День Независимости праздновала вся Дубровенщина
Трэцяга ліпеня завітала на Дубровеншчыну вялікім радасным святам. Зранку ў нядзелю дубровенцы сабраліся ля помніка Герою Савецкага Саюза Ганны Нікандравай на ўрачыстым мітынгу з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Са шчырымі віншаваннямі да прысутных звярнуліся старшыня райвыканкама А.І.Лукашоў, начальнік аддзела па справах моладзі Г.У.Крукоўская, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі пасёлка Асінторф Н.П.Міхальчанка. У сваіх прамовах яны яшчэ раз ўспомнілі, якімі нечалавечымі намаганнямі была здабыта Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне і які няпросты шлях прайшла наша рэспубліка да прызнання сваёй незалежнасці.
Немала цёплых слоў было адрасавана і прысутным на свяце ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, бо, менавіта дзякуючы іх мужным сэрцам і самааданнай любові да Радзімы, наша краіна і сёння жыве пад мірным небам.
Яшчэ адным асаблівым момантам урачыстага мітынгу стала ўскладанне кветак да помніка Ганны Нікандравай прадстаўнікамі разнастайных арганізацый, прадпрыемстваў і грамадскіх аб’яднанняў, навучэнцамі ўстаноў адукацыі.
Паралельна, на цэнтральнай гарадской плошчы, прадстаўнікі РК ГА “БРСМ” правялі акцыю “За незалежную Беларусь”. І на грудзях жыхароў Дуброўна затрапяталі чырвона-зялёныя стужкі – як маленькі сімвал нашай краіны.
А ўжо вечарам 3 ліпеня ўсіх паклікаў вялікі святочны канцэрт “За Беларусь!”. І тут трэба падзякаваць ад імя ўсіх гледачоў супрацоўнікам раённага Дома культуры і асабіста Алене Пятроўне Машуковай, наогул, усім прадстаўнікам аддзела культуры райвыканкама і, канешне, нашым таленавітым артыстам за шыкоўны творчы падарунак. На працягу дзвюх гадзін пляцоўка ля дзіцячай школы мастацтваў звінела ад спеваў. Прычым, музыка гучала на любы густ: народная, сучасная, у стылі “рэтра”. Нездарма, гледачы, нават пасля заканчэння канцэрту, засталіся на цэнтральнай плошчы, каб прадоўжыць свята вясёлай дыскатэкай.
Але не толькі Дуброўна зычна і гучна сустракала День Незалежнасці. 3 ліпеня па ўсім нашым раёне прайшлі ўрачыстыя мітынгі з ускладаннем кветак да помнікаў савецкім воінам і святочныя канцэрты ў вясковых дамах культуры.
Дзень Рэспублікі заглянуў у кожны дом нашай краіны і пакінуў пасля сябе радасны настрой і самыя добрыя ўспаміны. Няхай яны спрыяюць вам на працягу ўсяго года!
Марына КАЗЛОВІЧ