На Дубровенщине прошло «Свята вышыванкі»

У адзін з цёплых летніх дзянькоў  у аграгарадку Калінаўка ў шосты раз адбылося  свята традыцыйнай культуры «Свята вышыванкі». Гэта брэндавае мерапрыемства калінаўскай зямлі. Свята праходзіла на танцавальнай пляцоўцы і на прылягаючай да яе тэрыторыі: выстава вышыванак «Скарбы нашых продкаў», ручнікоў «Ручнік як лёс», дэгустацыя старадаўніх страў «З глыбіні вякоў» і «Смак беларускай кухні», бібліятэка пад адкрытым небам «Чароўная іголка» і гульні для дзяцей чакалі ўсіх удзельнікаў.

У гэты раз свята прысвячалася беларускім ручнікам. Раней побыт беларускага чалавека немагчыма было ўявіць без ручніка. Ён заўсёды меў сакральны сэнс і суправаджаў чалавека ўсё жыццё: ад нараджэння і хрэсьбін да апошняга часу. Абрадавыя ручнікі захоўваліся ў сем’ях на працягу многіх гадоў, таму яны дажылі да нашых дзён.

Ручнік побач з посцілкамі, абрусамі  мы называем вялікім скарбам. Таму, што ручнік —  не проста кавалак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. На Беларусі шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў. На ручніку падносяць  хлеб-соль, калі вітаюць дарагіх гасцей, таму што ручнік — сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты.

Ручнік шырока выкарыстоўваўся ў радзінна-хрэсьбіннай абраднасці. Яму надавалася магічная сіла. Памыўшы першы раз дзіця, яго выціралі ручніком. У час адведак жанчыны прыносілі хлеб, падарункі, гасцінцы, загорнутыя ў ручнік. Маці дзякавала бабцы-павітусе так: «Дзякуй вам, бабуся, што паслухалі — папрацавалі. Няхай Вам Гасподзь вашу працу верне». Потым падавала ручнік, кавалак палатна і хлеб.

Ручніком бацька перавязваў маладых і, узяўшыся за яго канцы, абводзіў будучых  мужа і жонку тры разы вакол стала перад вянчаннем. Бацькі сустракалі маладых пасля вянчання хлебам-соллю на ручніку.

А калі нявеста прыязджала ў хату свякрові, то вешала ручнікі над вокнамі, на бажніцы. А вельмі  працавітая нявеста адорвала ўсіх мужчын радні жаніха ручнікамі, а жанчын — наміткамі.

Раней ручнік быў часткаю вясельнага галаўнога ўбора. Вясельны ручнік — своеасаблівы сімвал аб’яднаня двух родаў.

Шырока выкарыстоўваўся ручнік і ў жалобнай абраднасці. І сёння труну апускаюць на ручніках. На могілках на крыжы памерлым вешаюць ручнікі. Рытуалы з ручніком адрозніваюцца паводле формы, але іх аб’ядноўвае сутнасць самога абраду — ушаноўванне продкаў.

Ручнікі, у залежнасці ад прызначэння, бываюць розныя: уціральнікі (імі выціралі твар), скарачы, або трапкачы (для выцірання посуду, рук, у іх пераносілі керамічны посуд з ежай). Маладыя стаялі на ручніку-падножніку, а чырвоны кут упрыгожвалі набожнікі, або абразныя ручнікі. Яшчэ былі пасцяныя, якія вешаліся ў час Вялікага посту, і святочныя.

Аб усім гэтым расказалі  на свяце ў Калінаўке бабуля з унучкай (Антаніна Марозава і Надзея Сівіцкая).

На працягу ўсяго вечара тут гучалі беларускія народныя і аўтарскія песні, задорныя танцы і вясёлыя інсцэніроўкі. Было гэта падрыхтавана ўдзельнікамі народнага ансамбля народнай песні «Калінаўскія маладзіцы», узорнага фальклорнага  аматарскага  аб’яднання  «Глыбінка», вакальных  груп «Спеўнае поле» і «Спяваючая душа». Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы мерапрыемства аказала бібліятэкар Святлана  Дзянісава.

А самыя шчырыя і дружныя апладысменты ад ўдзячных гледачоў  атрымалі  ўдзельнікі  мастацкай творчасці філіяла «Ляднянскі  сельскі Дом культуры» і  бібліятэкі. Загадчык філіяла «Калінаўскі СДК»  Антаніна Марозава падзякавала ўсім, хто прыйшоў на гэта брэндавае мерапрыемства. 

«Як добра, што ў гэты жнівеньскі  дзянёк сабралася разам наша вясковая сям’я. А сабраў нас усіх «ручнік». Упэўнена, што гэта наша не апошняя сустрэча,  бо мы ніколі не забудзем  матчын ручнік — сімвал чыстага і светлага жыцця, які з’яўляецца сапраўдным абярэгам», — сказала напрыканцы свята Антаніна Марозава.