Откликнитесь, экскурсанты!

Дубровно, дубровенский, районная газета, экскурсия

Гэты здымак зроблены 45 гадоў назад былым фотакарам раённай газеты “Дняпроўская праўда” Аляксеем Канстанцінавічам Кісялёвым у цэху друкарні райгазеты. Сюды, на экскурсію прыйшлі навучэнцы 7-га класа Дубровенскай васьмігадовай школы, якая па тым далёкім часе размяшчалася ў драўляным будынку па вуліцы Чырвонаслабадская (побач са Свята-Троіцкай праваслаўнай царквой). Будынак школы-васьмігодкі захаваўся і па сённяшні дзень. Прывяла ж хлопчыкаў і дзяўчынак гэтай школы на экскурсію дырэктар і, адначасова настаўніца беларускай мовы і літаратуры, Марыя Архіпаўна Корбат.
Тлумачэнні вучням-сямікласнікам наконт таго, як з гранак вярстаецца газетны тэкст ці, напрыклад, змест запрашальнага білета на ўрачысты сход, дае адна з самых вопытных вярстальшчыц тагачаснай друкарні раённай газеты Вера Іванаўна Самуйлава (на здымку справа). Вера Іванаўна прарабіла наборшчыцай друкарні рэдакцыі райгазеты 36 гадоў. Пасля заканчэння школы-сямігодкі ў вёсцы Пішчыкі, яна прыйшла ў Дуброўна шукаць работу. Добрае веданне беларускай мовы стала рашаючым фактарам у тым, што Веру Груца (дзявочае прозвішча) прынялі ў якасці вучаніцы наборшчыка друкарні. На каляндары быў 1940 год.
З таго часу, як быў зроблены гэты здымак, прайшло 45 гадоў. Цікава, як склаўся лёс дзяўчынак і хлопчыкаў-сямікласнікаў Дубровенскай няпоўнай сярэдняй школы. Кім яны сталі? Дзе жывуць і працуюць? Мо героі фотаздымка самі адгукнуцца і напішуць аб сабе ў рэдакцыю раённай газеты “Дняпроўская праўда”, якой 5 сакавіка 2016 года споўніцца 85 гадоў. А мо за іх гэта зробяць іх бацькі ці старэйшыя браты з сёстрамі, калі ўбачаць у газеце гэты фотаздымак…
Леанід ДУДАРАЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *