Машинно-тракторный парк сельхозпредприятий Дубровенщины ожидают большие перемены
“Абутак” для трактароў
Адной з асноўных праблем пры падрыхтоўцы тэхнікі да веснавых палявых работ з’яўлялася адсутнасць у большасці гаспадарак раёна сродкаў для закупкі новых шын замест зношаных. Гэтую праблему аграрыям раёна дапамагла вырашыць дзяржава: для закупкі новых шын з абласнога бюджэту выдзелена каля 1 мільярда рублёў. Гэтыя сродкі былі накіраваны на банкаўскі рахунак ААТ “Дубровенскі райаграсэрвіс”. Галоўны інжынер гэтай арганізацыі Андрэй Міхайлавіч СЫЧОЎ расказвае:
—На выдзеленыя грошы мы на Бабруйскім шынным камбінаце набылі шыны для ўсіх марак трактароў і сельгасмашын, даставілі іх на нашу базу і згодна заявак раздалі гаспадаркам. Да пачатку веснавой сяўбы яшчэ ёсць час, каб замяніць зношаныя шыны на новыя.
Тэхніка па лізінгу
Як і ў папярэднія гады, сёлета машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемстваў папоўніцца новымі трактарамі і сельгасмашынамі.
Начальнік вытворчага аддзела райсельгасупраўлення Уладзімір Мікалаевіч Анішчанка паведаміў, што па лізінгу гаспадаркі раёна атрымаюць 36 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, у тым ліку пяць трактароў, адзін кормаўборачны камбайн, чатыры машыны для ўнясення вадкіх мінеральных угнаенняў і хімапрацоўкі пасеваў, у тым ліку адну самаходную, два дыскатары, восем трактарных дыскавых касілак, чатыры рулонныя прэс-падборшчыкі і іншыя сельгасмашыны.
Найбольшую колькасць тэхнікі па лізінгу сёлета атрымае ААТ “Баброва-Агра”: трактар МТЗ-1523, самаходны апырсквальнік “Дзвіна”, дыскатар і касілку.
Новыя трактары МТЗ-1523, якія прыстасаваны для работы з навясным пасяўным агрэгатам “Лемкен”, выдзелены таксама ААТ “Каманіна” і КУСГП “Арловічы”. Энерганасычаныя трактары МТЗ-3022 атрымаюць ААТ “Праўда-С” і КУСГП “Першамайскае”, а кормаўборачны камбайн КВК-800 — КУСГП “Прыдняпроўскі”. Новы высокаэфектыўны глебаапрацоўчы агрэгат дыскатар акрамя ААТ “Баброва-Агра” набудзе таксама ААТ “Каманіна”.
У гэтыя дні гаспадаркі раёна заключаюць дагаворы з пастаўшчыкамі тэхнікі і вядуць аплату першапачатковага ўзносу за трактары і сельгасмашыны, выдзеленыя па лізінгу.
Андрэй КВІР