50-летие Василий Балабосов встретил в числе лучших руководителей сельскохозяйственных предприятий Дубровенщины
Юбілей!
2 студзеня 2012 года дырэктару камунальнага сельгаспрадпрыемства “Зарубы” Васілю Валянцінавічу БАЛАБОСАВУ споўнілася 50 гадоў. Гэта рубеж у жыцці чалавека, калі варта азірнуцца назад і паглядзець, які след ты пакідаеш на зямлі.
Што тычыцца Васіля Валянцінавіча, то свой залаты юбілей ён сустракае дастойна — яго партрэт занесены на раённую Дошку Гонару. Так высока ацэньвае работу В.В.Балабосава на пасадзе дырэктара гаспадаркі раённы выканаўчы камітэт і кіраўніцтва райсельгасупраўлення па прадстаўленню якога і красуецца партрэт В.В.Балабосава на раённай Дошцы Гонару. Згадзіцеся, што далёка не кожнаму кіраўніку гаспадаркі за сваю нялёгкую працу ўдаецца заслужыць такую пашану.
Працоўны шлях Васіля Балабосава — гэта 27 гадоў нястомнай працы ў аграрным сектары эканомікі, 24 з якіх у нашым раёне.
Амаль 20 гадоў Васіль Валянцінавіч адпрацаваў на кіруючых пасадах. За гэты час ён узначальваў калектывы трох гаспадарак і сельскі Савет. Нельга адназначна сказаць, што ва ўсіх гаспадарках, дзе працаваў В.В.Балабосаў, заўсёды справы ішлі добра, як, напрыклад, у КУСГП “Зарубы”, дзе працуе Васіль Валянцінавіч зараз. Былі няўдачы і непрыемнасці, ад якіх ніхто не застрахаваны.
Што хаваецца за высокай пасадай?
Варта адзначыць, што кар’ера кіраўніка гаспадаркі для Васіля Валянцінавіча спачатку складвалася не лепшым чынам. У нашым раёне Васіль Валянцінавіч Балабосаў пачынаў сваю працоўную біяграфію на пасадзе старшыні калгаса “Усход”, які ў той час быў адстаючай у раёне гаспадаркай. Але пераламіць сітуацыю да лепшага і вырашыць наспелыя эканамічныя і фінансавыя праблемы яму так і не ўдалося. Таму праз паўтара года (у чэрвені 1989 года) ён па ўласнаму жаданню пакінуў пасаду старшыні калгаса.
—Чаму, вобразна кажучы, першы “блін” на пасадзе кіраўніка гаспадаркі, аказаўся для вас камяком? — пытаюся ў В.В.Балабосава.
—Да банальнасці па простай прычыне: я ні маральна, ні прафесіянальна на той час не быў гатовы кіраваць калгасам, — гаворыць В.В.Балабосаў. — Тады мне было толькі 25 гадоў і практычны вопыт работы ў сельскай гаспадарцы быў зусім не багаты: пасля заканчэння Белсельгасакадэміі я ўсяго два гады папрацаваў галоўным аграномам і каля аднаго года — намеснікам старшыні калгаса ў Аршанскім раёне. Свае довады аб негатоўнасці кіраваць гаспадаркай я імкнуўся выказаць у абкаме партыі, куды мяне выклікалі для таго, каб прапанаваць пасаду кіраўніка адной з гаспадарак Дубровенскага раёна. Але на мае довады не звярнулі асаблівай увагі і, каб не абвастраць сітуацыю, я вымушаны быў даць згоду ехаць у Дуброўна. Адпрацаваўшы год і пераканаўшыся, што асаблівых змен да лепшага не адбылося, я напісаў заяву, каб мяне вызвалілі ад займаемай пасады старшыні. Праз некалькі месяцаў маю просьбу задаволілі.
Васіля Валянцінавіча, тым не менш, не спісалі з кадравага рэестра кіруючых работнікаў, а перавялі на пасаду намесніка старшыні суседняга калгаса “Гігант” для таго, каб побач з больш сталым кіраўніком набіраўся вопыту.
Відавочна, намеснікам кіраўніка калгаса В.В.Балабосаў зарэкамендаваў сябе нядрэнна, бо ўжо праз год яго абралі старшынёй Кляноўскага сельскага Савета. Пяць гадоў Васіль Валянцінавіч займаўся вырашэннем сацыяльных і бытавых праблем сялян на падведамаснай тэрыторыі сельскага Савета.
—Я адчуваў, што пасада старшыні сельсавета — не мой хлеб, — шчыра прызнаецца В.В.Балабосаў. — Мяне як магнітам цягнула да больш канкрэтнай работы, на шырокія палеткі ў якасці агранома, дзе я сябе адчуваў, як рыба ў вадзе. Таму, калі закончыліся мае дэпутацкія паўнамоцтвы, я напісаў заяву з просьбай перавесці на працу па спецыяльнасці.
Тры гады Васіль Валянцінавіч плённа працаваў аграномам па кармах калгаса “Гігант”, зарэкамендаваў сябе як тонкі тэхнолаг і добры арганізатар вытворчасці. Таму, калі былы старшыня калгаса “Гігант” Мікалай Назаравіч Аленіч быў пераведзены на працу ў абласны камітэт па сельскай гаспадарцы, старшынёй гэтага калгаса члены працоўнага калектыву аднагалосна абралі Васіля Валянцінавіча Балабосава. Сем гадоў ён паспяхова кіраваў гэтай гаспадаркай.
З году ў год калгас “Гігант”, як і пры М.Н.Аленічы, па-ранейшаму быў у ліку лепшых гаспадарак раёна.
