Дубровенские спортсмены открыли весенний сезон побед

Дубровно, спорт, март, лёгкая атлетика, бег, девочки, дзюдо, самбо, спортивная школа, соревнования, награды

Вясна завітала ў нашу спартыўную дзіцячую і юнацкую школу алімпійскага рэзерву з мноствам прыемных падарункаў. У сакавіку нашы юныя спартсмены прывезлі на Дубровеншчыну з самых прэстыжных спаборніцтваў нямала дыпломаў і медалёў.

ДЗЮДО І САМБА

Яшчэ ў лютым падрыхтаваліся да адметных вясенніх стартаў выхаванцы аддзялення барацьбы дзюдо і самба. Вопытныя парады трэнераў Генадзя Уладзіміравіча і Вольгі Уладзіміраўны Кусковых дапамаглі юным спартсменам паспяхова выступіць на першынстве Віцебскай вобласці ў праграме адкрытага першынства г.Орша па самба. За два дні спаборніцтваў – 24 і 25 лютага – дубровенцы заваявалі 12 прызавых месцаў. Золата нашай камандзе прынёс Уладзіслаў Шваб. Срэбра першынства дасталося Кірылу Калько, Сяргею Папову і Раману Квакіну. Нямала і бронзавых медалёў апусцілася ў нашу спартыўную скарбонку. Іх заваявалі Арцём Мкртчан, Кірыл Сотчанка, Аляксандр Лахмыткін, Ілья Стрыжко, Аляксандр Скварко, Дзмітрый Храпавіцкі, Аляксандр Чарнаморцаў, Максім Цітоў.

Такія выдатныя поспехі далі нашым юным спартсменам магчымасць адчуваць сябе ўпэўнена і на спаборніцтвах больш высокога рангу.

У выніку на спартакіядзе Рэспублікі Беларусь па самба сярод ДЮСШ, якая прайшла з 11 па 12 сакавіка ў горадзе Баранавічы, дубровенцы праявілі сябе найлепшым чынам. Ва ўзроставай катэгорыі 1994-1995 гадоў нараджэння першае месца для нашай каманды ізноў заваяваў Уладзіслаў Шваб. Бронза спаборніцтваў дасталася Арцёму Мкртчану і Кірылу Калько.

ЛЁГКАЯ АТЛЕТЫКА

Не згубілі вясенняга спартыўнага азарту і нашы юныя лёгкаатлеты. З 11 па 12 сакавіка яны таксама ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх стартах – у адкрытым першынстве сярод ДЮСШ, якое прайшло ў горадзе Маладзечна. Там нашы таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі таксама падняліся на самыя верхнія прыступкі п’едэстала. Насця Марозава стала першай на дыстанцыі 1500 метраў і другой – у бегу на 800 метраў. Ліза Груца заваявала золата на дыстанцыі 400 метраў і бронзу – на дарожцы ў 800 метраў. Дарэчы, паддалася непакорлівая 800-мятровая дыстанцыя толькі Лізе Лёўкінай. На ёй дзяўчынка стала бясспрэчным лідэрам. Свае ж 1500 метраў Ліза прабегла таксама добра, але на фінішы была другой. Срэбра спаборніцтваў на дыстанцыі 60 метраў заваявала і Віка Алфёрава. А яшчэ адзін наш лёгкаатлет Антон Фралкоў стаў трэцім ў бегу на 200 метраў.

Але не паспелі нашы юныя бегуны разам са сваімі трэнерамі Юрыем Уладзіміравічам і Вольгай Міронаўнай Максак адпачыць, як іх ужо чакала новае спартыўнае выпрабаванне – матчавая сустрэча мацнейшых каманд ДЮСШ з Каўнаса, Даўгаўпілса, Невеля, Пскова, Смаленска, Ноўгарада і шматлікіх беларускіх гарадоў. Прайшлі знакавыя спаборніцтвы з 19 па 20 сакавіка ў Віцебску. І там аднымі з лепшых сталі нашы дзяўчынкі. Ліза Лёўкіна зноў была прызнана лепшай на дыстанцыі 800 метраў, а 1500 метраў прабегла трэцяй. Насця Марозава заваявала срэбра на дыстанцыі 3000 метраў і чацвёртае месца – у бегу на 1500 метраў. Добрыя вынікі прадэманстравалі Антон Фралкоў, Ліза Груца, Артур Крывашонак, Яўген Шатраўка, Аляксей Іасіпенка.

Сезон перамог нашых юных спартсменаў і іх трэнераў толькі пачынаецца. Наперадзе іх чакае насычанае і цікавае вясенняе жыццё. І мы жадаем ім на гэтым шляху толькі ўдалых стартаў і справядлівых суддзяў!

Марына КАЗЛОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *