Кавалер Ордена Ленина из деревни Чубаково Дубровенского района отпраздновал 80-летний юбилей
Адрас для сустрэчы з чарговым героем майго аповеду падказаў адказны сакратар раённага савета ветэранаў Аляксей Якаўлевіч Гаўруцікаў.
—У вёсцы Чубакова жыве кавалер Ордэна Леніна Сяргей Уладзіміравіч Гусянцоў,—гаварыў Аляксей Якаўлевіч.—Нядаўна мы віншавалі яго з 80-годдзем з дня нараджэння. Цудоўнай душы чалавек, просты, сціплы, добразычлівы і адкрыты для размовы ён сам і яго жонка Марыя Пятроўна.
… Гусянцовы нібы чакалі майго прыезду. Росным сонечным ранкам дружна сядзелі на лавачцы перад сваім домам, углядаючыся на дарогу і выказваючы здагадкі наконт таго хто і куды едзе. У вёсцы, як кажуць, усё і ўсе на віду.
На гэтай іхняй лавачцы адбыліся і наша знаёмства, і размова з мілымі, добразычлівымі людзьмі Сяргеем Уладзіміравічам і Марыяй Пятроўнай Гусянцовымі.
– Цікава даведацца, — пачала я размову, — як жыве былы звеннявы па вырошчванню бульбы, уладальнік Ордэна Леніна, які нядаўна справіў свой 80-гадовы юбілей.
—Добра жыве. Віншаванні прымае. Другі тыдзень не закрываюцца дзверы нашай хаты,— устаўляе слова гаспадыня падвор’я Марыя Пятроўна Гусянцова.
— Столькі цёплых слоў ў мой адрас выказалі, а пажаданняў адрасавалі – веку не хопіць, каб выканаць усе, — усміхаецца Сяргей Уладзіміравіч.
— Усе выканаеш. Толькі б здароўе тваё больш не падводзіла,— звяртаецца да мужа Марыя Пятроўна. І тут жа мне тлумачыць.
—Ды не хвалюйся ты так, жонка, за мяне, — смяецца Сяргей Уладзіміравіч.—Усё будзе добра, дажывем яшчэ і да твайго юбілею, справім праз 7 гадоў. Таблеткі, што доктар прапісаў, я спраўна прымаю, гарэлку не п’ю. Што яшчэ трэба?
—Ну і дзякуй Богу ,— згаджаецца гаспадыня.
Вось у такім мажорным настроі маіх субяседнікаў пачалася наша размова аб іх жыцці-быцці ў вёсцы Чубакова, дзе пражылі яны з самага дня свайго нараджэння па сённяшні дзень: Сяргей Уладзіміравіч—80 гадоў, а Марыя Пятроўна—73 гады. А ў шлюбе — 54 гады, ды адзін другому не надакучылі.
— Як жа вы падабраліся такія, шаноўныя? – цікаўлюся я.
— Нам і падбірацца не трэба было, мы з адной вёскі, праз дарогу адзін насупраць другога жылі,— тлумачыць гісторыю сваёй сустрэчы Сяргей Уладзіміравіч.— Я ў армію адыходзіў, яна лялькі з ануч круціла на печы седзячы. Праз пяць гадоў са службы вярнуўся, гляджу, Марыя вырасла…
— На танцы мяне вадзіў, сачыў, каб ніхто не пакрыўдзіў,— смяецца Марыя Пятроўна.—Ды хто мог мяне пакрыўдзіць, калі збоку такі абаронца: у марскім бушлаце, шапцы-бесказырцы, з шырокімі плячамі і моцнымі кулакамі.
—Ну, сілы маіх кулакоў ты ніколі не ведала,— напалову жартаўліва, напалову сур’ёзна папраўляе жонку Сяргей Уладзіміравіч. –А рукі мае моцныя мне заўсёды ў рабоце нялішнімі былі. Імі рычагі ў дызельным трактары паварочваць лёгка было, і руль трактароў, на якіх працаваў, яны надзейна трымалі.
Так, больш за 50 гадоў жыцця правёў на трактары Сяргей Гусянцоў—механізатар КУСГП “Першамайскае”. Вось як аб гэтым гаворыць ён сам:
—У пачатку вайны я зусім хлапчуком быў. Яе пачатак дрэнна помню. А вось як працаваць пачаў яшчэ падлеткам —гэта ў памяці засталося на ўсё жыццё.. Як толькі нашы мясціны ад немцаў вызвалілі, на другі дзень разам з і ншымі на работу выйшаў. У 15 гадоў на конях працаваў: насенне ў поле падвозіў, за плугам вучыўся хадзіць, поле баранаваў. Сям’ю трэба было карміць: бацька з фронту не вярнуўся, дзе пахаваны, па сённяшні дзень не ведаю. У сям’і, акрамя мяне, двое братоў малодшых ды маці з сястрой… Цяжка тады ўсім жылося, але мы з усіх сіл за жыццё трымаліся.
У 1948 годзе Сяргей Гусянцоў напісаў заяву ў Дубровенскую МТС аб залічэнні яго на курсы механізатараў. З 1949 года пачаўся адлік яго працоўнай біяграфіі ў якасці механізатара ў саўгасе “ 1 Мая”, якая перарвалася ўсяго адзін толькі раз і было гэта звязана са службай у арміі.
Вярнуўшыся са службы ў марскім флоце, Сяргей Гусянцоў зноў сеў на трактар і заняўся звычайнай для яго хлебаробскай справай.
У працоўных буднях імкліва паляцелі адзін за другім гады жыцця. Вось ужо і сям’я ў яго з’явілася, а ў ёй—з цягам часу—трое дзетак: два сыночкі і дачушка.
— Сяргей мой ніколі гультаём не быў, ноччу не даспіць, а ўсю цяжкую работу па дому мне дапаможа выканаць,—з гордасцю за мужа гаварыла Марыя Пятроўна Гусянцова.
Ад сваёй субяседніцы я даведалася, што ў канцы шасцідзесятых—пачатку семідзесятых гадоў ўжо мінулага стагоддзя Сяргей Гусянцоў быў прызначаны звеннявым па вырошчванню агароднінных культур, сярод якіх былі кукуруза, бульба, і дабіўся ў гэтай справе высокіх вынікаў. Асабліва высокія паказчыкі меў на вырошчванні бульбы.
—За мной было замацавана 30-гектарнае поле ў вёсцы Чубакова,
—гаворыць Сяргей Уладзіміравіч.— Яго я даглядаў як сваё ўласнае, можа, яшчэ і лепш. Відаць, таму бульба на маім полі заўсёды добра радзіла. На іншых саўгасных палетках – 250-270 цэнтнераў збіралі, а на маім полі крышачку больш—320 і больш,— сціпла ўсміхаецца Сяргей Уладзіміравіч.
—За гэту “крышачку” ты свой Ордэн Леніна атрымаў, чаго не прызнаешся,— дакарае мужа Марыя Пятроўна.
—Сапраўды, быў у маёй працоўнай біяграфіі такі факт,— згаджаецца Сяргей Уладзіміравіч.—Ордэн далі мне аднаму, хаця заслуга ў высокіх ураджаях была не толькі мая. У нашай гаспадарцы ўсе стараліся, добра працавалі.
—Сяргей Уладзіміравіч, скажыце, калі ласка,— звяртаюся я да яго,— атрымаўшы Ордэн Леніна, вы мелі якія – небудзь прывілеі ў жыцці, рабоце?
—Прывілея ў мяне была толькі адна: працаваць яшчэ лепш, чым працаваў раней. Трэба было высока трымаць працоўную планку, каб людзі не смяяліся, што нізавошта высокую дзяржаўную ўзнагароду атрымаў. Такімі ордэнамі тады не раскідваліся, іх адзінкі з раёна атрымлівалі,— сур’ёзна гавораць мой суразмоўца. —- Яшчэ да ордэна пяцьдзесят рублёў прэміі атрымаў. Тады гэта былі неблагія грошы, яны на будаўніцтва нашага з Марыяй дома патрачаны былі.
—Ці адчуваеце вы да сябе, Сяргей Уладзіміравіч, увагу з боку цяперашняга кіраўніцтва гаспадаркі? Як-ніяк вы—заслужаны чалавек, пенсіянер самавітага ўзросту, —цікаўляюся у Гусянцова.
—А якая ўвага мне патрэбна?—не разумее майго пытання Сяргей Уладзіміравіч.—Пакуль што я магу сам сябе і сваю сям’ю забяспечыць. З цяперашнім дырэктарам гаспадаркі Мікалаем Ільічом Селіханавым мы ў дзяцінстве па суседству жылі. У нас з ім заўсёды добрыя адносіны былі, такімі ж і засталіся. Звярніся да яго—ні ў чым не адмовіць ні табе, ні іншым. Я ж пакуль не маю ў гэтым неабходнасці. У мяне свой трактарок на падвор’і, прычэп да яго стаіць спраўны, калі што трэба прывезці – рукі мае яшчэ ўпэўнена руль трымаюць. Да таго ж сын дарослы разам з намі жыве, ён таксама і рукі, і галаву на плячах мае. Так што рабочай сілай мы не абдзелены.
Вы не глядзіце, што мне 80 гадоў. Восемдзесят—гэта яшчэ не ўзрост старасці, хутчэй — узрост сталасці, — смяецца Сяргей Уладзіміравіч і працягвае ўжо сур’ёзна:—Трэба дапамога, гаспадарка не адмаўляе, і сена выдзяляе, і транспарт, і тэхніку. Усім без выключэння, па факту звароту. Дровы з сынам у лесе нарыхтоўваем, у лясніцтве нарад афармляем. Брыкет за грошы купляем. Адным словам, усё у нас добра.
… Такая вось сустрэча адбылася ў мяне ў вёсцы Чубакова. Пакідаючы гасцінны дом Сяргея Уладзіміравіча і Марыі Пятроўны Гусянцовых, у думках папрасіла Бога, каб паслаў ён ім добрага здароўя яшчэ на доўгія гады сумеснага жыцця. Побач з такімі, як яны, і іншым жыць на свеце радасна.
Лідзія ЧАПЯЛОВА
Какой смешной..=)
Рейтинг комментария:00
Скорее — очень-очень добрый ЧЕЛОВЕК с большой буквы с широкой искренней улыбкой!!!
Рейтинг комментария:00