Юные лёгкоатлеты Дубровенской спортивной детской и юношеской школы олимпийского резерва вошли в десятку сильнейших команд республики

Дубровно, бег, лёгкая атлетика, Спадоба, СДЮШОР, республиканская спартакиада, победа

Нядаўна таленавітыя выхаванцы спартыўнай дзіцячай і юнацкай школы алімпійскага рэзерву вярнуліся з рэспубліканскіх спартакіяд па лёгкай атлетыцы. Адтуль яны прывезлі на сваю маленькую радзіму адразу некалькі дыпломаў і адметных узнагарод.

Штогод самыя лепшыя юныя лёгкаатлеты нашай краіны збіраюцца на прэстыжныя рэспубліканскія спартакіяды сярод выхаванцаў ДЮСШ і СДЮШАР. Сёлета ганаровае права прадстаўляць на спаборніцтвах Віцебскую вобласць атрымалі спартсмены нашай СДЮШАР.

Першымі адправіліся пакараць рэспубліканскі спартыўны алімп юныя дубровенцы 1994-1995 гадоў нараджэння. Вікторыя Капелька, Наталля Спадоба, Марыя Савіцкая, Яўген Шапавалаў, Павел Гаранькоў, Аляксандр Красоўскі, Аляксандр Папоў. Між іншым, дарога да перамогі ў спартсменаў была доўгай у прамым сэнсе. Спартакіяда праходзіла аж у Брэсце. Але нашы юныя алімпійскія зорачкі з годнасцю вытрымалі ўсе выпрабаванні.

У выніку Павел Гаранькоў заваяваў 2 месца (скачкі ў вышыню), Аляксандр Папоў на дыстанцыі 1500 метраў — трэцяе, Аляксандр Красоўскі на дыстанцыі 400 метраў — таксама трэцяе, а Наталля Спадоба на дыстанцыі 3000 метраў — чацвёртае. Трэба адзначыць, што ў спаборніцтвах прыняла ўдзел 21 каманда. А гэта — дзесяткі мацнейшых спартсменаў з усёй рэспублікі. Таму наша восьмае агульнакаманднае месца — значнае дасягненне на такіх аўтарытэтных лёгкаатлетычных стартах.

Дубровно, бег, лёгкая атлетика, Гомелев, СДЮШОР, республиканская спартакиада, победа

Не менш паспяховыя вынікі прадэманстравалі выхаванцы Дубровенскай СДЮШАР 1996-1997 гадоў нараджэння. Праўда, ім за ўзнагародамі прыйшлося адправіцца ў Гомель. Дарэчы, там у спаборніцтвах таксама ўдзельнічала 21 каманда з усёй краіны. Але і тут нашы спартсмены змаглі трапіць у дзесятку мацнейшых. У агульнакамандным заліку яны сталі шостымі. Асабліва выдатных рэзультатаў дасягнуў на спартакіядзе Анатоль Гомелеў. У спартыўнай хадзьбе на 2 кіламетры ён быў другім, на 3 кіламетры — трэцім.

Дарэчы, за ўсімі названымі перамогамі па традыцыі значацца імёны нашых адмысловых прафесіяналаў сваёй справы — трэнераў Юрыя Уладзіміравіча і Вольгі Міронаўны Максакоў. І асабліва прыемна, што поспехі гэтых людзей не засталіся без увагі кіраўніцтва раёна. На сёлетнім злёце перадавікоў прамысловасці і бюджэтнай сферы Дубровеншчыны Юрый Уладзіміравіч Максак разам са сваім калегай — трэнерам па барацьбе дзюдо і самба Генадзем Уладзіміравічам Кусковым атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Мы шчыра віншуем іх, а таксама нашых юных лёгкаатлетаў з удалым стартам у гэтым годзе і жадаем такіх жа яркіх перамог як на працы, так і ў жыцці.

Марына КАЗЛОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *