Кто отвечает за генеральную весеннюю уборку на Дубровенщине?

Дубровно, генеральная уборка, весна, райиполком, предприятие, планы, поле, город, сессия

Некалькі слоў пра ўсё

Адбылася нарада са службамі, якую вёў старышня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Іванавіч Лукашоў. У цэнтры ўвагі прысутных былі пытанні, звязаныя з наступленнем вясны і падрыхтоўкай да веснавых палявых работ. На нарадзе адзначалася, што за вакном плюсавая тэмпература, назіраецца актыўнае раставанне снегу, павялічваецца ўзровень вады ў рэках і вадаёмах, пагаршаецца стан дарог і пад’ездаў да складзіравання кармоў і фермаў, дзе ўтрымліваецца грамадская жывёла.

Кіраўнікам адпаведных службаў дадзены пэўныя даручэнні: напярэдадні веснавых палявых работ нялішне яшчэ раз уважліва прадумаць ход іх правядзення, пытанне забяспечанасці кадрамі, канчаткова вырашыць пытанні арганізацыі харчавання механізатараў на сяўбе, правядзення медыцынскага агляду пэўных катэгорый работнікаў, чыя праца будзе звязана са шкоднымі для здароўя ўмовамі.

Ужо зараз сельскагаспадарчыя прадпрыемствы набываюць спецвопратку для механізатараў. Дадзена рэкамендацыя афармляць заказы на пашыў спецвопраткі ў Дубровенскім камбінаце бытавога абслугоўвання. Рабіць заказы ў іншых спецыялізаваных прадпрыемствах будзе больш дорага, не гаворачы ўжо пра тое, што выкананне заказу можа зацягнуцца на больш працяглы тэрмін. Ды і для раённага прадпрыемства бытавога абслугоўвання грошы, атрыманыя за выкананне заказу, будуць дарэчы.
Сыходзячы з вуліц і палёў, двароў, прылеглых тэрыторый снег адкрывае не вельмі прывабны іх выгляд. Дадзена даручэнне камунальнай службе, каб ужо цяпер прыступала да навядзення парадку на гарадскіх вуліцах. Работы ў камунальнікаў як заўсёды многа: абрэзка дрэў, уборка абледзянелых сумётаў на ўзбочынах дарог. Ва ўборцы снегу дарэчы будзе дапамога арганізацый і ўстаноў, саміх уладальнікаў падвор’яў. Нічога дрэннага не будзе ў тым, калі гаспадар падвор’я возьме ў рукі рыдлёўку або ломік і разаб’е снежны панцыр, ледзяную глыбу на сваім падвор’і і такім чынам паскорыць працэс раставання снегу.

Вясна на дарогах

Асабліва шмат даручэнняў атрымаў кіраўнік дарожнай службы У.Чантарыцкі. Яму даручана арганізаваць навядзенне парадку на аўтобусных прыпынках і дарогах раённага прызначэння. Уладзімір Чантарыцкі паведаміў, што днямі будуць пастаўлены шлагбаумы на дарогах рэспубліканскага значэння, па якіх рухаецца цяжкая колавая тэхніка і разбівае іх. У сваю чаргу старшыні Засценкаўскага і Валяўкоўскага сельвыканкамаў Анатоль Додрыкаў і Аляксандр Парахневіч звярнуліся з просьбай абмежаваць вываз драўніны з лясных масіваў Гічы, Бель і Арловічы, паколькі вялікагрузная тэхніка разбівае ўнутрыгаспадарчыя дарогі. Старшыня Асінторфскага сельсавета Сяргей Шаранда ставіў пытанне аб увядзенні ў эксплуатацыю аб’язной дарогі ў Асінторфе, паколькі цэнтральная ў час веснавога разводдзя разбураецца сельскагаспадарчай тэхнікай.

Звернута ўвага начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Алега Сказецкага на тое, што ў начны час па гораду рухаюцца шматтонныя фуры, якія сваімі шматлікімі коламі разбіваюць асфальтавае пакрыццё гарадскіх вуліц. Супрацоўнікам дзяржаўтаінспекцыі трэба ўзмацніць кантроль за рухам шматтоннага транспарту па спецыяльна прызначаных для гэтых мэтаў дарогах.

