Животноводы Дубровенщины подвели итоги полугодия

Дубровно, Дубровенский, животноводы, корова, молоко, надои,телята,прибыль

Страты, якіх магло не быць

Нядаўна на раённай нарадзе, на якую былі запрошаны кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі і ветурачы сельгаспрадпрыемстваў раёна, былі падведзены вынікі работы ў жывёлагадоўлі за першае паўгоддзе.

У цэлым па раёне, як адзначыў намеснік начальніка райсельгасупраўлення Аляксандр Васільевіч Карнееў, дасягнуты пэўны прырост вытворчасці і рэалізацыі жывёлагадоўчай прадукцыі. Найбольшы прырост прадукцыі ў мясной галіне дасягнуты ў СГФ імя Ю.Смірнова: валавыя прывагі павялічыліся на 43 тоны або на 40 працэнтаў, а сярэднесутачныя прывагі маладняку буйной рагатай жывёлы ўзраслі на 92 грамы.
Вытворчасць малака ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павялічылася на 12,4, а яго рэалізацыя — на 13,5 працэнта. Гэта самыя высокія тэмпы прыросту сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Дынамічна ў гэтым годзе развіваецца мясная галіна ў ААТ “Гігант-Агра”: вытворчасць ялавічыны павялічылася на 37 працэнтаў, а яе рэалізацыя — на 33 працэнты, пры адначасовым прыросте пагалоўя буйной рагатай жывёлы на 142 галавы або на 9 працэнтаў.

У 2,6 раза больш, чым у першым паўгоддзі мінулага года рэалізавалі ялавічыны жывёлаводы ААТ “Каманіна”, у 1,5 раза больш ААТ “Усход-Чырына”, “Праўда-С” і КУСГП “Першамайскае”. Пры гэтым гаспадаркі не дапусцілі зніжэння пагалоўя жывёлы.

Самыя высокія сярэднесутачныя прывагі маладняку буйной рагатай жывёлы у ААТ “Усход-Чырына” і СГФ імя Ю.Смірнова — 663 і 643 грамы. У той жа час самыя нізкія сярэднясутачныя прывагі маладняку буйной рагатай жывёлы ў ААТ “Рэдзькі” — 506 грамаў.

Дарэчы, гэтая гаспадарка адзіная ў раёне, якая знізіла вытворчасць ялавічыны (на 9,3 працэнта) у параўнанні з мінулагоднім узроўнем. Акрамя таго, на 109 галоў або 7,2 працэнта тут скарацілася пагалоўе жывёлы. Ды і ў развіцці малочнай галіны кіраўніку ААТ “Рэдзькі” няма чым пахваліцца: надой малака на карову тут адзін з самых нізкіх у раёне, валавая вытворчасць малака ў параўнанні з мінулагоднім узроўнем скарацілася на 8,5 працэнта. Прычым такая адмоўная дынаміка развіцця жывёлагадоўлі ў гэтай гаспадарцы назіралася і ў мінулым годзе.

У сваёй інфармацыі на нарадзе А.В.Карнееў адзначыў, што вытворчасць малака ў цэлым па раёне ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павялічылася на 452 тоны або на 2,6 працэнта, а яго рэалізацыя — на 788 тон або на 5,4 працэнта. Больш высокі ўзровень прыросту рэалізацыі малака дасягнуты за кошт зніжэння яго расхода на выплату цялятам на 341 тону. Дзякуючы гэтаму таварнасць малака павысілася на 2,4 працэнта і склала 86,3 працэнта.

Такім чынам, на ўнутрыгаспадарчыя патрэбы ў цэлым па раёне ў першым паўгоддзі выкарыстана 13,7 працэнта надоенага малака.

Дубровно, Дубровенский, животноводы, корова, молоко, надои,телята,прибыль
У палавіне гаспадарак расход малака на выпайку цялятам не перавышае, як і прадугледжана па норме, 11-12 працэнтаў ад надоенага. І толькі ў ААТ “Рэдзькі”, “Каманіна”, КУСГП “Першамайскае” і “Прыдняпроўскі” па-ранейшаму скармліваюць жывёле 18-19 працэнтаў атрыманага малака. Гэта не па-гаспадарску.

Як адзначыў на нарадзе начальнік райсельгасупраўлення Алег Міхайлавіч Лындзін, рэнтабельнасць рэалізуемага малака ў цэлым па раёне за 6 месяцаў склала 15 працэнтаў, а ў чэрвені — 25 працэнтаў. І рэзервы для далейшага павышэння эфектыўнасці малочнай галіны ў гаспадарак вялікія і, перш за ўсё, за кошт павышэння якасці рэалізуемага малака.

Розніца ў закупачных цэнах на малако ў залежнасці ад сорта вельмі адчувальная. Так, у ліпені гэтага года перапрацоўчыя прадпрыемствы за тону малака “экстра” плацяць 3215 тысяч рублёў, вышэйшага — 2770, першага — 2555 і другога — усяго 500 тысяч рублёў Як бачыце, тая гаспадарка, якая прадае малако другім сортам на кожнай тоне губляе 2-2,7 мільёны рублёў. У цэлым па раёне, як адзначыў А.В.Карнееў, за 6 месяцаў сортам “экстра” было прынята толькі 12,7 працэнта малака, вышэйшым — 48,2, першым — 26,9 і другім 7 працэнтаў. Страты ад рэалізацыі малака нізкай якасці склалі каля 2 мільярдаў рублёў.

—Карова, як правіла, дае высокаякаснае малако. Нізкаякасным яно становіцца ў працэсе даення і пярвічнай дапрацоўкі ў гаспадарках. Час рабіць вывады і прымаць канкрэтныя меры, — падкрэсліў у час выступлення на нарадзе старшыня райвыканкама Анатоль Іванавіч Лукашоў.

Андрэй КВІР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *