Беражыце здароўе, а мы з гэтай справай дапаможам
У нашай краіне шмат увагі надаецца ахове здароўя насельніцтва. Медыцына ў Беларусі знаходзіцца на высокім ўзроўні. У інфармацыйным парадку дня рэгулярна з’яўляюцца звесткі аб адкрыцці новых медыцынскіх устаноў, пра забеспячэнне бальніц сучасным абсталяваннем, пра правядзенне нашымі хірургамі розных навукаёмістых і высокатэхналагічных аперацый, якія дапамагаюць чалавеку больш вынікова пераадолець хваробу і хутчэй вярнуцца да звычайнага ладу жыцця. Але ж зараз пільная ўвага кіраўніцтва краіны, усяго грамадства прыкавана к таму, як працуюць медыцынскія ўстановы ў сельскай мясцовасці, вырашаюцца пытанні па павышэнні якасці работы ФАПаў.
З гэтай нагоды мы пабывалі на ФАПе, які працуе ў аграгарадку Дабрынь.
Ён знаходзіцца ва ўтульным цяньку велізарных дрэў. Тэрыторыя абнесена свежапафарбаваным плотам. За ім вакол будынка дагледжаны ўчастак: чысціня, кветкі. Цагляная дарожка бяжыць ад брамкі да зручнага ганка.
—Я працую ў гэтым будынку з 1984 года, — сустракае нас медыцынская сястра Валянціна Жорава. — Гадоў дзесяць таму тут быў праведзены вялікі рамонт: выкінулі печы, наладзілі паравое атапленне. Зараз кожны год праводзіцца касметычны рамонт. Вось і ў гэтым годзе ужо пафарбавалі падлогу ў кабінетах.
У час нашага наведвання медсястра праводзіла працэдуры маладой жанчыне, якая, па яе прызнанні, часта наведвае ФАП.
—Я працую даяркай, таму раз-пораз трэба нешта падмацаваць ў фізічным стане, — з усмешкай расказала Святлана Уладзімірэнка. — Я наведала ўрача ў паліклініцы Дуброўна, які назначыў мне лячэнне, а вось праводзяць мне яго тут, па месцы жыхарства. Дзякуй залатым рукам нашых медыкаў, — шчыра адзначыла жанчына.
—У сярэднім за дзень да нас звяртаецца да дзесяці чалавек. Часцей за ўсё з такімі ўзроставымі праблемамі як гіпертанія, сардэчныя хваробы, боль у суставах. А пасля заканчэння прыёму, мы накіроўваемся на выклікі на ўчастку, — дадала Валянціна Жорава. Яна адзначыла, што медсродкаў хапае для таго, каб аказваць неадкладную дапамогу па самых розных захворваннях.
Сёння ўчастак ФАПа, акрамя аграгарадка Дабрынь, уключае пяць населеных пунктаў: Волева, Ланенка, Пневічы, Слабада і Халалееўка. Усяго медыкі абслугоўваюць 308 чалавек, з іх 35 дзяцей і больш за 170 пенсіянераў.
—Мы ажыццяўляем амбулаторны прыём і лячэнне хворых дома, аказваем неадкладную медыцынскую дапамогу пры вострых захворваннях, няшчасных выпадках, праводзім прафілактычныя работы, — расказаў аб рабоце пункта Аляксандр Рамановіч, загадчык Дабрынскага ФАПа.
Ен зазначыў, што нядаўна дапамагалі весці прыём пацыентаў у перасоўным ФАПе.
—Безумоўна, такая форма работы — вялікая нам падтрымка. Мы добра ведаем жыхароў падначаленай нам мясцовасці. Таму загадзя далі рэкамендацыі, каму прыйсці, якія даследванні правесці. Да нашых парад прыслухаліся 28 чалавек. Ім зрабілі ўсе неабходныя агляды, аналізы, запоўнілі анкеты па дыспансерызацыі. Зараз мы ўжо атрымалі вынікі аналізаў і тым, каму гэта патрэбна, параілі наведаць раённую медыцынскую ўстанову, — адзначыў Аляксандр Рамановіч.
На развітанне работнікі Дабрынскага ФАПа засяродзілі ўвагу ўсіх жыхароў раёна на тым, што зараз у Канстытуцыі прапісана адказнасць кожнага за захоўванне асабістага стану здароўя. Яны параілі дубровенцам не ставіцца да гэтага пытання абыякава: своечасова праходзіць дыспансерызацыю, не займацца самалячэннем, выконваць парады медыкаў, а яны ў сваю чаргу маюць жаданне і сродкі, каб дапамагчы ў гэтым.
Алена КАРСАКОВА.