В Лядах перезахоронен неизвестный солдат
Семдзесят гадоў прайшло з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая прынесла нашаму народу вялікія страты, гора, слёзы. У жарале вайны згарэлі лёсы і жыцці кожнага трэцяга беларуса. Толькі за вызваленне Дубровеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў аддалі свае жыцці больш за 40 тысяч воінаў розных нацыянальнасцей.
На брацкім пахаванні ў вёсцы Ляды на мемарыяльных плітах выбіты 358 імён загінуўшых воінаў за вызваленне гэтага населенага пункта. Да гэтай іх колькасці было нядаўна далучана яшчэ адно імя воіна, астанкі якога былі падняты з ляднянскай зямлі. У дзень, калі ўся краіна смуткавала, адзначаючы 70-годдзе з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, на брацкіх могілках адбылася цырымонія перапахавання астанкаў невядомага абаронцы Айчыны.
—Мы не ведаем імені воіна, астанкі якога перадаем зямлі на вечны спакой, — гаворыць раённы ваенны камісар Ігар Іванавіч Літоўчык, — але ўжо той факт, што ён абараняў нашу зямлю, дае падставы лічыць яго героем.
На жалобны мітынг сабраліся прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, вучні і настаўнікі Ляднянскай сярэдняй школы, мясцовыя жыхары. У калоне, якая накіроўвалася да месца перапахавання, ішлі прадстаўнікі розных узростаў, якіх аб’ядноўвала адно вялікае пачуццё — святая памяць аб тых, каму мы абавязаны сённяшнім мірным сонечным днём, сваім жыццём.
Узначальвалі калону старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Віктараўна Ціханава і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Раіса Сяргееўна Стальчанка. Урну з астанкамі невядомага воіна неслі ваеннаслужачыя адной з аршанскіх воінскіх часцей.
Ля помніка загінуўшым у ганаровай варце застылі піянеры. Праз кожныя пяць хвілін яны змянялі адзін аднаго, даючы магчымасць сваім аднагодкам далучыцца да воінскага подзвігу шляхам аддавання яму піянерскага салюта — даніны павагі і памяці.
На мітынгу выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Віктараўна Ціханава, раённы ваенны камісар Ігар Іванавіч Літоўчык, старшыня Валяўкоўскага сельскага выканаўчага камітэта Аляксандр Віктаравіч Парахневіч, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Раіса Сяргееўна Стальчанка, сакратар школьнай пярвічнай арганізацыі БРСМ Крысціна Прымак.
Выступленне кожнага з іх аб’ядноўваў адзін агульны лейтматыў: вайну можна будзе лічыць закончанай толькі тады, калі будзе пахаваны апошні загінуўшы на ёй салдат. Праз 66 гадоў пасля яе афіцыйнага завяршэння мы ўсё яшчэ працягваем выяўляць астанкі загінуўшых на полі бою абаронцаў сваёй Радзімы, якія паклалі на алтар Перамогі свае жыцці…
Хвалюючым было выступленне на мітынгу настаўніцы гісторыі Ляднянскай сярэдняй школы Марыі Емяльянаўны Мінянковай, якая так эмацыянальна гаварыла, што, несумненна, змагла данесці да сэрцаў кожнага, хто яе слухаў, боль і жах тых падзей, якія перажылі іх землякі ў ліпені 1941, калі фашысты ўвайшлі ў Ляды…
—Сонечным ліпеньскім ранкам, праз тры тыдні пасля аб’яўлення вайны, фашысты ўварваліся ў нашы Ляды. Людзі хаваліся ў лагчынах за вёскай, а ў ёй засталіся 150 нашых байцоў, многія з якіх былі паранены, слаба ўзброены, якія стаялі насмерць, біліся да апошняга патрона. Доўга грымеў бой, але сілы былі няроўныя. Так пачалася акупацыя Лядоў, якая забрала жыцці больш за 2000 жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці, дзяцей, старых, жанчын, — усхвалявана гаварыла Марыя Емяльянаўна.
Памінальную літыю па абаронцах Айчыны адслужыў святар Васіль Мамановіч. Пад залпы армейскага салюта ўрну з астанкамі невядомага воіна вясковыя мужчыны апускаюць у магілу, у ёй душа безымяннага героя вайны, нарэшце, абрыла вечны спакой. І нашу вечную памяць аб ім.
Зараўняліся траншэі і даўно зараслі травой варонкі ў ваколіцах вёскі Ляды. У месцах жорсткіх схватак па абодвух баках ракі Мярэя — беларускім і расійскім, шчодра палітых крывёй, кожны год вырастаюць новыя кветкі. Але не рубцуюцца раны людзей, якія перанеслі пакуты, і вечна будзе жыць у сэрцах нашчадкаў памяць аб тых, хто ніколі не вернецца з палёў кровапралітнай бітвы, хто аддаў сваё жыццё дзеля шчасця іншых людзей.
Лідзія ЧАПЯЛОВА