Дубровенския мелиораторы вместе с ООН спасают болота
5 чэрвеня працаўнікі Дубровенскага камунальнага прадпрыемства меліярацыйных сістэм адзначаць сваё прафесійнае свята. Прадпрыемства было створана ў 1974 годзе. З той пары,вось ужо 37 гадоў,яго нязменным кіраўніком з’яўляецца Уладзімір Еўдакімавіч Малчанаў.
Меліяратараў нярэдка называюць першапраходцамі, бо яны адваёўваюць у дзікай і робяць прыгоднымі для вырошчвання сельгаскультур сотні і тысячы гектараў забалочаных, заросшых хмызняком зямель. Дастаткова сказаць, што агульная плошча асушаных зямель у нашым раёне складае 27,6 тысячы гектараў або 39 працэнтаў ад агульнай колькасці зямель сельскагаспадарчага прызначэння.
ГІСТОРЫЯ ДУБРОВЕНСКІХ МЕЛІЯРАТАРАЎ
У 70-80 гады мінулага стагоддзя чыстамеліярацыйныя работы ў агульным аб’ёме ўсіх работ, якія выконваў калектыў ПМК-39 (такая ранейшая назва прадпрыемства), займалі звыш 90 працэнтаў. Але з развалам СССР сітуацыя рэзка памянялася. Меліярацыя доўгі час была другараднай справай у дзяржаве. інансаванне рэзка скарацілася, ад былых аб’ёмаў работ па асушэнню пераўвільготненых зямель застаўся мізэр. Новыя меліярацыйныя сістэмы практычна да апошняга часу не будаваліся, а існуючыя пачалі прыходзіць у заняпад.
Над калектывам меліяратараў у 90-я гады мінулага стагоддзя навісла пагроза вытворчага крызісу. Тым не менш, дзякуючы намаганням кіраўніка калектыву Уладзіміра Еўдакімавіча Малчанава і каманды спецыялістаў, гэты складаны перыяд быў пераадолены, касцяк калектыву ўдалосязахаваць.
У перыяд з 2005 па 2010 гады, дзякуючы рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла, шырокі фронт работ быў адкрыты і для меліяратараў. Калектыў прадпрыемства меліярацыйных сістэм прымаў актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні аграгарадкоў. Акрамя таго, у гэты перыяд ажыццяўлялася рэспубліканская праграма “Захаванне і выкарыстанне меліярацыйных зямель”. З дзяржаўных рэсурсаў былі выдзелены значныя сумы грошай на рамонт, рэканструкцыю і тэхнічны догляд існуючых меліярацыйных сістэм.
Але карэнны пералом у сістэме меліярацыі адбыўся ў мінулым годзе. Вясной 2010 года ў час наведвання Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў вялікую ўвагу праблеме меліяраваных зямель. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу спыніць дэградацыю такіх зямель і ў поўнай меры выкарыстаць іх для вырошчвання сельгаскультур. Дзякуючы гэтаму ў мінулым годзе калектыў прадпрыемства меліярацыйных сістэм на выкананні работ па рэканструкцыі, рамонце, тэхнічным доглядзе меліярацыйных сістэм і ажыццяўленніабласной праграмы “Чыстыя палі” асвоіў 1,9 мільярда рублёў.
АКТУАЛЬНЫЯ ПЫТАННІ
АК —Якія планы даведзены меліяратараў на гэты год? — такое пытанне я задаў дырэктару прадпрыемства Уладзіміру Еўдакімавічу Малчанаву незадоўга да прафесійнага свята меліяратараў.
УМ—Сёлета на выкананні работ па новаму асушэнню зямель, рэканструкцыі, рамонце і тэхнічным доглядзе існуючых меліярацыйных сістэм, а таксама іншых відах работ, нашаму калектыву неабходна асвоіць 4 мільярды рублёў або ў два разы больш, чым у мінулым годзе, — гаворыць Уладзімір Малчанаў. — Таму пераважная большасць нашых работнікаў сёлета працуе на аб’ектах раёна.