Нягледзячы на тое, што гаспадарка паспяхова развівалася і ў эканамічным плане была адной з лепшых у раёне, у сакавіку 2006 года на справаздачным сходзе па выніках работы за 2005 год, Васіль Валянцінавіч папрасіў членаў калгаса “Гігант” вызваліць яго ад займаемай пасады старшыні гаспадаркі і перавесці на іншую работу.
Час перамог
У маі 2008 года кіраўніцтву раёна ўдалося ўгаварыць Васіля Валянцінавіча Балабосава заняць пасаду дырэктара КУСГП “Зарубы”, на якой ён, як сказана вышэй, паспяхова працуе і сёння.
Адначым, што ў апошнія гады стабілізавалася фінансавае становішча прадпрыемства. Уласных грошай цяпер хапае не толькі для выплаты зарплаты, адлічэнняў у бюджэтныя фонды і аплату за электраэнергію, але і значныя сумы накіроўваюцца на набыццё абаротных і асноўных фондаў гаспадаркі.
—Якім чынам вы падтрымліваеце працоўную і тэхналагічную дысцыпліну? Шляхам выкарыстання жорсткіх адміністрацыйных мер ці якім іншым чынам? — запытаў я ў В.В.Балабосава.
Васіль Валянцінавіч расказаў, што ў аснове рэгулявання працоўных адносін паміж адміністрацыяй і работнікамі калектыву ляжыць Калектыўны дагавор.
—У Калектыўным дагаворы паміж адміністрацыяй і працоўным калектывам дакладна прапісаны меры ўздзеяння на парушальнікаў працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны і яны ўвязаны з натураплатай, — апавядае В.В.Балабосаў. — Калі раней зерне ў якасці натураплаты ў нашай гаспадарцы выдавалі за пэўны перыяд работ (сяўба, нарыхтоўка кармоў, уборка ўраджаю), то цяпер у цэлым за год. За кожнае парушэнне дысцыпліны прадугледжана пазбаўленне на пэўны працэнт натураплаты. Злосныя парушальнікі, бывае, цалкам пазбаўляюцца натураплаты. Гэтая дзейсная мера прымушае многіх задумацца. Дарэчы, такі ж прынцып уздзеяння на парушальнікаў дысцыпліны быў і ў калгасе “Гігант”, дзе я раней працаваў.
Васілю Валянцінавічу ўдалося дабіцца і павышэння выканаўчай дысцыпліны спецыялістаў.
—Для таго, каб спецыялістам даваць канкрэтныя даручэнні, кіраўнік абавязаны дакладна ведаць стан спраў на ўсіх участках вытворчасці, — апавядае Васіль Валянцінавіч. — Я штодзень імкнуся бываць на фермах і ў полі, дзе вядуцца палявыя работы. Да пачатку ранішняй планёркі я складаю дакладны план работы на дзень для ўсіх адзінак тэхнікі. Пакуль мы са спецыялістамі абмяркоўваем план работы, механізатары і вадзіцелі ў гэты час запраўляюць давераную ім тэхніку. Мне ўдалося таксама дабіцца, што спецыялісты не спазняюцца на планёркі ці іншыя мерапрыемствы. А гэта магчыма толькі тады, калі кіраўнік гаспадаркі сам ніколі не спазняецца, цвёрда трымае слова перад спецыялістамі і членамі калектыву. Калі я што-небудзь абяцаю зрабіць, абавязкова імкнуся дадзенае слова стрымаць. Словы кіраўніка ніколі не павінны разыходзіцца са справамі. Такі мой галоўны прынцып работы быў на пасадзе кіраўніка калгаса “Гігант”, яго я прытрымліваюся, працуючы на пасадзе дырэктара КУСГП “Зарубы”. Гэта адзін з галоўных фактараў, які дазваляе мне больш-менш эфектыўна ўпраўляць гаспадаркай.
Дапамагаем!
Камунальнае сельгаспрадпрыемства падтрымлівае цесную сувязь з Зарубскім сельскім Саветам і Зарубскай сярэдняй школай. І гэта заслуга, перш за ўсё, Васіля Валянцінавіча Балабосава, які як кіраўнік гаспадаркі заўсёды імкнецца дапамагчы гэтым дзяржаўным установам у вырашэнні тых ці іншых праблем. У сваю чаргу школа аказвае дапамогу КУСГП “Зарубы” ва ўборцы ўраджаю. У гэтым годзе, напрыклад, школьнікі нарыхтавалі 60 тон караня-плодаў. У перыяд жніва вучні старэйшых класаў працавалі на збожжатаку. Не застаецца ў даўгу і камунальнае прадпрыемства. За кошт уласных сродкаў гаспадарка дапамагла набыць для школы музычны цэнтр, камп’ютар, бензапілу, касу для абкошвання тэрыторыі прышкольнага ўчастка. Сёлета на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай пачатку вучэбнага года, дырэктар КУСГП “Зарубы” ў якасці падарунка прыпаднес школе тэнісны стол, напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці — відэа-камеру, перад Новым годам — новую пнеўматычную вінтоўку “Байкал”. Усё гэта куплена за сродкі прадпрыемства па ўказанню яго дырэктара Васіля Валянцінавіча Балабосава.
У сувязі з юбілеем калектыў рэдакцыі газеты “Дняпроўская праўда” горача і сардэчна віншуе Васіля Валянцінавіча Балабосава з гэтай знамянальнай падзеяй у яго жыцці і зычыць яму моцнага здароўя на доўгія гады жыцця, працоўных поспехаў, сямейнага дабрабыту і шчасця.
Андрэй КВІР