День подписчика прошел в д. Застенки и аг. Осинторф

Чарговы дзень падпісчыка прайшоў у аддзяленнях паштовай сувязі ў в. Засценкі   і аг. Асінторф. У Засценках мы сустрэліся з пастаянным падпісчыкам Яўгенам Макаравічам Масейкам. Ён заўжды выпісвае раённую газету адразу на квартал.

Разам з жонкай Марыяй Якаўлеўнай яны любяць пачытаць пра землякоў, пра важныя падзеі ў раёне і краіне, давяраюць і прагнозу надвор’я, які публікуецца ў газеце (на здымку).

У Асінторфе нас чакала ажыўленая мітусня: на пошту толькі паступілі тавары паўсядзённага попыту, і асінторфцы спяшаліся папоўніць свае запасы, а паміж справай паспявалі падысці да паштальёнаў, каб аформіць падпіску.

Алена Фёдараўна Дзікарава адзначыла, што, колькі памятае сябе, заўсёды іх сям’я выпісвала «Дняпроўку»:

—Так склалася, што я нядрэнна знаёмая з раёнам і жыхарамі розных населеных пунктаў. Таму заўсёды ўважліва чытаю газету, разглядаю фатаграфіі — шукаю знаёмых, радуюся іх поспехам. Падабаецца вельмі сямейная старонка, люблю чытаць інфармацыю пад рубрыкай «Правапарадак».

Алена Мікалаеўна Кухарэнка таксама з’яўляецца пастаяннай падпісчыцай раённай газеты. Яна адзначыла карыснасць рубрыкі «Прыватныя аб’явы». Відаць, што газету не проста чытаюць у Асінторфе, але і абмяркоўваюць, выказваюць свой пункт гледжання на апублікаванае. Так, жанчыны выказалі агульнае пажаданне землякоў: часцей і падрабязней друкаваць інфармацыю аб праваслаўных і народных традыцыях; старацца не дзяліць тэлевізійную праграму на два нумары і часцей пісаць пра іх любімы Асінторф.

Дзякуй вялікі за вернасць раённаму выданню, за вашу неабыякавасць да роднай зямлі. Мы зробім усё магчымае, каб улічыць у сваёй рабоце ўсё прапановы, якія прагучалі падчас нашых сустрэч.

 Алена КАРСАКОВА