Карагод свята вёсак
Восеньскімі сонечнымі днямі работнікі вясковых устаноў культуры спяшаюцца наведаць як мага больш маленькіх вёсачак, жыхары якіх захоўваюць традыцыі звычайнага сялянскага жыцця. Зараз, калі большасць работ у агародзе і полі скончылася, самая пара, каб сустрэцца з суседзямі, паслухаць добрыя песні, даць волю прыемным успамінам, падзяліцца з маладзейшымі жыццёвай навукай і перадаць на далейшае захоўванне для наступных пакаленняў мясцовыя звычаі.
Так, загадчык Якубаўскага СДК Алена Стрыжка расказала нам пра такія цёплыя сустрэчы ў вёсках Пірагі і Чыжоўка. Яна адзначыла, што вякікую дапамогу ў іх правядзенні аказалі страрэйшыны вёсак: Ала Ільінічна Сардэчная з Чыжоўкі і Наталля Сцяпанаўна Шайкова з Пірагоў. Менавіта яны пачыналі свята ў сваіх вёсках пажаданнем, каб жыццё ў гэтых населеных пунктах працягвалася, нараджаліся дзеці, гучаў смех і спевы, каб людзі добрасумленна працавалі для асабістага дастатку і дабрабыту роднага краю, як гэта рабілі людзі старэйшага ўзросту. Дарэчы, свята ў Чыжоўцы праходзіла каля ўтульнага падворку старажыла вёскі Надзеі Стэфанаўны Бяднёвай, якой споўнілася 87 год. Узгадалі і пра самага маленькага жыхара Іллю Слуцкага, які нарадзіўся ў 2020 годзе. А вось у Пірагах гэтыя ганаровыя званні маюць Надзея Данілаўна Сідарэнка і Сняжана Таргоня.
Напярэданні свята пажылых людзей маршрут артыстаў Зарубскага СДК пралёг да аддаленых вёсак Вежкі і Пуцяціна. Загадчык Зарубскага СДК Таццяна Сепава запрасіла жыхароў гэтых населеных пунктаў да шчырай размовы пра вёску, яе гісторыю і сучаснае жыццё-быццё, пра гаспадарку, пра цудоўных людзей, якiя тут жывуць i каго ўжо няма, але пра каго засталася добрая памяць. Асобныя старонкі святаў былі прысвечаны памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны, працоўным дасягненням жыхароў у мірны час.
Вёска Пуцяціна можа ганарыцца жыхарамi, якiя адпрацавалi ўсё сваё жыццё ў саўгасе, маюць узнагароды за добрасумленную працу: Таццяна Мiтрафанаўна Нiкiцiна, Градыслава Яўгенаўна Макулькiна, Клаўдыя Мiкiтаўна Макулькiна, Юлiя Яфiмаўна Барысоўская, Вера Парфёнаўна Сiлкова, Вольга Яфрэмаўна Куляшова.
Зараз у вёсцы Вежкі — 6 двароў, 7 жыхароў. Самы старэйшы жыхар вёскi — Зоя Мiкiтаўна Пiлатава, якой споўнілася 93 гады.
Для гэтых людзей удзельнікамі мастацкай самадзейнасці Зарубскага СДК былі падрыхтаваны музычныя падарункі, гучалі вершы і гумарэскі.
Святы спадабаліся кожнаму, хто далучыўся да іх. Жыхары вёсак пакідалі месца правядзення свята ў добрым настроі, выказваючы словы падзякі работнікам культуры і самадзейным артыстам, спадзяючыся на новыя сустрэчы.
Алена КАРСАКОВА.