Уладзімір Еўдакімавіч расказаў, што ў гэтым годзе работнікам прадпрыемства меліярацыйных сістэм неабходна правесці новае асушэнне па поўнай праграме на 100 гектарах зямлі, якая знаходзіцца ў карыстанні прафтэхліцэя. У два разы, у параўнанні з мінулым годам, павялічаны аб’ёмы работ па рэканструкцыі існуючых меліярацыйных сістэм.
Калектыў меліяратараў сёлета, як і ў мінулым годзе, прымае актыўны ўдзел у ажыццяўленні абласной праграмы “Чыстыя палі”. За гэты год, згодна з планам, прадугледжана выкарчаваць і ўбраць з палеткаў адзінока стаячыя дрэвы і хмызнякі на плошчы 1100 гектараў. На сённяшні дзень, па словах Уладзіміра Малчанава, гэтая работа ўжо выканана на 800 гектарах.
Ужо не першы год вялікі аб’ём работ работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм выконваюць у асінторфскіх лясах і тарфяных балотах. У мінулым годзе па праграме ААН меліяратары вялі работы па штучнаму затрыманню вільгаці і прымусоваму забалочванню былых тарфяных выпрацовак на ўчастку “Шчэрбінскі мох” для таго, каб зноў тут было балота, раслі лазняк і алешнік, чарот і асака, вадзіліся качкі і жабы. Словам, стваралі ўмовы для ўтварэння ранейшага для гэтых мясцін прыроднага ландшафта.
А сёлета брыгада меліяратараў пад кіраўніцтвам прараба Мікалая Барычэўскага, які працуе на прадпрыемстве меліяратараў з дня яе ўтварэння, праводзіць на асінаўскіх балотах работы па асушэнню забалочанага, багатымі залежамі торфу, ўчастка плошчай 180 гектараў для здабычы торфу.
Працягваюцца работы па пракладцы дарогі праз лясны масіў Асінторфскага лясніцтва ад расійскай мяжы да 10-га пасёлка. У мінулым годзе быў здадзены ў эксплуатацыю 9,5-кіламетровы ўчастак гэтай вельмі важнай у эканамічным плане дарогі ад вёскі Гічы да вёскі Шэкі. А ў студзені гэтага года брыгада майстра Анатоля Мажылоўскага прыступіла да пракладкі трасы праз дрымучыя бураломныя лясы ад вёскі Шэкі да 10-га пасёлка.
Менавіта дарога праз лясны масіў дазволіць у далейшым належным чынам і своечасова весці лесанарыхтоўкі, каб лес не перастойваў, не падаў і не прападала вялікае народнае багацце. Фінансуюцца работы Міністэрствам лясной гаспадаркі.
Як і ў мінулыя гады, пэўная колькасць рабочых і тэхнікі задзейнічаны на выкананні меліярацыйных работ за межамі раёна, у прыватнасці ў раёне вёскі Хімы Аршанскага раёна, дзе ў хуткім часе пачнуцца работы па ўзвядзенню прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу і жылога пасёлка.
БУДЗЕМ ВЕДАЦЬ ГЕРОЯЎ У ТВАР!
Натуральна, што ў ходзе нашай гутаркі Уладзімір Еўдакімавіч Малчанаў шмат гаварыў аб працаўніках калектыву меліяратараў, некаторыя з іх, як і сам начальнік прадпрыемства, працуюць з дня заснавання арганізацыі.
Сярод іх — намеснік дырэктара прадпрыемства Аляксей Шатраўка, які шмат гадоў адпрацаваў галоўным інжынерам, прараб Мікалай Барычэўскі, дыспетчар Марыя Чысцякова, брыгадзір дрэнажнай брыгады, старшыня прафсаюзнага камітэта прадпрыемства Валерый Пасканной, механізатары Анатоль Вуцянок і Анатоль Емельянаў і іншыя.
Самыя добрыя словы ўдзячнасці Уладзімір Еўдакімавіч выказаў у адрас Мікалая Крыўца, які доўгі час узначальваў вытворчы ўчастак, а цяпер займае пасаду намесніка дырэктара прадпрыемства па эксплуатацыі меліярацыйных сістэм.
“Добрасумленны і вопытны спецыяліст сваёй справы”, — такую характарыстыку даў кіраўнік прадпрыемства брыгадзіру дрэнажнай брыгады Мікалаю Чапялову.
Радуе дырэктара прадпрыемства і тое, што на змену вопытным камандзірам вытворчасці прыходзяць маладыя, здольныя спецыялісты. Сярод іх выпускнікі Беларускай сельгасакадэміі галоўны інжынер Андрэй Церлякевіч, майстры вытворчасці Аляксандр Сакута і Данута Карманава, механікі Уладзімір Лясун і Раман Дудараў, інжынер па кадастравай ацэнцы Аксана Семікава.
Шмат добрых слоў кіраўнік арганізацыі сказаў аб рабоце радавых працаўнікоў. Добрасумленна на працягу многіх гадоў працуюць машыністы экскаватараў Мікалай Баркоўскі, Генадзь Старавойтаў, Мікалай Клыкоўскі, Дзмітрый Хмарскі, Сяргей Капытоўскі, Аляксандр і Леанід Кляпіцкія, бульдазерысты Віктар Якуцёнак, Міхаіл Лындзін, Васіль Рубанаў, Іван Дамасевіч, Мікалай Русанаў, Леанід Гузаў і іншыя.
Уладзімір Еўдакімавіч Малчанаў не забыўся адзначыць і спецыялістаў, якія праводзяць тэхнічнае абслугоўванне, рамонтныя работы. Слесары Ігар Анікеенка і Міхаіл Атрошкін, зваршчыкі Сяргей Пчолаў і Руслан Гудына, слесары-наладчыкі брыгады тэхабслугоўвання Сяргей Мацвееў і Алег Казлоў — гэта спецыялісты, якія тонка ведаюць сваю справу і працуюць так, каб магутная меліярацыйная тэхніка прастойвала з-за паломак як мага менш часу.
А яна ў пераважнай большасці сваёй выраблена яшчэ ў савецкі перыяд і даўно адслужыла свой амартызацыйны тэрмін. Гэта, па прызнанню Уладзіміра Еўдакімавіча Малчанава, самая галоўная праблема арганізацыі.
Але вернемся да працаўнікоў. Выключна важную ролю на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм іграе аўтатранспарт, гэта, вобразна кажучы, нервы прадпрыемства. З гэтай работай, па словах Уладзіміра Малчанава, паспяхова спраўляюцца вадзіцелі аўтобусаў Міхаіл Капелька і Рыгор Юрчанка, вадзіцелі “МАЗаў” Леанід Кураедаў, Аляксандр Гарэлік, Уладзімір Рыбакоў, Аляксандр Данілаў, Валерый Чапялоў. З пагрузачна-разгрузачнымі работамі на аўтакране выдатна спраўляецца вадзіцель Генадзь Палікарпаў.
Новая пяцігодка, па словах Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, — гэта пяцігодка меліярацыі. У калектыве УП “Дубровенскае ПМС” ёсць магчымасць у далейшым адраджаць сваю былую славу надзейных памочнікаў хлебаробаў раёна, значыць, паявяцца новыя асушаныя землі.
У канцы размовы дырэктар прыдпрыемства Уладзімір Еўдакімавіч Малчанаў папрасіў праз выданне павіншаваць ветэранаў, сённяшніх працаўнікоў прадпрыемства, членаў іх сям’яў з прафесійным святам і пажадаў усім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.
Андрэй КВІР