У Калінаўке адбылося традыцыйнае свята вышыванкі
Даведацца, что такое чачохі, як прыгатаваць бульбяныя каўбаскі і шарлотку з яблыкамі і малінай, паўдзельнічаць ў беларускіх гульнях, абмеркаваць новыя ўзоры для вышыванак, атрымаць асалоду ад народнай музыкі можна было на традыцыйным свяце вышыванкі, якое адбылося ў аграгарадку Калінаўка.
Гэта не проста канцэрт, а свята-конкурс, на якім удзельнікі павінны былі прадставіць лепшыя напрацоўкі па прыгатаванні традыцыйных страў, гульняў і спеваў сваей мясцовасці.
Паўдзельнічаць у творчым спаборніцтве ў гэтым годзе вырашылі фальклорныя калектывы “Грамніцы” (Дуброўна), “Сяляначка” (Станіславова), “Беларусачка” (Асінторф) і, канешне, гаспадары — калектыў ”Калінаўскія маладзіцы”.
Вакол сцэнічнай пляцоўкі на агароджы былі развешаны рушнікі і абрусы, сурвэткі і сукенкі, вышытыя майстрыхамі розных узростаў. Сярод удзельнікаў конкурсу вышыванак былі прадстаунікі ўзорнага фальклорнага аб’яднання “Глыбінка” і бібліятэкі з Калінаўкі, майстры раённага Дома рамёстваў, аматары вышыванкі з Лядоў.
— Такія святы вельмі патрэбны, таму што толькі так мы зможам зберагчы, пазнаёміць дарослых і перадаць нашым дзецям усё хараство беларускай культуры, — адзначыла Таццяна Гарзуева, член журы свята-конкурсу. — Дзе вы яшчэ зможаце ўбачыць старажытныя вышытыя рушнікі, паспрабаваць бліны па бабуліных рэцэптах, узгадаць гульні, якімі бавіліся ў вольны час бацькі. Да таго ж уся праграма свята — гэта вынік вялікай краязнаўчай працы, якую праводзяць супрацоўнікі аддзела культуры і бібліятэк раёна. Усё гэта трэба было знайсці, апрацаваць, даць другое жыццё ў сучасных умовах.
Гледачы прымалі актыўны ўдзел у выступленнях кожнага творчага калектыву, і са смакам спрабавалі стравы, прыгатаваныя на конкурс. Напрыклад, чачохі, тоўстыя бліны, якімі звычайна частавала кума куму. Іх прыгатавала для конкурснага ўдзелу бібліятэкар з Калінаўкі Святлана Дзянісава.
І гледачы, і журы аднадушна прызналі пераможцамі на свяце ўзорнае фальклорнае аб’яднанне “Глыбінка” і вакальную групу “Беларусачка”.
Напярэдадні свята над палеткамі прашумела навальніца, але, калі артысты былі гатовы выйсці на сценічную пляцоўку, у лужынах зазіхацела сонейка, а на мехдвары сельгаспрадпрыемства дружна зараўлі маторы камбайнаў і МАЗаў — механізатары рыхтаваліся да выезда ў поле, каб пачать жніво. І гэты адказны этап земляробчай справы адбыўся, як і належыць спрадвеку: пад добрыя спевы і з добрым настроем.
Алена КАРСАКОВА.