В Дубровно Деды Морозы и Снегурочки устроили шоу-парад
Вы ўяўляеце сабе, што такое кастынг? Гэта нешта падобнае на паказ, праяўленне сваіх талентаў перад публікай, дэманстрацыя здольнасцей і ведаў на падставе ўсяго гэтага — выбар лепшых. А зараз уявіце сабе такі вось кастынг сярод галоўных герояў навагодніх свят. Адным словам, у нашым горадзе адбыўся самы сапраўдны парад Дзядоў Марозаў, Снягурачак і іх каманд.
Напярэдадні Новага года для дзяцей і іх бацькоў на сцэне раённага Дома культуры адбылася конкурсная шоу-праграма “Вас запрашаюць Дзед Мароз і Снягурачка”. Дарэчы, гэтыя казачныя персанажы былі далёка не ў адзіночным экзэмпляры, а прыехалі са сваімі камандамі на свята з усяго Дубровенскага раёна.
Арганізатарамі канцэртнай праграмы сталі работнікі аддзела культуры Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта і арганізацыйнага метадычнага цэнтра Дубровенскага аддзела культуры.
—Такія мерапрыемствы спрыяюць павышэнню прафесійнага ўзроўню арганізатараў, аўтараў і выканаўцаў. Тут работнікі культуры могуць абмяняцца сваімі арганізацыйна-творчымі вопытам і вынаходкамі, сучаснымі метадамі і прыёмамі. Менавіта падчас такіх канцэртных праграм і выяўляюцца таленавітыя выканаўцы і вядучыя, а маленькія гледачы разам з бацькамі атрымліваюць задавальненне ад прагляду, — адзначыла рэжысёр арганізацыйнага метадычнага цэнтра Вікторыя Кірпо, якая, дарэчы, была адказнай за сцэнарый гэтага мерапрыемства і прымала ў ім непасрэдны ўдзел у ролі адмоўнага персанажа — Дзюдзюкі.
Вядучымі шоу-праграмы сталі Ганна Каткоўская ў ролі Тыгра – сімвала мінулага года – і Таццяна Старавойтава ў ролі Зайчыка — года надышоўшага.
Па ўмовах конкурсу ўдзельнікі прадставілі ўвазе гледачоў тэатралізавана-гульнёвую навагоднюю праграму, у якую абавязкова ўключаліся акрамя Дзеда Мароза і Снягурачкі, Баба Яга, Лясун, Чорт ці іншыя прадстаўнікі нячыстай сілы. Але гэтыя персанажы не проста прысутнічалі ў пастаноўцы, а даказвалі ўсім прысутным сваю сапраўдную сутнасць, напрыклад, вакальным, танцавальным ці нават тэатральным майстэрствамі.
Каманды Дзядоў Марозаў і Снягурачак прынялі ўдзел у шэрагу спаборніцтваў. Спачатку калектывы прадэманстравалі гледачам сваю візітную картку, такім чынам мы пазнаёміліся з кожным персанажам паасобку.
Песенны конкурс “Сейчас спою!” раскрыў не толькі вакальныя, але і артыстычныя даныя кожнага Дзеда Мароза.
Што датычыцца Снягурачак, то яны прадэманстравалі свае танцавальныя таленты ў нумары “Сейчас станцую!”
Усе прысутныя не засталіся без увагі і таксама былі ўключаны ў сцэнарый мерапрыемства. Маленькія гледачы не толькі вадзілі карагоды, адгадвалі загадкі і запальвалі агеньчыкі на ёлцы — яны сталі непасрэднымі ўдзельнікамі конкурсу “Самы лепшы падарунак дзецям на Новы год” і атрымалі ад казачных персанажаў шмат не толькі салодкіх, але і карысных падарункаў. Напрыклад, Зайчык падарыў прысутным смачную моркву, а Дзяды Марозы парадавалі дзяцей цукеркамі, некаторыя нават — запрашэннямі на навагоднюю ёлку.
Апошнім конкурсам і сапраўдным падарункам для прысутных стала тэатралізаванае прадстаўленне “Казка побач” з гульнямі для дзяцей. На заключным этапе каманды прадэманстравалі ўсе свае таленты. Удзельнікі танцавалі, выконвалі песні і прыпеўкі і не забываліся ўключаць у сваю казку маленькіх гледачоў.
Усіх удзельнікаў шоу-праграмы ацэньвала кампетэнтнае журы і, як аказалася, сапраўдныя аматары навагодніх забаў — гэта дырэктар сярэдняй школы № 2 горада Дуброўна Ірына Уладзіміраўна Сакалова, начальнік аддзела культуры Дубровенскага райвыканкама Кацярына Пятроўна Лабука, намеснік дырэктара дзіцячай школы мастацтваў Любоў Уладзіміраўна Шышкевіч, другі сакратар раённага камітэта ОО “БРСМ” Наталля Мікалаеўна Шашкіна і сацыяльны педагог сярэдняй школы № 1 горада Дуброўна Святлана Уладзіміраўна Болахава. Суддзі па заслугах ацанілі кожную каманду, і старшыня журы Ірына Уладзіміраўна Сакалова агучыла вынікі.
Такім чынам, самая арыгінальная праграма аказалася ў Асінторфскага сельскага Дома культуры, а самае навагодняе чарадзейства атрымалася ў калектыву са Станіславоўскага СДК. Самы сапраўдны Дзед Мароз — у Асінторфскім СДК, а Снягурачка — у Калінаўскім, затое самы злосны герой — Баба Яга — трапіў да нас у Дуброўна з Ерамееўшчыны. Прыз ад гледачоў за лепшую каманду атрымаў Калінаўскі СДК.
Але на гэтым свята не закончылася — пасля размеркавання прызоў усе ўдзельнікі і гледачы адправіліся весяліцца і вадзіць карагод у танцавальную залу раённага Дома культуры.
Удзельнікі шоу-праграмы стварылі на сцэне Дома культуры сапраўдную зімовую казку, якая стала добрым падарункам не толькі для маленькіх гледачоў, але і для іх бацькоў, якія не хавалі сваіх усмешак і ўважліва слухалі ўражанні свайго сына або дачкі па дарозе дадому.
Ганна КАЦІКАВА
Опустели ряды Дедов Морозов Дубровенских……пичаль=(
Рейтинг комментария:
+1
0