Дубровенский РК ОО БРСМ проводит акцию «Падары немаўляці вышыванку»

Беларусь — сацыяльна-арыентаваная дзяржава, дзе адной з галоўных каштоўнасцей з’яўляецца сям’я. Менавіта таму ў нашай краіне шмат увагі надаецца дзецям і сям’і. Адна з асаблівасцей сацыяльнай сістэмы Беларусі — аплачваемы водпуск па доглядзе за дзіцяці да трох гадоў. 3 2020 года ў Працоўным кодэксе з’явілася новая норма — сацыяльны водпуск на 14 дзён, якім на працягу 6 месяцаў пасля нараджэння дзіцяці могуць скарыстацца таты.

З 2020 года яшчэ на 5 гадоў падоўжана праграма сямейнага капіталу. І ў ёй з’явіліся важныя новаўвядзенні. Так, сума сямейнага капіталу ў памеры 22500 беларускіх рублёў кожны год бу­дзе індэксавацца з улікам росту спажывецкіх цэн. Пашыраны і напрамкі датэрміновага выкарыстання сродкаў: рашэнне жыллёвых пытанняў, атрыманне адукацыі і медыцынскія паслугі.

Забеспячэнне месцамі ў дзіцячых садках, атрыманне адукацыі і магчымасць развіваць здольнасці дзяцей у самых розных напрамках, разнастайныя віды аздараўлення і адпачынку — вось далёка не поўны пералік заботы і ўвагі дзяржавы да сям’і, якая выхоўвае будучыню краіны.

А яшчэ ў Беларусі шмат добрых традыцый, якія выхоўваюць любоў і павагу дарослых і дзяцей адзін да аднаго, фарміруюць прыхільнасць да сапраўдных каштоўнасцей. Адной з такіх традыцый з’яўляецца акцыя БРСМ «Падары вышыванку немаўляці», у рамках якой віншуюць сем’і, дзе нядаўна нарадзіліся дзеці.

Віншаванні з нагоды нараджэння сына Максіма напярэдадні Дня Незалежнасці прымала шматдзетная сям’я Царовых з Дуброўна. У сям’і Максіма і Ірыны было тры дачушкі і з’яўленне на свет хлопчыка — вялікая радасць і шчасце.

Падарункі і сувеніры ад Дубровенскага райкама БРСМ і аддзела загс сям’і Царовых уручылі Таццяна Шкіндзерава і Ганна Сычова. Яны павіншавалі маці і тату з нараджэннем сына, усю сям’ю — з надыходзячым святам і пажадалі міру і згоды, радасці і шчасця, узаемаразумення і павагі, штодзённай працы па падтрымцы свайго кахання.

На маё пытанне, што для іх значыць сям’я, Ірына і Максім у адзін голас адказалі: «Сям’я — гэта жыццёвы падмурак, самае галоўнае багацце і шчасце для чалавека». А маладым сем’ям Дубровеншчыны пажадалі нічога не баяцца, бо ўсе цяжкасці, звязаныя з нараджэннем немаўляці, акупаюцца радасцю і шчасцем.

«Галоўнае ў сям’і — гэта ўпэўненасць у заўтрашнім дні, а сям’я — гэта школа жыцця», — упэўнены Максім і Ірына Царовы.

Акцыя БРСМ працягваецца, і чарговым яе ўдзельнікам стала сям’я Ганны і Вячаслава Саратокіных, дзе нарадзілася дачка Дар’я.

Святлана ШУРПАКОВА