Вясна на палях

На нарадзе была звернута ўвага адпаведных службаў на выкананне праграмы “Чыстыя палі”. З наступленнем вясны работы ў гэтым накірунку павінны актывізавацца.

Вясна ў дамах

Старшыня райвыканкама А.І.Лукашоў паставіў шэраг задач перад кіраўніцтвам УП ЖКГ “Дуброўна-Камунальнік”. Ён сказаў, што нягледзячы на плюсавы тэмпературны рэжым на вуліцы, цяпло ў кватэры дамоў павінна падавацца да дня афіцыйнага заканчэння ацяпляльнага сезона. Анатоль Іванавіч засяродзіў таксама ўвагу кіраўніка камунальнай службы на забеспячэнні бяспекі пражывання людзей у камунальных кватэрах і агучыў не прыемны факт: у мінулыя выхадныя на вуліцы Віцебская загарэўся жылы дом, у агні загінуў яго гаспадар. Прычыну гібелі чалавека ўстановіць следства. Аднак ужо вядома, што ў гэтай кватэры напярэдадні зімы былі выкананы рамонтныя работы ацяпляльнай печы. Да трагедыі хутчэй за ўсё прывяла бяспечнасць самога гаспадара…

Вясна на вёсцы

На асобым кантролі павінны знаходзіцца пад’езды да жывёлагадоўчых ферм і месцаў складзіравання кармоў. У сувязі з наступаючым веснавым разводдзем неабходна стварыць пэўны запас кармоў на фермах на той выпадак, калі да месцаў складзіравання іх складана будзе пад’ехаць. Грамадская жывёла не павінна з-за бездаражы заставацца някормленай.

Вясна ў райпа

Перад кіраўніцтвам райпа была пастаўлена задача ўзмацніць кантроль за водпускам у сельскай мясцовасці тавараў па спісках у лік будучай зарплаты. Вядомы факты, што ў доўг сельскія прадаўцы адпускаюць не прадукты харчавання, а алкагольную прадукцыю.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Віктараўна Ціханава звярнула ўвагу кіраўніцтва райпа таксама на пытанні добраўпарадкавання тэрыторый, на якіх размешчаны сельскія гандлёвыя кропкі, і месц, дзе вядуць рэалізацыю харчовай прадукцыі аўталаўкі. За кожным сельскім Саветам будзе замацавана арганізацыя або прадпрыемства, якія дапамогуць у арганізацыі і правядзенні работ па добра-ўпарадкаванню населеных пунктаў.

Вясна ўсюды!

Шэраг заданняў атрымалі кіраўнікі раённага паштовага і раённага вузла сувязі, райпаліўзбыту, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, установы здароўя “Дубровенская ЦРБ”. Намаганні ўсіх гэтых службаў павінны быць скіраваны на тое, каб у час веснавога разводдзя надзейна працавала сувязь, у дамах вяскоўцаў было цёпла, была станоўчай эпідэмічная сітуацыя, а людзі менш хварэлі.

Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама А.А.Шатраўка, з 15 сакавіка ў раёне будзе праводзіцца франтальная праверка па пытаннях грамадзянскай абароны, а з 23 сакавіка пачнуцца вучэнні па грамадзянскай абароне. Прамысловыя прадпрыемствы павінны быць падрыхтаваны да іх, а раённае спажывецкае таварыства — забяспечыць харчаванне ўдзельнікаў вучэнняў.

Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта М.М.Рандарэвіч нагадаў, што заканчваецца першы квартал 2011 года. Кіраўнікам усіх службаў, арганізацый і ўстаноў трэба тэрмінова прааналізаваць ход выканання асноўных прагнозных паказчыкаў і пры неабходнасці прыняць меры для таго, каб паправіць сітуацыю, пакуль яшчэ час для гэтага ёсць.

У такім вось шырокім фармаце прайшла нарада са службамі. Задачы пастаўлены. Трэба іх выконваць.

Лідзія ЧАПЯЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *