В аг. Калиновка прошло «Свята вышыванкі»

Беларускі арнамент — адзін з унікальных нацыянальных сімвалаў. Ён прайшоў скрозь стагоддзі і застаўся своеасаблівым культурным кодам краіны. Нашы продкі імкнуліся аздобіць свае ўборы асаблівым арнаментам, які служыў абярэгам ад сурокаў і негатыўнага ўплыву.

Але сёння арнамент — гэта больш, чым проста сімвал і даніна традыцыям. Гэта брэнд Беларусі, які, з аднаго боку — падкрэслівае нашу індывідуальнасць і з’яўляецца пазнавальнай нацыянальнай адметнасцю, з другога — аб’ядноўвае з усімі славянскімі народамі.

Даведацца пра гісторыю, значэнне вышытых сімвалаў, спосабах іх выканання, а таксама ўбачыць розныя калектывы мастацкай самадзейнасці, якія шануюсь спадчыну продкаў, спяваюць родныя песні і танцуюць бытавыя танцы, можна было на свяце, якое ўжо традыцыйна адбылося ў аграгарадку Калінаўка.

Тут, на пляцоўцы ля Дома культуры для жыхароў і гасцей мясцовасці гучаў аповед пра вышыванае мастацтва. Вядучыя расказалі яго гісторыю, а артысты славілі беларускую вышыванку песнямі і танцамі.

Падчас урачыстага адкрыцця вядучыя расказалі гасцям мерапрыемства, што ўменне вышываць было абавязковым для кожнай жанчыны. Традыцыйнымі колерамі для беларускай вышыўкі лічылі чорны — сімвал узаранага поля і чырвоны — сімвал сонца, жыцця. Маглі выкарыстоўвацца і сінія ніткі.

Шчыра віталі прысутных гаспадары свята — народны ансамбль народнай песні «Калінаўскія маладзіцы» і дзіцячы ансамбль «Глыбінка». Прыехалі і госці — ўдзельнікі мастацкай творчасці з аграгарадкоў Ляды і Арловічы.

На свяце працавалі пляцоўкі раённага Дома рамёстваў, выстава-продаж старадаўніх страў Ляднянскага рэгіёну, была аформлена фотазона.

Шчырымі апладысментамі віталі прысутныя калінаўскіх майстрых вышыўкі. 3 іх работамі можна было пазнаёміцца на выставе пад назвай «Чароўная вышыўка зберажэ нас ад усякіх нягод», якая разгарнулася непасрэдна ля сельскага Дома культуры.

На выставе былі прадстаўлены работы Вольгі Рымашэўскай, Валянціны Макаёвай, Марыі Раманавай. Гэтыя жанчыны ўдасканальваюць і працягваюць займацца прыгожым майстэрствам — вышываннем, якое перанялі ад сваіх матуль і бабуль.

Крыху пазней, калі падводзіліся вынікі свята, вядучыя уручылі вышывальшчыцам падзякі за актыўны ўдзел у свяце. Напрыканцы вядучыя ўзнагародзілі тых, хто прыйшоў на свята ў адзенні з элементамі вышыўкі. Сёння дні вышыванкі ладзяцца па ўсёй краіне. А з 2016 года ў адзення, якое ўпрыгожана нацыянальнымі беларускімі ўзорамі, з’явіўся свой святочны дзень — 2 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Свята накіравана на папулярызацыю нацыянальных традыцый, пашырэнне духоўнай свядомасці беларусаў, а таксама з’яўляецца своеасаблівай злучальнай ніткай пакаленняў. І гэта правільна, таму што вышыванка лічыцца візітнай карткай нашай краіны.

Дарэчы, з 1 чэрвеня БРСМ запрашае моладзь прыняць удзел у шостым сезоне рэспубліканскага фотаконкурсу «Сэлфі&фота з вышыванкай», які за пяць гадоў аб’яднаў тысячы маладых людзей з розных куткоў нашай краіны.

 

Юлія СТАРАВОЙТАВА.