Дубровенщина собирает второй урожай льна
У гэтыя дні па вуліцах Дуброўна ў бок ільнозавода часта праязджаюць МАЗы з прычэпамі, загружаныя рулонамі льнотрасты. У льнаводаў раёна, вобразна кажучы, у разгары другі этап барацьбы за ўраджай — уборка льносыравіны са сцелішчаў. Другі, бо спрадвеку сяляне лічылі, што лён родзіць двойчы — на палях і на сцелішчах. Калі на першым этапе, у час вегетацыі лёну, галоўным чынам фарміруецца велічыня ўраджаю, то на другім — яго якасныя паказчыкі.
—Асаблівасць сёлетняй уборкі льносыравіны са сцелішчаў заключаецца ў тым, што моцныя дажджы, якія прайшлі ў другой палавіне жніўня, значна паскорылі працэс вылежкі трасты на сцелішчах, — расказвае дырэктар ААТ “Дубровенскі льнозавод” Анатоль Дзмітрыевіч Басянкоў. — У выніку, атрымалася так, што сёння траста паспела практычна на ўсіх ільняных палетках раёна. Яе трэба як мага хутчэй падняць, закруціць у рулоны і даставіць на льнозавод. Менавіта гэтым і займаюцца зараз члены мехатрада льнозавода.
Анатоль Дзмітрыевіч Басянкоў расказаў, што ў спрыяльныя па ўмовах надвор’я дні, на сцелішчах ільнозавода працуе 20 рулонных прэс-падборшчыкаў, у тым ліку 6 самаходных, 7 самаходных абарачвальнікаў і 3 успушвальнікі.
За дзень такі мехатрад у сярэднім убірае трасту на 50-60 гектарах і нарыхтоўвае яе каля 200 тон.
Два спецыяльныя пагрузчыкі і сем “МАЗаў” з прычэпамі заняты на пагрузцы і вывазцы нарыхтаванай ільносыравіны на завод. Аўтамабілісты за дзень дастаўляюць пад шохі завода па 200-250 тон трасты. Па стану на 1 верасня (у той дзень адбылася наша сустрэча з Анатолем Дзмітрыевічам Басянковым) траста на палетках ільнозавода была закручана ў рулоны на 460 гектарах або на 27 працэнтах уборачнай плошчы, нарыхтавана 1765 тон ільносыравіны, 1560 тон з гэтай колькасці былі дастаўлены на льнозавод.
—Для таго, каб не дапусціць зніжэння якасці трасты на сцелішчах, яе ўборку мы павінны завяршыць на працягу трох тыдняў, — гаворыць Анатоль Дзмітрыевіч Басянкоў. — А гэта магчыма, калі задзейнічаць усю наяўную на льнозаводзе тэхніку.
—Што ж перашкаджае яе задзейнічаць? — цікавімся ў дырэктара.
— Не хапае 15 механізатараў. На працягу жніўня на палетках ільнозавода на самаходных абарочвальніках і прэс-падборшчыках працавала група студэнтаў 4 курса мехфака Беларускай сельгасакадэміі. Але яны адпрацавалі вызначаны тэрмін і ў канцы жніўня паехалі ў акадэмію. Вось ім на замену і патрэбна паўтара дзесятка механізатараў. Разлічваю, што ў вырашэнні гэтай праблемы нам дапамогуць прадпрыемствы Оршы і Дуброўна, якія накіруюць для работы на прэс-падборшчыках і іншай ільноўборачнай тэхніцы неабходную колькасць механізатараў.
Варта заўважыць, што 26 жніўня райвыканкам прыняў распараджэнне, у якім абавязаў прадпрыемствы горада накіраваць на ўборку трасты пэўную колькасць транспартных сродкаў.
Гэтым распараджэннем усім прадпрыемствам, арганізацыям і ўстановам раёна даведзена канкрэтнае заданне па ўборцы льнотрасты ўручную.
Мы пацікавіліся ў дырэктара льнозавода, якія віды работ павінны выканаць гараджане на сцелішчах. Няўжо тэхнікі не дастаткова? У апошнія гады лён убіралі машыны.
—Пакуль няма неабходнасці задзейнічаць гараджан на ўборцы лёну ўручную, — гаворыць Анатоль Дзмітрыевіч Басянкоў. — Такая неабходнасць можа ўзнікнуць пры ўмове, што часта будуць ісці дажджы і ўзнікне пагроза псавання трасты на сцелішчах. У такім выпадку давядзецца на асобных палетках падымаць трасту ўручную, ставіць яе ў канусы, а па меры прасыхання, зноў расцілаць у стужкі. Следам будуць ісці прэс-падборшчыкі і закручваць сыравіну ў рулоны. Вось такая дапамога гараджан, магчыма, спатрэбіцца.
Мы пацікавіліся ў дырэктара завода, якой якасці льнотраста паступае на завод.
—Сярэдні нумар ільнотрасты, дастаўленай на льнозавод, складае 1.05, што значна ніжэйшы, чым у мінулым годзе. Летась у цэлым па раёне сярэдні нумар дастаўленай на завод трасты склаў 1.17. Зніжэнне нумара трасты ў гэтым годзе выклікана тым, што з-за чэрвенскай засухі на многіх плошчах лён аказаўся нізкарослым. А вось выхад валакна прыкладна такі ж, як і ў мінулым годзе.
“Ільнозавадчане”, як вынікае з расказа кіраўніка завода, прыкладаюць усе намаганні, каб як мага хутчэй убраць трасту са сцелішчаў. Аб гэтым сведчаць і вынікі працы на сцелішчах у апошні тыдзень.
У сярэднім за дзень, калі стаяла спрыяльнае надвор’е, члены мехатрада льнозавода ўбіралі трасту са сцелі шчаў на 60-гектарнай плошчы і нарыхтоўвалі яе каля 200 тон. Па стану на 6 верасня на палетках ільнозавода траста ўбрана на 44 працэнтах плошчаў, нарыхтавана 2445 тон ільносыравіны, 2194 тоны якой дастаўлена на льнозавод.
А як арганізавана ўборка трасты ў сельгаспрадпрыемствах раёна? Нагадаем, што даўгунец сёлета вырошчвалі шэсць гаспадарак.
Аператыўная інфармацыя райсельгасупраўлення сведчыць, што самыя высокія тэмпы ўборкі трасты ў ААТ “Якубава-Агра”. Тут у спрыяльныя дні на сцелішчах задзейнічаны два рулонныя прэс-падборшчыкі, пагрузчык, трактар са спецыяльным прычэпам для дастаўкі трасты на завод. Па стану на 6 верасня траста тут была ўбрана на 63 гектарах або на 53 працэнтах уборачнай плошчы, нарыхтавана 300 тон сыравіны, 256 тон яе дастаўлена на льнозавод.
Нядрэнна арганізаваны работы на сцелішчах у КУСГП “Зарубы”, дзе траста ўжо ўбрана з 51 працэнта плошчаў.
А вось у ААТ “Баброва-Агра” і СВФ імя Ю.Смірнова марудзяць з уборкай ільносыравіны са сцелішчаў: тут гэтая работа выканана адпаведна на 22 і 29 працэнтах плошчаў.
У цэлым па раёне па стану на 6 верасня траста ўбрана на 950 гектарах або 42 працэнтах уборачнай плошчы, нарыхтавана 3193 тоны ільносыравіны, 2636 тон якой дастаўлена пад шохі льнозавода. Сярэдні нумар нарыхтаванай трасты склаў 1.05.
Андрэй КВІР