Три лауреата звания «Человек года Витебщины» успешно трудятся на Дубровенщине

Дубровно, Витебская область, Человек года Витебщины, лауреат, звание, мужчина, женщина, награда, герб

Ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны”

Ніхто з вас, сябры, не стане мне пярэчыць у тым, што як ты не старайся, усё ж немагчыма вызначыць аднаго ці двух самых добрасумленных і працавітых людзей ў вобласці або раёне па выніках іх работы за год, паколькі не існуе і, напэўна, ніколі не будуць вызначаны агульныя крытэрыі ў ацэнцы работы, скажам, кіраўніка прамысловага калектыву і ўрача, культработніка і міліцыянера, рабочага-камунальніка і спартыўнага трэнера. Сёння тысячы людзей добрасумленна працуюць у розых галінах вытворчасці, навукі, культуры, уносяць максімальны ўклад у росквіт сваёй малой радзімы, а, значыць, і роднай краіны. І ўсё ж выйсце з таго, як вызначыць і адзначыць самых дастойных і працавітых людзей вобласці, было знойдзена.

Тры гады назад Віцебскі абласны выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб ушанаванні лепшых працаўнікоў Прыдзвіння ў розных намінацыях.

За гэты час ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” былі ўдастоены сотні людзей прыдзвінскага краю. Сярод іх былі і прадстаўнікі нашага раёна. “Чалавекам года Віцебшчыны” ў 2008 годзе ў намінацыі “Закон і парадак” быў названы следчы маёр міліцыі Дубровенскага раённага аддзела ўнутраных спраў Андрэй Міхайлавіч Селязнёў, у 2009 — у намінацыі “Прамысловасць” гэтага ганаровага звання быў удастоены дырэктар ААТ “Дубровенскі льнозавод” Анатоль Дзмітрыевіч Басянкоў.

Сёлета спіс уладальнікаў ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” 2010 года налічваў 100 чалавек. Гэтыя людзі былі названы ў 19 намінацыях. Сярод лаўрэатаў ганаровага звання былі настаўнікі і медыцынскія работнікі, прадстаўнікі сельскай гаспадаркі і прамысловасці, культуры і мастацтва, сферы паслуг малога і сярэдняга бізнесу, сродкаў масавай інфармацыі і паліграфічнай дзейнасці, праваахоўных органаў, а таксама тыя, чыя дзейнасць звязана з абаронай Айчыны, прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, грамадскія актывісты, работнікі транспарту, архітэктуры, будаўніцтва, дарожнай гаспадаркі, энергетычнай галіны, камунікацый, на каго ўскладзены абавязкі сацыяльнай абароны насельніцтва, адным словам, усе тыя, хто сваёй працай унёс неацэнны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці.

Нашы героі

Сярод тых, хто стаў лаўрэатам ганаровага звання, былі тры прадстаўнікі з нашага раёна: Сяргей Міхайлавіч Дранеўскі — дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Праўда-С”, Таццяна Пятроўна Каралёва — галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства “Дубровенскі льнозавод” і Міхаіл Віктаравіч Шлег — кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай песні і музыкі “Крыніца”.

—Факт, што сёлета па выніках работы з аднаго раёна вызначаны аж тры лаўрэаты ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”, гаворыць сам за сябе, — з гордасцю адзначае старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Іванавіч Лукашоў. — І ў першую чаргу гэта сведчыць аб тым, што на Дубровеншчне ўмеюць працаваць, і як вынік — дабіваюцца такіх паказчыкаў, з якімі не сорамна паказацца на людзях і якіх нельга не заўважыць у абласным выканаўчым камітэце. А па працы — і пашана. Асабіста я лічу, што і Сяргей Дранеўскі, і Таццяна Каралёва, і Міхаіл Шлег заслужылі гэтага ганаровага звання, — падкрэслівае Анатоль Іванавічі і прадаўжае: — Не адзін год бачу як кіруе гаспадаркай Дранеўскі. Сяргей Міхайлавіч удумлівы, талковы кіраўнік, які здольны прааналізаваць любую эканамічную сітуацыю, вывучыць і прымяніць на практыцы новую тэхналогію, да таго ж ён патрабавальны і да самога сябе і да іншых.

Слова пра Сяргея Міхайлавіча Дранеўскага

Сапраўды, у «Праўдзе» штогод добра родзяць збожжавыя культуры, высокая аддача грамадскай жывёлагадоўлі. Так, валавы збор зерня ў 2010 годзе ў гаспадарцы, якой кіруе Сяргей Міхайлавіч, склаў 3889 тон, а сярэдняя ўраджайнасць — 38,9 цэнтнера з гектара, валавы збор рапсу — 146 тон пры ўраджайнасці 14,6 цэнтнера.

Умее наладзіць дырэктар Сяргей Дранеўскі і работу ў жывёлагалоўлі. З кожным годам павялічваюца надоі і прывагі на фермах. Паспяхова наладжаны працэс вырошчвання жывёлы і адпраўка яе на мясакамбінат — туды жывёла з ”Праўды” паступае, маючы толькі высокія кандыцыі. А калі ёсць прадукцыя, то растуць і даходы вяскоўцаў. Рост заработнай платы ў “Праўдзе” да ўзроўню 2009 года склаў 143 працэнты, а сярэднемесячная зарплата за год — 961 тысяча рублёў на кожнага са 132 працуючых.

Адкрытае акцынернае таварыства “Праўда–С”, якім кіруе Сяргей Дранеўскі, з’яўляецца пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу ”Землекарыстанне высокай культуры земляробства і эфектыўнага выкарыстання зямель“ у 2008 годзе і абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур у 2010 годзе.

Слова пра Таццяну Пятроўну Каралёву

Імя Таццяны Пятроўны Каралёвай, галоўнага агранома адкрытага акцыянернага таварыства “Дубровенскі льнозавод” можна смела паставіць у адзін радок з імёнамі вядомых ільнаводак дубровенскага краю, Герояў Сацыялістычнай Працы Кацярыны Рубіцель, Ефрасінні Маршалавай, ардэнаносцаў Марыі Шыбека і Вольгі Трусавай, якія вырошчвалі выдатны лён ва ўмовах таго часу, у якім жылі. Таццяна Каралёва — галоўны тэхнолаг па вырошчванню лёну ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу, які дыктуе ўкараненне новых тэхналогій і метадаў вырошчвання паўночнага шоўку. Працуе Таццяна Пятроўна ў ААТ “Дубровенскі льнозавод” на працягу 20 гадоў. Ільноперапрацоўчае прадпрыемства, пачынаючы з 1998 года, уласнымі сіламі вырошчвае лён на землях, якія арандуюцца ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна. З году ў год павялічваюцца плошчы пад лён, у мінулым годзе яны складалі ўжо 1800 гектараў і ўсе знаходзіліся ў полі зроку галоўнага агранома Таццяны Каралёвай, якая разам з дырэктарам прадпрыемства Анатолем Дзмітрыевічам Басянковым робіць усё магчымае і нават немагчымае для ўкаранення перадавых тэхналогій і атрымання высокіх вынікаў у льнаводчай галіне.

Будзе мэтазгодным назваць некалькі лічбаў, якія сведчаць аб рабоце галоўнага агранома льнозавода Таццяны Каралёвай. Дзякуючы ўкараненню новых тэхналогій на вырошчванні лёну, за апошнюю пяцігодку больш чым у 1,7 раза вырас валавы збор трасты, у 1,8 раза — ільнавалакна. Зараз прадпрыемства больш чым на 80 працэнтаў забяспечвае сябе сыравінай. У 2010 годзе валавы збор льнотрасты дасягнуў 6 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 32 цэнтнеры з гектара (у 2006 годзе — 25 цэнтнераў).

На фоне вобласці вынікі работы галоўнага тэхнолага Дубровенскага раёна па вырошчванню лёну Таццяны Каралёвай яшчэ больш відавочныя — каля 14 працэнтаў валавога збору льновалакна ў вобласці займае прадукцыя ААТ “Дубровенскі льнозавод”.

—Ураджайнасць дубровенскага льновалакна амаль у два разы вышэйшая за сярэднеабласны паказчык, — канстатуе старшыня райвыканкама Анатоль Іванавіч Лукашоў. — 2010 год быў аб’яўлены Годам якасці. Знамянальна, што іменна сёлета нам удалося яшчэ больш палепшыць якасць нарыхтоўваемай сыравіны: сярэдні нумар трасты склаў 1,2, што на 0,11 пункта вышэй, чым у папярэднім годзе.

Таццяна Пятроўна Каралёва, як галоўны тэхнолаг-аграном, вялікую ўвагу ўдзяляе падбору земляў пад лён, пільна сочыць за ўкараненнем і аддачай новых айчынных і імпартных гатункаў, паспяхова кіруе работай механізаванага атрада па вырошчванню лёну, дзеліцца сваім вопытам з аграномамі раёна і вобласці. За ўклад у развіццё льнаводчай галіны ўзнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Слова пра Міхаіла Віктаравіча Шлега

—Жыццё і працоўная дзейнасць яшчэ аднаго нашага лаўрэата ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” — Міхаіла Віктаравіча Шлега цесна звязана з музычнай творчасцю. Вось што гаворыць намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта па сацыяльных пытаннях і інфармаванню Святлана Валер’еўна Рыжанская:

—Міхаіл Віктаравіч Шлег заслужыў ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” за той вялікі ўклад, які ён уносіць у развіццё і прапаганду нацыянальнай культуры і мастацтва, эстэтычнае і духоўнае выхаванне насельніцтва раёна. На працягу доўгага часу Міхаіл Віктаравіч кіруе ансамблем народнай песні і музыкі “Крыніца”. У 1995 годзе ансамблю было прысвоена званне “Народны”, у ліпені 2010 годзе ён атрымаў ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

У рэпертуары ансамбля больш за 120 песень, арыгінальныя аркестровыя і танцавальныя замалёўкі. Сам Міхаіл Віктаравіч вядомы яшчэ як самадзейны аўтар і кампазітар. Яго песні шырока выкарыстоўваюцца ў рэпертуары салістаў, вакальных калектываў, яны ўвайшлі ў зборнік “Паазер’е. Песні кампазітараў Віцебшчыны”.

Калектыў “Крыніца” неаднаразова прадстаўляў Віцебскую вобласць за межамі нашай краіны: прымаў удзел у мерапрыемтвах, прысвечаных Дню горада Масква, дэманстраваў сваю творчасць у Латвіі і на Украіне, прымаў удзел у традыцыйным кірмашы ваяводства горада Лодзь, тройчы прымаў удзел у кірмашах — фестывалях “Дажынкі”, якія праводзіліся ў гарадах Масты, Полацк, Орша. Дарэчы, было прадугле-джана выступленне заслужанага аматарскага калектыву”Крыніца” разам з Міхаілам Шлегам і на коласаўскай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ў час канцэрта ў гонар лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны”, якое было проста бліскучым, сапраўдным упрыгажэннем канцэртнай праграмы, рэжысёрам якой быў генеральны дырэктар дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры “Віцебск” Радзіён Маісеевіч Бас, таксама лаўрэат ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”.

Можна яшчэ доўга пералічваць заслугі Міхаіла Віктаравіча Шлега ў справе прапаганды нацыянальнай культуры і мастацтва сярод суайчыннікаў нашага раёна. І ніяк нельга ў гэтым кантэксце не сказаць аб тым, што яго партрэт занесены на раённую Дошку Гонару, што гэты чалавек быў ініцыятарам стварэння ў аграгарадку Калінаўка ансамбля “Калінаўскія маладзіцы” і дзіцячага фальклорнага калектыву “Глыбінка”. Зараз гэтыя калектывы носяць званне “Народны “ і “Узорны”.

Апошнім чарговым поспехам “Крыніцы” пад кіраўніцтвам Міхаіла Шлега былі ўдзел і перамога ў выніковым канцэрце абласнога тура рэспубліканскага свята-конкурса вакальна-харавых калектываў, які прысвячаўся 100-годдзю Г.І.Цітовіча і праходзіў у Віцебску. Калектыў прыняў удзел ў заключным гала-канцэрце, які адбыўся ў Мінску, і атрымаў дыплом ІІІ ступені, быў адзначаны каштоўным падарункам.

Цырымонія ўшанавання лепшых людзей Віцебшчыны

Дубровно, Витебская область, Человек года Витебщины, Драневский, Королёва, победа, награда, торжество, праздник, грамота

Такіх вось людзей услаўлялі на абласным свяце “Чалавек года Віцебшчыны”, якое нядаўна адбылося ў Віцебску.

Цырымонія ўшанавання лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны” праходзіла ў абласным Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я.Коласа. У фае, дзе праходзілі сустрэча і рэгістрацыя лаўрэатаў і ўсіх гасцей мерапрыемства, увесь час іграў духавы аркестр, што надавала мерапрыемству яшчэ большую ўрачыстаць і велічнасць. Для людзей года Віцебшчыны ў зале былі адведзены самыя лепшыя месцы.

Урачыстасць адкрыў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалаевіч Косінец. У сваім кароткім выступленні ён адзначыў, што мінулы 2010 год быў азнаменаваны вялікімі падзеямі, якія ўвайшлі ў гістрыю нашай краіны. Гэта быў год 65-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Год якасці, год правядзення чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

—2010 год для нашай вобласці знамянальны яшчэ і тым, што сёлета была забяспечана ўстойлівая дынаміка сацыяльна-эканамічнага развіцця прыдзвінскага краю, — гаварыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец.

Губернатар агучыў наступныя лічбы: у 2010 годзе рост аб’ёмаў прадукцыі па вобласці склаў больш за 160 працэнтаў. Забяспечана харчовая бяспека, пабудавана 618 тысяч квадратным метраў жылля. І ўсё гэта дасягнута дзякуючы людзям, многія з якіх сталі лаўрэатамі ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”.

—Вы лепшыя з лепшых, — гаварыў Аляксандр Мікалаевіч. — Перадавікі — гэта маякі, на якіх раўняюцца. Яны сваімі працай, самаадданасцю праслаўляюць нашу родную Віцебшчыну. прывядуць яе яшчэ да большага росквіту. Слава і гонар людзям працы!

Кожнаму ўладальніку ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” губернатар вобласці ўручыў нагрудны знак, дыплом і грашовую прэмію ў размеры 10 мільёнаў рублёў.

Падводзячы вынікі ўрачыстай цырымоніі ўшанавання людзей года Віцебшчыны, Аляксандр Мікалаевіч Косінец паведаміў, што ў перспектыве плануецца ўстанавіць яшчэ больш высокія ўзнагароды для лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”. У будучым лаўрэатам, магчыма, будуць уручацца легкавыя аўтамабілі беларуска-іранскай вытворчасці “Саманд”. Хаця і работа, і заслугі кожнага прэтэндэнта будуць ацэньвацца па самых высокіх мерках. Так што ў кожнага з вас, сябры, ёсць магчымасць добрасумленна працаваць і прэтэндаваць на такую высокую ацэнку сваёй працоўнай дзейнасці.

Работы ва ўсіх нас многа. Стратэгія развіцця вобласці выкладзена ў 25 распрацаваных абласных праграмах. Акцэнт зроблен на інавацыі, інвестыцыі, ініцыятыву. Так што поле дзейнасці шырокае. Па працы будзе і пашана!

Лідзія ЧАПЯЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *