Очистные сооружения Дубровенщины обновляются с помощью Международного банка развития и реконструкции и литовского предприятия «Грундалита»
У кастрычніку мінулага года пачалася рэканструкцыя гарадскіх ачышчальных збудаванняў на праваўзбярэжжы ракі Днепр (побач з ільнозаводам). Генеральны падрадчык будоўлі — ЗАТ “Грундаліта” Літоўскай рэспублікі, а заказчык — УП ЖКГ “Дуброўна-Камунальнік”. Работы вядуцца за кошт крэдытаў Сусветнага банка развіцця і рэканструкцыі.
Рэканструкцыя гэтага аб’екта мае выключна важнае значэнне для нашага горада. Справа ў тым, што існуючыя ачышчальныя збудаванні за больш як чвэрць стагоддзя іх эксплуатацыі маральна і тэхнічна ўстарэлі і ўяўляюць рэальную пагрозу ў экалагічным плане.
У канцы кастрычніка і ў пачатку лістапада гэтага года мне двойчы давялося пабываць на гэтым экалагічна важным аб’екце. На гэты час тут ўжо выкананы вялікі аб’ём работ.
Перш за ўсё я звярнуў увагу на прыгожы новы будынак пры ўездзе на тэрыторыю ачышчальных збудаванняў. Гэта вытворчы корпус збудаванняў, дзе з цягам часу будзе абсталяваны пакой для аператараў і зманціравана неабходнае тэхналагічнае абсталяванне.
Побач з гэтым будынкам я сустрэў прадстаўніка ЗАТ “Грундаліта” Ромаса Ауштравічуса, які кіруе ўсімі відамі работ па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў. Ён расказаў, што ў рэканструкцыі прымае ўдзел каля дзесятка субпадрадных арганізацый з Мінска, Віцебска, Оршы і Дуброўна. Работнікі ПМК-53, напрыклад, пабудавалі будынак рашотак, куды паступаюць каналізацыйныя сцёкі, а зараз выконваюць работы па збудаванню бетаніраванай агароджы ілавых пляцовак. ДРБУ-108 праводзіць работы па рэканструкцыі палёў фільтрацыі.
Задача генпадрадчыка — мантаж каналізацыйных трубаправодаў, мантаж і наладка тэхналагічнага абсталявання.
Па словах прадстаўніка ЗАТ “Грундаліта” Ромаса Ауштравічуса работы па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў плануецца завяршыць у чэрвені будучага года. Пасля завяршэння рэканструкцыі ачышчальныя збудаванні горада Дуброўна будуць адпавядаць сучасным экалагічным нормам.
Каналізацыйныя сцёкі, паступаючыя з аб’ектаў горада ў ачышчальныя збудаванні, будуць падвяргацца поўнаму цыклу ачысткі: спачатку механічнай, а потым біялагічнай, падчас якіх вада цалкам ачысціцца ад шкодных рэчываў і пасля праходжання палёў фільтрацыі, будзе скідвацца ў раку Днепр, не ўтвараючы пры гэтым ніякай экалагічнай пагрозы.
Андрэй КВІР