Дубровенские библиотекари создали электронный справочник района
Прыродная спадчына Дубровеншчыны
Наша Дубровеншчына — зямля з багацейшымі гістарычнымі і культурнымі традыцыямі, звычаямі, рамяством.
Бібліятэкары цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна праводзяць вялікую работу па збору гісторыка- і эколага-краязнаўчых звестак, якія потым афармляюць у буклеты, зборнікі і прадстаўляюць увазе тых наведвальнікаў, хто цікавіцца прыродай роднага краю. Была рэалізавана мэтавая комплексная праграма “Жывая памяць Дубровеншчыны”. Вялікая частка работы, праведзенай у рамках праграмы, адлюстравана ў электронным эколага-краязнаўчым дапаможніку “Прыродная спадчына Дубровеншчыны”. Аб ім мне апавядае намеснік дырэктара Дубровенскай ЦБС Алена Юр’еўна Якавенка.
—Электронны эколага-краязнаўчы дапаможнік “Прыродная спадчына Дубровеншчыны”, — гаворыць Алена Юр’еўна, — быў створаны інжынерам-праграмістам раённай бібліятэкі і работнікамі аддзела маркетынгу ЦБС. У аснову яго стварэння былі пакладзены інфармацыя, прадастаўленая інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, звесткі і шматгадовыя назіранні, занатаваныя ў машынапісным выданні былога настаўніка-краязнаўцы сярэдняй школы № 2 г.Дуброўна Мікалая Васільевіча Кляцкова, розных энцыклапедычных выданнях, сетцы Інтэрнет. Сёння гэты электронны дапаможнік даступны любому карыстальніку, мае зручны інтэрфэйс, аснашчаны агульнай сістэмай пошуку і пошуку па ключавому слову (гэта тыя словы, якія найбольш часта выкарыстоўваюцца).
Электронны дапаможнік уключае 7 раздзелаў. Кожны з іх мае падраздзелы. Некаторыя з раздзелаў дапаўняюць фотаматэрыялы. У перспектыве плануецца дапоўніць электронны дапаможнік відэаматэрыяламі. Наш электронны эколага-краязнаўчы дапаможнік прызначаны для шырокага кола чытачоў, — падкрэслівае намеснік дырэктара Дубровенскай ЦБС А.Ю.Якавенка. — І мы, бібліятэкары, спадзяемся, што ён дапаможа развіць экалагічную культуру ў насельніцтва, выхаваць маладое пакаленне, для якога жыццёвай неабходнасцю стане зберажэнне і захаванне багаццяў зямлі.
Лідзія ЧАПЯЛОВА.