Песні гучаць над вёскай Чубакова

 

Жыццё ідзе сваёй чарадой. Адна пара вядзе за сабой другую. Восеньская прыемная стома змяняе вясеннюю ўзрушанасць і летнюю спякоту. Асабліва гэта адчуваецца ў маленькіх населеных пунктах, дзе полымем пылаюць вяргіні, дзе да хат прытуліліся стагі з сенам і дрывотнікі, прыгатаваныя на зіму. Дзе сярод неадкладных работ людзі знаходзяць час для адпачынку з сябрамі пад добрую песню.

Менавіта на такой сустрэчы нам давялося пабываць  у вёсачцы Чубакова. Самадзейныя артысты Станіславоў­скага СДК разгарнулі канцэртную пляцоўку побач з домам Ганны Гаўруцікавай.

 —Такія сустрэчы, прысвечаныя Году малай радзімы, мы праводзім па ўсіх аддаленых вёсках нашага сельскага Савета, — расказвае дырэктар Станіславоўскага СДК  Галіна Сіманькова. — Напрыклад, у Чубакова зараз два дзясяткі жыхароў. Гэта людзі рознага ўзросту, але вельмі актыўныя. Вось і зараз мы атрымалі запрашэнне ад старэйшыны вёскі Сяргея Аляксандравіча Чаркасава. Самадзейныя артысты, удзельнікі вакальных гуртоў — дзіцячага «Рэчанька» і дарослага «Сяляначка» — прывезлі свае лепшыя нумары. А паколькі мясцовыя жыхары добра ведаюць наш рэпертуар, мы гатовы выканаць той нумар, які найбольш падабаецца гледачам, — запэўніла наша субяседніца.

Сонца нетаропка аглядала дагледжанае падвор’е гаспадыні Ганны Гаўруцікавай, набліжаўся жнівеньскі вечар, дзесьці гулі трактары і камбайны, а над Чубакова плылі гукі беларускай песні.

Алена КАРСАКОВА.