Дубровенские кормозаготовщики с задачей справились

Дубровно, сельское хозяйство, урожай 2011, заготовка кормов, механизатор, трактор, комбайн

Завяршаецца першы этап нарыхтоўкі кармоў. Якія яго вынікі? Такое пытанне я задаў намесніку начальніка райсельгасупраўлення Валерыю Мікалаевічу Мельніку.

—У цэлым корманарыхтоўшчыкі раёна з пастаўленай задачай справіліся, — апавядае Валерый Мельнік. — У пераважнай большасці гаспадарак касавіца траў была завершана ў чэрвені, гэта значыць, у аптымальныя тэрміны. У цэлым па раёне па стану на 1 ліпеня было нарыхтавана 95 тысяч тон сенажу і 4678 тон сена. У разліку на ўмоўную галаву жывёлы назапашана па 13,7 цэнтнера кармавых адзінак. Гэта на 1,4 цэнтнера кармавых адзінак менш, чым на гэты час у мінулым годзе.

Недабор пэўнай колькасці кармоў у параўнанні з узроўнем мінулага года, па словах Валерыя Мельніка, тлумачыцца, па-першае, тым, што на значных плошчах травы сёлетняй вясной былі ўзараны і засеяны збожжавымі, а, па-другое, на росце траў адмоўна адбілася засушлівае надвор’е ў першай палавіне чэрвеня.

Да слоў Валерыя Мельніка варта дадаць, што па колькасці кармоў, назапашаных у разліку на ўмоўную галаву жывёлы, наш раён займае першае месца ў вобласці. План нарыхтоўкі сенажу выкананы на 86 працэнтаў, а сена — на 109 працэнтаў.

Першае месца ў раёне па колькасці назапашаных кармоў на ўмоўную галаву жывёлы займае ААТ “Каманіна”. Вышэй за сярэднераённы паказчык маюць запасы кармоў ААТ “Герой”, “Рэдзькі”, “Усход-Чырына”, “Гігант-Агра”, “Прыдубровенскае”, КУСГП “Арловічы”. У той жа час у КУСГП “Зарубы” назапашана кармоў менш, чым у любой іншай гаспадарцы раёна — усяго па 8,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, у два разы менш, чым у мінулым годзе.

Як паведаміў Валерый Мельнік, у пераважнай большасці гаспадарак уборку траў правялі ўласнымі сіламі. Толькі ААТ “Баброва-Агра” пэўную дапамогу ў касьбе траў і адвозцы кармоў аказвалі механізатары райаграсэрвісу, у канцы чэрвеня сюды прыбыў мехатрад ААТ “Якубава-Агра”. Высокім тэмпам нарыхтоўкі кармоў спрыяла і тое, што практычна ўсе гаспадаркі маюць па 2-3 кормаўборачныя камбайны, дастатковую колькасць трактарных касілак, трактарных грабель, прэс-падборшчыкаў, спецыяльных прычэпаў для адвозкі кармавой масы. Дастаткова сказаць, на ўзбраенні кормаатрадаў раёна маецца 18 магутных кормаўборачных камбайнаў КВК-800, якія гаспадаркі атрымалі ў апошнія тры гады. Ды і надвор’е ў чэрвені сёлета спрыяла корманарыхтоўшчыкам.

Дубровно, сельское хозяйство, урожай 2011, заготовка кормов, механизатор, трактор, комбайн

Не менш важнае значэнне для павышэння прадуктыўнасці жывёлы мае не толькі колькасць, але і якасць кармоў. І гэтаму, па словах Валерыя Мельніка, у гаспадарках раёна сёлета ўдзялялася асаблівая ўвага. Для кантролю за якасцю кармоў, згодна з загадам начальніка райсельгасупраўлення, створаны тры тэхналагічныя групы.

Ветурач хімік-таксапатолаг райветлабараторыі Наталля Міхайлаўна Кускова, якой даручана весці аператыўны кантроль за якасцю нарыхтоўваемых кармоў, расказала, што тэхналагічныя групы рэгулярна выязджалі ў гаспадаркі і з дапамогай спецыяльных прыбораў вызначалі вільготнасць і тэмпературу сянажнай масы.

—Лабараторныя аналізы, якія правялі спецыялісты нашай лабараторыі, сведчаць, што па стану на 28 чэрвеня ўся кармавая маса, закладзеная ў траншэі, па вільготнасці адпавядае сенажу. Па ўтрыманню караціну 79 працэнтаў сенажу адпавядае першаму класу, а 21 працэнт — другому. Сенажу трэцяга класа і няякаснага па ўтрыманню караціна не выяўлена.
Усё нарыхтаванае сена мае нармальную вільготнасць. 80 працэнтаў яго па ўтрыманню караціну адпавядае першаму класу, астатняе — другому. Нарыхтоўцы высокай якасці сенажу і сена спрыяла сухое надвор’е ў чэрвені.

Не менш важна і тое, што амаль паўсюдна была арганізавана кругласутачная трамбоўка сянажнай масы ў траншэях. Для кантролю за ажыццяўленнем гэтага вельмі важнага працэса пры закладцы сенажу, нярэдна тэхналагічныя групы выязджалі ў гаспадаркі раннім ранкам і позна вечарам. Грубых парушэнняў тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў не выяўлена.

Вось такія вынікі першага этапа нарыхтоўкі кармоў.

На працягу апошняга тыдня амаль штодзень ідуць дажджы. І атава шматгадовых траў пачала хутка адрастаць. Значыцць, будзе другі ўкос, за кошт якога значна папоўняцца кармавыя запасы. А яшчэ на 5000 гектарах на палетках раёна набірае сілу кукуруза і на 336 гектарах — кармавыя караняплоды. Працэс корманарыхтоўкі будзе працягвацца да позняй восені.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *