Подарок от «Днепровки» получили самые верные подписчики
Вось і адыйшоў у гісторыю 2016 год, які быў напоўнены рознымі па сваіх мерках і важнасці падзеях. Год поспехаў і няўдач, узлётаў і падзенняў, сустрэч і раставанняў. На тое яно і жыццё, а ў ім здараецца рознае.
Адшумела Навагодняе свята. Свята, калі ўсе мы становімся крышачку дзецьмі, загадваем жаданні і верым у цуда. А каб цуды збываліся, трэба кожнаму стаць чарадзеем. Паспрабуйце прадбачыць жаданні блізкіх вам людзей. Магчыма ў вас атрымаецца выканаць некаторыя з іх. Іншы раз і маленькая дробязь здольна ўзняць настрой. Трэба толькі быць уважлівым, азірнуцца навокал. Сярод родных, сяброў, калег па працы, суседзяў ёсць людзі, якім патрэбна ваша дапамога. Не скупіцеся на добрыя словы, учынкі і міласэрнасць — ваша сэрца адчуе спакой. А там, глядзіш, і загаданыя вамі жаданні здзейсняцца. Напярэдадні Новага года выконваць жаданні рэдакцыйнага калектыву “Дняпроўкі” нам дапамагалі супрацоўнікі пошты, сельскіх паштовых аддзяленняў, няштатныя распаўсюджвальнікі і вы, паважаныя нашы падпісчыкі і чытачы.
Мы ўдзячны ўсім, хто прадоўжыў сяброўства з раёнкай. Словы падзякі і тым, хто падпісаўся на газету ўпершыню. Калектыў рэдакцыі будзе і надалей прапагандаваць і развіваць традыцыі дубровенскага краю, праслаўляць яго людзей, ушаноўваць ветэранаў і выхоўваць моладзь.
Традыцыйна ўжо каторы год сярод падпісаўшыхся на газету на паўгоддзе праводзіцца розыгрыш прыза. У гэты раз выканаць невялічкае жаданне нашых чытачоў і вызначыць уладальніка прыза нам дапамагалі выхаванцы дзіцячага садка №4 г.Дуброўна Настачка Самуйлава і Раман Калінін. Менавіта яны дапамаглі вырашыць, што падарунак ад рэдакцыі пад Новы год будзе ўручаны Ніне Леанідаўне Біруковай з Калінаўкі. Што мы з задавальненнем і выканалі.
Прыемна адзначыць, што раённую газету “Дняпроўская праўда” сям’я выпісвае ўсё жыццё і чытае яе ад коркі да коркі. А разам Ніна Леанідаўна і Канстанцін Пятровіч ужо амаль сорак год. Выхавалі дваіх цудоўных дзяцей, зараз сваю любоў і цеплыню сардэц дораць траім любімым унукам.
Ніна Леанідаўна каля 20 гадоў адпрацавала на комплексным прыёмным пункце, пасля яго закрыцця — прыбіральшчыцай у школе. Канстанцін Пятровіч працаваў шафёрам. Трэба сказаць, што і зараз яны не сядзяць склаўшы рукі. Трымаюць вялікую гаспадарку, апрацоўваюць добры кусок зямлі. У гаспадыні ідэальны парадак у хаце, уражвае колькасць кветак, чысціня і густ, а яшчэ душэўная шчодрасць.
—Люблю парадак, каб усё было акуратна і прыгожа, — сціпла прызналася Ніна Леанідаўна.
Пасля сустрэч з такімі людзьмі, неяк святлей і спакайней становіцца на душы.
Паважаныя дубровенцы, землякі! Віншуем вас з Новым 2017 годам. Жадаем, каб гэты год нёс у кожны дом дабрыню і цеплыню, дарыў радасць і цудоўны настрой, дабрабыт і згоду.
Няхай ён аб’яднае ўсіх нас вакол галоўных каштоўнасцей: любві да дзяцей, бацькоў, родных, свайго дома і сваёй краіны.
Святлана ШУРПАКОВА.