выбар зрабіла правільны. У Расасенскай сярэдняй школе, куды яе накіравалі працаваць, трапіла, як сама прызнаецца, пад уплыў апантаных сваёй прафесіяй педагогаў, якія сталі для яе прыкладам у рабоце на ўсё жыццё. Віктар Навіцкі, Мікалай Мартыновіч, Мікалай Шкадаў. Гэтых людзей ужо няма сярод нас. Яны пакінулі аб сабе светлую памяць, якая жыве ў іх вучнях, сярод якіх і Алена Уладзіміраўна.

—Мае першыя настаўнікі былі для мяне ўзорам Дабра, Справядлівасці, Чалавечнасці, — гаворыць яна. — Яны рэкамендавалі мне не спыняцца на дасягнутым узроўні адукацыі, працягваць удасканальваць багаж тэарэтычных ведаў, не адрываючыся ад практычнай дзейнасці. Так я завочна закончыла Віцебскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава.

Большую частку жыцця Алена Уладзіміраўна правяла ў вёсцы Сваташыцы.
Тут нарадзіліся і выраслі яе трое дзетак: два сыны і дачушка Ганна. Разам з мужам Генадзем Дзмітрыевічам вучылі дзяцей змалку працаваць на зямлі, самі паказвалі ва ўсім прыклад. У Чачуёвых прыгожы вялікі дом і дагледжаная сядзіба. Усё на ёй створана рукамі гаспадароў. Для старэйшых сыноў Чачуёвых добрым прыкладам таго, як жыць і працаваць на зямлі, быў і застаецца іх дзед Дзмітрый Нікіфаравіч Чачуёў, чалавек у ААТ “Герой” вельмі заслужаны і аўтарытэтны. У яго доме яны і зараз не госці, амаль што жывуць, бо, прыехаўшы да бацькоў, спяшаюцца да дзеда, у якога на двары якая-ніякая тэхніка ёсць. Напрыклад, трактарок. На ім Дзмітрый і Уладзімір “адточваюць” набытыя ў акадэміі на мехфаку тэарэтычныя веды. Дзед задаволены: яго пароды ўнукі, працы на роднай зямлі не цураюцца. Значыць, будзе з іх толк.

Ды і сама Алена Уладзіміраўна ганарыцца дзецьмі. Па дому заўсёды памочнікамі былі, проста так па вуліцы не бегалі. Гаспадарка ў іх заўсёды была вялікая. Цяпер усе трое студэнты, у сумку кожнаму трэба нешта пакласці. Усе дружна працуюць на тое, каб у сям’і быў дастатак.

Алена Чачуёва ў Сваташыцах заўсёды на віду і як дэпутат сельскага Савета. На працягу апошніх трох скліканняў — такі давер аказваюць ёй людзі. І яна стараецца апраўдваць яго.
—Вам могуць паказацца дробязнымі пытанні маёй грамадскай дзейнасці, а для вяскоўцаў яны злабадзённыя, — гаворыць Алена Уладзіміраўна.
Вось такая сельская настаўніца жыве ў вёсцы Сваташыцы. Яе паважаюць і цэняць у школьным калектыве настаўнікі і вучні. А сама яна ўдзячна адміністрацыі школы ў асобе дырэктара С.А.Ціцянкова і завуча Л.М.Манько, старэйшым работнікам школы С.П.Ладохінай, В.А.Андрэевай і многім іншым сваім калегам за добры мікраклімат у калектыве, добразычлівыя адносіны.

Цяпер у школе ўсё больш маладых педагогаў. У малодшых класах працуюць Вольга Грачышка, Наталля Лукашова, рускую мову выкладае Наталля Сярдзечная. Ва ўсіх дыпломы аб вышэйшай адукацыі, атрыманыя ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Іх малады задор, ініцыятыва, глыбокія тэарэтычныя веды, пераплятаючыся з вопытам сталых калег, сярод якіх і герой майго аповеду, несумненна дадуць добрыя ўсходы на ніве Разумнага, Добрага, Вечнага.

Лідзія ЧАПЯЛОВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *