Аграрии ОАО «Правда-С» первыми в Дубровенском районе завершили уборочную

Спрадвеку нашы продкі адзначалі у канцы жніўня Хлебны Спас.  Да гэтага свята спяшаліся сабраць зерне ў засекі і пачаць сеяць азімыя. У адпаведнасці з гэтай старажытнай традыцыяй 30 жніўня скончылі жніво аграрыі ААТ «Праўда-С». Дарэчы, першымі ў раёне. Яны атрымалі найбольшую ўраджайнасць у раёне — 54 центнера з гектара і намалацілі 5260 тон збожжа

З гэтай падзеяй калектыў сельгаспрадпрыемства павіншаваў старшыня Дубровенскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Малянкоў. Святочныя віншаванні і шчырую ўдзяч­насць за працу атрымалі ўсе, хто прысутнічаў вераснёўскім ранкам на машынным двары ААТ «Праўда-С». Кіраўніку сельгаспрадпыемства быў уручаны духмяны каравай і Падзяка райкама прафсаюза работнікаў АПК за арганізавана праведзенае жніво і высокія паказчыкі ўраджайнасці.

Аляксей Хахлоў перадаў ўзнагароды галоўнаму аграному Алене Чачуёвай і непасрэдным удзельнікам жніва — трактарыстам-машыністам, камбайнерам і вадзіцелям. Ён адзначыў, што супакойвацца і расхаладжвацца яшчэ рана: трэба якасна правесці восеньскую пасяўную, завяршыць шэраг неадкладных сялянскіх работ. Алена Чачуёва падтрымала кіраўніка:

—Мы маем высокую ўраджайнасць, таму што своечасова выконваем ўсе агратэхнічныя работы і строга захоўваем усе тэхналагічныя патрабаванні ад апрацоўцы глебы да якасці насення і ўнясення ўгнаенняў. Дапасаваць да гэтага добры і адказны калектыў трактарыстаў-машыністаў, які мае наша гаспадарка і добры вынік не заставіць вас чакаць, — упэўнена Алена Чачуёва.

Увечары 2 верасня стала вядома, што аграрыі Віцебскай вобласці намалацілі 1 млн. тон зерня. У гэтай лічбе — 69347 тон, намалочаных на Дубровеншчыне.

 Па інфармацыі на 4 верасня, у нашым раёне скончылі жніво і ў ААТ «Каманіна». Там намалочана 5463 тоны з ураджайнасцю 34,7 центнера з гектара. У адным кроку ад фінішу жніва КУСГП імя Чарняхоўскага. Там убрана 99,9% плошчаў, атры­мана 6019 тон з ураджайнасцю 41,5ц/га. Увогуле па раёне убра­на 89% плошчаў зерневых і зернебабовых культур. Умовы надвор’я, на жаль, не спрыяюць жніву ў гэтым годзе. Таму трэба выкарыстоўваць любую магчымасць, каб з пачуццём добра выкананых абавязкаў сустрэць абласныя «Дажынкі», правядзенне якіх намечана ў Віцебску на 26 верасня.

Алена КАРСАКОВА