Вместе учим детей Дубровенщины… учиться!

Днямі ў памяшканні раённага Дома культуры адбылася педагагічная канферэнцыя. У ёй прынялі ўдзел кіраўніцтва і настаўнікі нашага раёна.

Асноўнай падзеяй канферэнцыі было віншаванне заслужаных педагогаў, якія шмат год свайго жыцця з поўнай самааддачай працавалі ў школе, вучылі і выхоўвалі падрастаючае пакаленне. З падзякай і віншаваннямі да іх звярнулася старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Анатольеўна Бурбік. З адказам ад усяго педагагічнага калектыву выступіла настаўніца матэматыкі Расасенскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Таццяна Адамаўна Івашкевіч.

Пачынаецца новы навучальны год,  чарговы этап цяжкай і напружанай працы, які патрабуе поўнай аддачы у рабоце ўсяго педагагічнага калектыву раённых і гарадскіх школ.

Напярэдадні гэтых падзей кіраўнік аддзела адукацыі Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта Валерый Андрэевіч Рыжанскі (на здымку) выступіў з дакладам аб аналізе работы раённай сістэмы адукацыі за 2009 – 2010 навучальны год, назваў прыярытэтныя накірункі работы і ўдасканальвання вучэбна-выхаваўчага працэсу ва ўсіх школах. Таксама былі акрэслены задачы, якія стаяць перад удзельнікамі тых працэсаў у дашкольных установах, агучаны вопыт работы са здольнымі вучнямі, асветлена работа па забяспечэнню пазашкольнай адукацыі і работа з праблемнымі дзецьмі.

У гэтым годзе да педагагічнага калектыву нашага раёна далучацца трое маладых спецыялістаў.  Яны  размеркаваны па школах. Так, у Будскі дзіцячы сад-сярэднюю школу накіраванне атрымала маладая настаўніца біялогіі і геаграфіі Алена Графутка, у Ляднянскую сярэднюю школу – педагог-псіхолаг Алена Мартыноўская,  да работы ў сярэдняй школе ў вёсцы Калінаўка ў якасці настаўніка фізічнай культуры прыступіць Аляксандр Трапкоў. Маладыя спецыялісты атрымалі віншаванні і пажаданні ўзнёслага настрою і паспяховага пачатку ад сваіх старэйшых калег,  у адказ выпускніца Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Алена Графутка ад імя пачынаючых настаўнікаў паабяцала з усёй стараннасцю і адказнасцю адносіцца да сваёй працы.

Асноўным пытаннем напярэдадні 1 верасня з’яўляецца гатоўнасць устаноў адукацыі па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Для таго, каб з годнасцю сустрэць вучняў у школах раёна, было затрачана не толькі шмат фінансавых сродкаў, але і чалавечай працы і стараннасці. Граматамі аддзела адукацыі Дубровенскага райвыканкама за якасную падрыхтоўку да новага навучальнага года былі ўзнагароджаны ўсе педагагічныя калектывы і іх кіраўнікі, якія з поўнай самааддачай працавалі над тым, каб  іх установа адукацыі была цалкам падрыхтавана да пачатку 2010 – 2011 навучальнага года.

Са словамі віншавання і падзякі да ўсіх педагогаў звярнуўся старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта Анатоль Іванавіч Лукашоў. Ён пажадаў усім настаўнікам поспехаў у іх адказнай справе.  Старшыня Дубровенскага раённага Савета дэпутатаў Алена Віктараўна Ціханава агучыла тэлеграму дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Сцяпанавіча Адашкевіча, які пажадаў усім педагогам раёна, вучням і іх бацькам  здароўя, творчага натхнення і плённай працы.

Прафесія педагога – гэта складаная і працаёмкая работа, якая патрабуе творчага і індывідуальнага падыходу да кожнага вучня. Перад любым настаўнікам стаіць важная задача – не толькі вучыць, але, у першую чаргу, выхоўваць. Дзіцяці трэба з маленства прывіваць цікавасць да чагосьці новага і любоў да ведаў. Навучыць вучыцца – вось галоўная задача для педагога. Часам нават самыя вопытныя педагогі сутыкаюцца з цяжкасцямі і перашкодамі на сваім шляху. У такім выпадку самае галоўнае – гэта не апускаць рукі і заставацца самім сабой, бо педагогам ты можаш і не быць, а чалавекам ты быць абавязаны.

Ганна КАЦІКАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *