Дубровенские библиотеки объединили знания краеведов
Дзень беларускага пісьменства з’яўляецца нашым нацыянальным святам. Яно праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. У аснову канцэпцыі Дня беларускага пісьменства пакладзена ідэя прапаганды пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый Беларусі.
Дата яго правядзення невыпадковая. Звычайна Дзень пісьменства адзначаецца ў першыя дні новага навучальнага года. Адукацыя, інфармацыя і культура — тры галіны, якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе будучыню і сённяшні дзень.
Дарэчы, традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню яно прайшло ў 1994 годзе ў Полацку. Сталіцамі Дня беларускага пісьменства былі таксама гарады Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаўль, Мір, Камянец, Смаргонь, Хойнікі, Барысаў. Сёлета свята пісьменства адбылося ў горадзе Ганцавічы Брэсцкай вобласці…
Але перш чым звярнуцца да сучаснасці, паглыбімся ў гісторыю.
Станаўленню беларускай мовы і пісьменства ўсходніх славян садзейнічала Хрышчэнне Русі. У ХІІ-ХІІІ стагоддзях носьбітамі культуры ў народ на тэрыторыі Беларусі былі Кірыл Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Аўрамій Смаленскі, Клімент Смаляціч, пазней, у ХVІ стагоддзі — Францыск Скарына — беларускі першадрукар, асветнік, гуманіст, вучоны-энцыклапедыст.
У XVI-XVII стагоддзях значную ролю ў развіцці і ўкараненні ў беларускую культуру пісьменства ўнеслі аршанскі стараста Філон Кміты-Чарнобыльскі, члены Аршанскага праваслаўнага брацтва, Куцеінскага Богаўяўленскага манастыра, а таксама Спірыдон Собаль, Іоль Труцэвіч. Яны пакінулі пасля сябе помнікі літаратуры і кнігадрукавання, якія захаваліся да нашага часу.
Не выключана, што развіццё пісьменства ў Оршы мела ўплыў на суседняе з ёй Дуброўна, першае ўпамінанне аб якім мы звязваем з 1393 годам. Дзякуючы матэрыялам і дакументам пісьменства, якія захаваліся, мы зараз ведаем гісторыю дубровенскага края, пачынаючы з першабытных часоў. Яна занатаваны ў 2 тамах кнігі-хронікі “Памяць. Дубровенскі раён”. Больш таго, гістарычная інфармацыя, якая сабрана на працягу апошняга часу, ужо даўно выйшла за рамкі двухтомніка і ў выпадку перавыдання кнігі не выключана, што аб’ём яе можа быць павялічаны.
Над кнігай “Памяць. Дубровенскі раён” працавалі дзесяткі людзей: навуковыя дзеячы, партыйныя і савецкія работнікі, настаўнікі-краязнаўцы, культработнікі, якія па крупінках збіралі і правяралі інфармацыю ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, Цэнтральным дзяржаўным архіве кінафотадакументаў Беларусі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, рукапісным аддзеле бібліятэкі Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, Віцебскім краязнаўчым музеі, Віцебскай абласной пракуратуры, філіяле Дзяржаўнага архіва міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, у цэнтральным архіве старажытных актаў у горадзе Маскве, Смаленскім абласным гістарычным музеі, Смаленскай абласной бібліятэцы, Шушанскім краязнаўчым музеі, Чыцінскім музеі дзекабрыстаў, дзяржаўным гістарычным архіве Літвы.
Значны ўклад ў стварэнне кнігі “Памяць. Дубровенскі раён” унеслі ўдзельнікі вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, журналісты, культработнікі. Учытваючыся ў радкі гісторыі нашага краю, мы бачым за імі шырокую панараму падзей, якія адбываліся на землях Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы, якія пэўным чынам закраналі Дубровеншчыну, яе людзей у розныя перыяды гісторыі.
У Беларускай Савецкай энцыклапедыі дадзена вызначэнне слову “пісьменства”. Яно тлумачыцца як сукупнасць пісьменных помнікаў якога-небудзь народа ў пэўную гістарычную эпоху. Яны адлюстроўваюць сферы чалавечай дзейнасці, самымі важнымі з якіх з’яўляюцца справаводства, культура, рэлігія.
Хто ведае, магчыма, з цягам часу да разраду такіх пісьмовых помнікаў будзе аднесена і наша раённая газета “Дняпроўская праўда”, якая ў сваіх тоўстых падшыўках, пачынаючы з пачатку 1950-х гадоў, захоўвае ў храналагічнай паслядоўнасці на сваіх старонках інфармацыю аб ўсім, чым жыў раён, як развіваўся, якія людзі праслаўлялі яго, як іх славілі за добрую працу і г.д. Старонкі раённага выдання, якое некалькі разоў мяняла сваю назву, утрымліваюць цэлыя пласты гісторыі мінулага і сучаснасці Дубровеншчыны, каштоўныя ўспаміны тых, каго ўжо даўно няма сярод нас, якіх не знойдзеш у скупых радках архіўных звестак, яны сведчаць аб тым, як жылі цэлыя народы і пакаленні на рубяжы старога і новага стагоддзяў, якую ролю ў іх жыцці адыграла Слова…
Так, гісторыю краіны, вобласці, раёна, роду пішуць людзі. І сёння проста немагчыма не успомніць добрым словам усіх тых, хто мае дачыненне да нялёгкай справы жыццяпісу і сёння лічыць Дзень пісьменства калі не прафесійным, то абавязкова святочным днём. У першую чаргу гэта работнікі бібліятэк, паколькі яны не толькі збіраюць і захоўваюць творы пісьменства, але і прапагандуюць, распаўсюджваюць іх. І формы работы ў іх па захаванню гэтай вялікай спадчыны самыя разнастайныя: ад выдачы кніг па абанементу да правядзення тэматычных выстаў, уладкавання мінімузеяў (напрыклад, у Баброўскай бібліятэцы створаны музей ільна) да сустрэч з чытачамі ў самых аддаленых пунктах раёна і запісу ўспамінаў аб тым, як жылі дзяды і прадзеды.
“Прапаведуюць” пісьменства мудрыя педагогі ў школах раёна, якія нястомна вядуць юнае пакаленне ў Краіну ведаў, вучаць яго пазнаваць свет, цаніць усё прыгожае на зямлі, знаёмяць з гісторыяй роднага края, адным словам, рыхтуюць маладое пакаленне да ўзыходжання на высокія п’едэсталы адукаванасці.
А яшчэ ёсць людзі, для якіх вывучэнне гісторыі роднага краю стала жыццёвай неабходнасцю, не выходзячы пры гэтым з рамак захаплення, паколькі па роду дзейнасці ім даводзіцца выконваць іншую работу, мець іншыя прафесіі. Гэта краязнаўцы-аматары.
У першую чаргу – ветэран Узброеных Сіл, сакратар раённай ветэран-скай арганізацыі Аляксей Якаўлевіч Гаўруцікаў, адзін з галоўных састаўляльнікаў кнігі-хронікі “Памяць. Дубровенскі раён”, аўтар многіх нарысаў аб гісторыі населеных пунктаў раёна і храналогіі гістарычных падзей Дубровеншчыны, чалавек, які і сёння вядзе вялікую пошукавую работу па ўстанаўленню імён загінуўшых воінаў, якія аддалі свае жыцці, памерлі ад ран або прапалі без вестак у баях на Дубровеншчыне ў 1941-1945 гадах. На сёння дадаткова ўстаноўлена больш за 10 тысяч імён загінуўшых.
Не магу не назваць у гэтым кантэксце імёны і прозвішчы яшчэ многіх іншых людзей, якія ўдумліва даследуюць і вывучаюць гістарычную спадчыну нашай Дубровеншчыны. Да ліку такіх даследчыкаў адносяцца былы старшыня раённага выканаўчага камітэта, а цяпер пенсіянер Міхаіл Аляксандравіч Ляшчынскі, настаўнік геаграфіі Мікалай Васільевіч Кляцкоў, ужо пойшоўшыя з жыцця педагогі Канстанцін Фёдаравіч Крук з Асінторфа, Барыс Фёдаравіч Шалуха з пасёлка Арэхаўск Аршанскага раёна, Мікалай Аляксеевіч Шкадаў з Дуброўна, Леў Саламонавіч Эрэнбург з Лядоў.
Работнікі бібліятэчнай сістэмы раёна Аксана Хмялёва з Баброва, Алена Дзікарава з Асінторфа, Ірына Іванова з Буды, Таццяна Васілеўская з Баева і многія іх калегі – бібліятэкары па прызванню, якія, працуючы ў рамках праграм “Жывая памяць Дубровеншчыны”, “Дубровеншчына ад мінулага да сучаснага”, ствараюць рукапісныя, машынапісныя і ў камп’ютарным варыянце ўзоры пісьменства, у якіх занатоўваюць па крупінках сабраны каштоўны матэрыял пра сваіх землякоў, іх радаслоўнай, продках, звычках, абрадах, культуры, усё тое, што з’яўляецца адным са складаемых культурнай спадчыны Дубровеншчыны.
—Гэтыя ўзоры пісьменства ў аддзеле маркетынгу раённай бібліятэкі групуюцца ў тэматычныя зборнікі, якія маюць вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць, — гаворыць намеснік дырэктара Дубровенскай ЦБС Алена Юр’еўна Якавенка.
Такім узорам, напрыклад, з’яўляецца аб’ёмістая самаробная і вельмі цікавая кніга “Дубровенскі раён: гісторыя і сучаснасць. Гісторыка-сацыяльна-эканамічны партрэт раёна”. Тут у пераліку персанажаў-састаўляльнікаў указаны 126 прозвішчаў самых вядомых людзей Дубровеншчыны.
Ці вось яшчэ адзін узор пісьменства нашага раёна: паэтычны машынапісны зборнік пад назвай “Шчырае слова пра родны кут” (складала яго бібліятэкар Зінаіда Недасека), у якім – дзясяткі вершаў мясцовых аўтараў і тых, хто ў сваіх вершах уславіў наш край і яго людзей.
Заслугоўвае ўвагі рукапісная работа з фотаздымкамі і газетнымі публікацыямі з Баеўскай сельскай бібліятэкі, аўтарам якой з’яўляецца Таццяна Мікалаеўна Васілеўская.
Не магу не аднесці да ўзораў мясцовага пісьменства даведнік “Дуброўна”, які з дапамогай супрацоўнікаў раённай бібліятэкі падрыхтаваў былы педагог, пенсіянер Мікалай Васільевіч Кляцкоў. Яго даведнік складаецца з чатырох раздзелаў. Пакуль што выдадзена першая частка даведніка, якая мае аднаіменную з яго загалоўкам назву – “Дуброўна”. Яшчэ адзін раздзел – “Антрапаніміка” зараз знаходзіцца ў стадыі падрыхтоўкі да выдання ў супрацоўнікаў аддзела маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі. Яна прысвечана гісторыі паходжання прозвішчаў, якія найбольш часта сустракаюцца на Дубровеншчыне. У будучым краязнаўца Мікалай Кляцкоў плануе давесці да нашых сучаснікаў і новага пакалення назвы населеных пунктаў і геаграфічных аб’ектаў Дубровеншчыны (раздзел “Тапаніміка”) і пазнаёміць з самымі вядомымі ў нашым раёне людзьмі (раздзел “Дубровенцы”).
Алена Юр’еўна Якавенка назвала і паказала мне шэраг іншых бібліятычных выданняў — буклетаў, у якіх занатавана гісторыя Дубровеншчыны, і якія таксама нельга не аднесці да ўзораў пісьменства.
Напрыклад, буклет “Нябесная заступніца Беларусі”, падрыхтаваны да Дня пісьменства загадчыцай аддзела маркетынгу Дубровенскай ЦБС Вольгай Васільеўнай Вярбіцкай, абноўлены і дапоўнены маладой супрацоўніцай аддзела Кацярынай Валянцінаўнай Машкінай.
На паліцы, дзе размешчаны ўсе гэтыя ўзоры пісьменства (у аддзеле маркетынгу) мне адразу кінуўся ў вочы буклет, прысвечаны Аляксандру Іванавічу Казарскаму – “Подвиг не ради славы”, над якім працавала Таццяна Мікалаеўна Букаткіна.
Цікава было пагартаць старонкі буклета, прысвечанага сямі цудам Дубровеншчыны. Аўтар праекта і распрацоўкі буклета — загадчыца дзіцячай бібліятэкі Валянціна Віктараўна Усцінава.
Амаль штогод “абрастае” новай інфармацыяй буклет “Ганаровыя людзі Дубровеншчыны”, у якім на сённяшні дзень сабрана інфармацыя аб сямі асобах, якія ўдастоены такой пашаны.
Так. Сёння мы ўсе жывём у век высокіх камп’ютарных тэхналогій. Аднак, калі ў пачатку ўсяго было Слова, такім яно застаецца і зараз. Без яго нічога не было б магчымым.
Лідзія ЧАПЯЛОВА
фотарэпартаж са Дня беларускага пісьменства ў горадзе Ганцавічы http://www.gants-region.info/photo/gorad_gancavichy/dzen_belaruskaga_pismenstva/2
Рейтинг комментария:00