Адказнасць за справу

Шэрым лістападаўскім ранкам мы наведалі МТФ «Засценкі». Амаль разам з намі да фермы пад’ехаў трактар з мяхамі мукі: жывёлаводы вялі раздачу кармоў сваім выхаванцам. У памяшканнях роўнымі валкамі пад мордамі бычкоў — сянаж, якім яны апетытна хрумкалі.

— Тут знаходзяцца чатыры сараі, дзе на дарошчванні і адкорме стаяць 516 бычкоў. Мы прымаем цялят пасля выпайкі вагой ад 150 кілаграмаў, пераводзім іх на грубыя кармы і адкармліваем да 450 кілаграмаў, — расказвае брыгадзір Тамара Арбузава, якая займае гэтую пасаду ўжо 15 гадоў.

Яна адзначыла, што ў брыгаду ўваходзяць 10 чалавек: чатыры жывёлаводы, адзін — дзённы даглядчык, два — стоража, слесар і трактарыст. Корм загружаецца і раздаецца механізавана. Жывёлаводы павінны сачыць за кармавым сталом, чысцінёй кармушак і паілак, агульным станам жывёл.

 Да зімы працаўнікі СГФ імя Ю.Смірнова падрыхтаваліся: за лета пабялілі памяшканні, правялі бягучы рамонт абсталявання. Да халадоў закрылі вокны, уцяплілі тамбуры.

— Адзначу, што кармоў дастаткова. Мы забяспечаны сенам і сенажом, сіласам і мукой. Падвозяць і кастру на падсцілку. Працоўны дзень жывёлаводаў мае свой дакладны рэжым: сем гадзін з 8.00 да 17.00 з перапынкам на абед з 12.00 да 14.00. Аднак я, як брыгадзір, часцей за ўсё затрымліваюся болей, — прызналася з усмешкай наша субяседніца.

Яна ўпэўнена, што галоўнае ў справе жывёлаводаў — чалавек і яго стаўленне да службовых абавязкаў, таму імкнецца перадаць хоць частку сваёй адказнасці і добрасумленных адносін да жывёл сваім падначаленым. Таму і строга сочыць за выкананнем кожным сваёй частцы работы, і гатова дапамагчы, калі хтосьці не паспявае, не спраўляецца.

 Яна расказала, што ў жывёлагадоўлю прыйшла выпадкова. Пасля школы скончыла вучылішча на футравым камбінаце ў Віцебску, там адпрацавала тры гады, але, як кажуць, па сямейных абставінах вымушана была вярнуцца на малую радзіму. Працаваць пачала ў 1988 годзе ў саўгасе «Перамога», прайшла з  сельгаспрадпрыемствам праз реарганізацыі і пераіменаванні,  а з марта 2024 года атрымала права на пенсію, але застаецца працаваць, бо душой хварэе за жывёлу і вынік працы.

Алена Карсакова