История Федора Кулакова: «Есть у революции начало, Нет у революции конца…»
Частка 2: На ўстойлівай, роўнай апоры
У 1970-1980-х гадах яшчэ нішто і блізка не прадвяшчала шырокім масам, простаму народу аб хуткім ужо развале Савецкага Саюза. Затухала “халодная вайна”, хаця ў высокім сталічным друку зрэдку гаварылася, што “происки империализма” накіраваны менавіта на гэта — на развал другой у свеце звышдзяржавы, але не адкрытымі ваеннымі дзеяннямі. Ды так яно і было на самой справе, але дзесьці вельмі далёка і высока наверсе.
Хаця я добра памятаю супрацьстаянне СССР і ЗША, крызіс у Карыбскім моры ў 1961 годзе. Тады ў сваім райцэнтры Калінкавічы я вучыўся ў школе рабочай моладзі, працаваў на заводзе дахавых (кровельных) матэрыялаў. У завадскім двары на слупе быў устаноўлены рэпрадуктар, з яго гучалі трывожныя радыёперадачы аб тых падзеях, я стараўся іх слухаць.
Цяпер жа заканчваўся 1977 год. У краіне шырокамаштабна адзначалася 60-годдзе Вялікага Кастрычніка. Гэтаму прысвячаўся цэлы святочны нумар “ДП” за 7 лістапада. З артыкулам “Па шляху славы і гонару” выступаў першы сакратар раённага камітэта КПБ Васіль Касмін. Гаварылася пра поспехі і дасягненні раёна наогул і ў юбілейным годзе — асабліва.
Называліся імёны Герояў Сацыялістычнай Працы: Тамары Дзенісенка (саўгас “Арловічы”), Ефрасінні Маршалавай (калгас імя ХХ з’езда КПСС), Кацярыны Рубіцель (калгас “Прагрэс”), Міхаіла Капцерава (саўгас імя Чарняхоўскага), даяркі калгаса “Праўда” Валянціны Кароткінай, брыгадзіра калгаса “Прагрэс” Надзеі Вакунавай. Гэта сапраўды былі людзі, вартыя высокіх пахвал.
Было ў тым нумары выступленне дубровенца, удзельніка падзей 1917 года Нестара Жукава “Ёсць у рэвалюцыі пачатак”. Загаловак узяты з папулярнай тады песні, у якой былі такія радкі:
…Есть у революции начало,
Нет у революции конца.
Тады ў гэта яшчэ верылася, хаця ўжо і “кануло в Лету” цвёрдае запэўніванне Мікіты Хрушчова, што «нынешнее поколение советских людей будет жить при коммунизме».
Камунізм да таго часу (як і да гэтага) не пабудавалі, але сацыяльны лад трымаўся на ўстойлівай, роўнай апоры, поспехі сапраўды былі, наша Беларусь упэўнена займала месца ў ліку вядучых рэспублік Краіны Саветаў.
У Дубровенскім раёне, як было сказана, будаваліся самыя сучасныя на той момант жывёлагадоўчыя комплексы, у цэнтрах гаспадарак (Дзяцелі, Будзе, Засценках і інш.) — двух- і трохпавярховыя жылыя дамы з усімі зручнасцямі для вяскоўцаў, была ідэя па ўмовах працы і быту зраўняць вёску з горадам.
Райцэнтр таксама будаваўся. Шырыўся пасёлак на левабярэжжы Дняпра, закладваўся мікрараён Бярозкі…
Людзі былі ўпэўнены ў заўтрашнім дні, працавалі з добрым настроем.
12 лістапада 1977 года ў раённай газеце з’явілася інфармацыя “Ёсць 4000 кілаграмаў малака ад каровы”. Яшчэ не закончыўся год, а ўжо такога поспеху дабілася даярка саўгаса імя Ю.Смірнова Надзея Запрагаева. Яна тут жа паабяцала, што ў наступным годзе даб’ецца паказчыка ў 4200 кілаграмаў малака ад каровы. А ўжо ў трэцім нумары “ДП” за 1978 год былі апублікаваны сацыялістычныя абавязкі саўгаса імя Ю.Смірнова, дзе рубеж надояў у 4000 кілаграмаў вызначаўся для ўсёй гаспадаркі.
7 студзеня 1978 года (“ДП” № 4) такі ж абавязак прагучаў на ўвесь раён ад калектыву малочнатаварнай фермы вёскі Бель саўгаса “Арловічы”. Трэба адзначыць, што і па сённяшніх мерках такі вынік нядрэнны, а гэта ж было 33 гады таму назад. Да слова трэба сказаць, што калі “Арловічы” тады былі племсаўгасам па авечкагадоўлі, то ў саўгасе імя Ю.Смірнова вельмі сур’ёзная ўвага надавалася племянной рабоце з дойным статкам. Сацыялістычныя абавязкі прымалі ўсе працоўныя калектывы: будаўнікі, меліяратары, дарожнікі… На гэтым грунтавалася паўсюдна распаўсюджанае сацыялістычнае спаборніцтва, агітацыя за дасягненне большых вынікаў, і як вынік — добрая аплата працы, прэміі, заахвочванні, узнагароды.
На ўзнагароды тады не скупіліся, што ў адносінах простых людзей было правільна. Не магу сцвярджаць, калі дакладна, але для сумленных працаўнікоў, якія ішлі на заслужаны адпачынак, быў устаноўлены медаль “Ветэран працы”, які ўручаўся выканаўчым камітэтам абласнога Савета дэпутатаў ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Спісы дубровенцаў — ветэранаў, узнагароджаных гэтым медалём, былі змешчаны ў 1978 годзе у “ДП” у некалькіх нумарах. Такой узнагародай, хто яе атрымаў, можна было ганарыцца, цяпер яе няма. Толькі ў пенсійным пасведчанні ставіцца пячатка органа сацыяльнай абароны і робіцца запіс “Ветэран працы”.
А ў працяг сказанаму “на ўзнагароды тады не скупіліся”, трэба зазначыць, што ў лютым таго ж года Генеральны сакратар ЦК КПСС Л.І.Брэжнеў быў узнагароджаны ордэнам “Перамога” — узнагародай невялікай колькасці вышэйшых военачальнікаў, палкаводцаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Двума гадамі раней Л.І.Брэжневу было прысвоена званне Маршала Савецкага Саюза, хаця ў гады вайны ён не ўзнімаўся вышэй начальніка палітупраўлення арміі, фронта. Затое Героем Савецкага Саюза станавіўся ў мірныя 1966, 1976, 1978, 1981 гады. Так было, пра што пры жыцці генсека хадзіла нямала анекдотаў. Але нас ужо чакаюць іншыя тэмы.
Шаноўныя сябры!
Працяг багатых успамінаў Фёдара Сяргеевіча будзе зусім хутка.
А пакуль гісторыю газеты “Дняпроўская праўда” вы можаце прачытаць на нашым сайце (глядзім наверх ) на старонцы “О газете” альбо ў яе раздзеле “История «Днепровки»”. Ці ізноў вам патрэбна прайсці па наступных спасылках…
Поспехаў, даражэнькія!