Ляды. Ведай свой край
Ляды — на першы погляд, нічым не прыкметная маленькая кропка на зямлі. Але гэтая кропачка мае вялікае значэнне для тых, хто нарадзіўся і жыве тут, ля крутых берагоў Мярэі. Кожны ляднянскі ўзгорак, кожны вялікі камень, кожны роў можа расказаць мноства гісторый даўніны: велічных і простых, амаль казачных і жудасных у сваёй рэчаіснасці. Мясцовыя жыхары называюць сваю вёсачку “варотамі ў Расію”. Менавіта гэта і вызначыла гістарычнае мінулае і населенага пункта, і яго жыхароў. Праз яго двойчы праходзілі войскі Напалеона… Вядомы гэты населены пункт трагічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, калі гітлераўцамі былі расстраляны больш за 2 тысячы яўрэеў, якія жылі ў Лядах.
Зараз Ляды — багаты турыстычны цэнтр Дубровенскага раёна. Тут ёсць школьны музей, брацкая магіла, бібліятэка, царква, гарадзішча. Праз Ляды праходзіць міжнародны турыстычны маршрут Дуброўна-Ляды-Красны (Беларусь-Расія), прысвечаны 205-годдзю перамогі ў вайне 1812 года.
Аграгарадок Ляды ўваходзіць у склад Валяўкоўскага сельскага савета з насельніцтвам каля 440 чалавек.
На жаль, колькасць жыхароў за апошнія дзесяцігоддзі скарачаецца, але знаходзяцца людзі, якія імкнуцца захаваць памяць аб тых, хто прынёс славу мястэчку.
Бібліятэкар Ляднянскай сельскай бібліятэкі Алена Іванаўна Пруднікава стварыла карту “Ляднянцы на карце свету”.
Год за годам Алена Іванаўна вядзе работу па пошуку вядомых уражэнцаў вёскі і адзначае іх імёны на карце міру побач з населенымі пунктамі, у якіх яны жылі. Ляднянская зямля ўзрасціла шмат таленавітых людзей.
Вёска Ляды назаўсёды захавалалася ў прозвішчы выдатнага яўрэйскага рэлігійнага дзеяча, каббаліста, заснавальніка хасідскага руху раббі Шнеура-Залмана бар-Баруха з Ляд, які на некаторы час зрабіў мястэчка цэнтрам сваёй дзейнасці.
Сямён Ісакавіч Мірэр нарадзіўся ў Лядах, стаў фалькларыстам, доўгі час жыў у Маскве. Рувім Брайнін нарадзіўся ў мястэчку Ляды ў шматдзетнай сям’і пячніка, публіцыст, біёграф, літаратурны крытык, дзеяч сіянізму, пісаў на іўрыце і ідзішы, стаяў ля вытокаў сучаснага варыянта дзяржаўнай мовы Ізраіля, жыў у Аб’яднаных Штатах Амерыкі. Сяргей Канстанцінавіч Заранка — партрэціст, мастак-акадэмік, жыў і працаваў у Расійскай Імперыі. Барыс Міхайлавіч Левін – рускі пісьменнік, жыў у Расіі. Леў Левінсон — савецкі тэарэтык і арганізатар бібліятэчнай справы. Маісей Хапенка нара-дзіўся ў Лядах, ізраільскі скрыпач, педагог, сваё жыццё звязаў з горадам Тэль-Авівам. Абрам Шавялёў таксама выхадзец з Лядоў, франтавы ўрач, савецкі імунолаг і мікрабіёлаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, жыў ў Рассіі.
Гэты шэраг можна працягваць і працягваць. Ідзе час, яго не спыніш, змяняюцца ў Лядах пакаленні, дзеці вырастаюць і пакідаюць родную вёсачку, з’яўляюцца новыя адметкі на бібліятэчнай карце.
У Маскву занес лёс ляднянку Марыну Міхайлаўну Швыдкіну, якая стала зубным урачом. У далёкім горадзе Чабаксары Чувашскай Рэспублікі зараз жыве ляднянка Тамара Пятроўна Навумава. А ў Германіі ўпраўляючай пансіяната пенсіянераў працуе Ірына Леанідаўна Аўчыннікава.
Ляднянская зямля спрыяла выхаванню разнастайных талентаў. І нягледзячы на тое што лёс раскідаў гэтых людзей па свеце, іх заўсёды будуць аб’ядноўваць карані, паходжанне і любоў да радзімы.
Кацярына САЛЯНКОВА,
метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы.
Толькі дзякуючы вось такім адзінкавым энтузіястам, яшчэ жыва цікавасць да маленькай радзімы і яе вытокаў. Наша юнае пакаленне дэградуе на вачах! — Гэта «страчаныя» людзі. Якія жывуць у міфічнай рэальнасці і «моляцца» на смартфоны, і ўдзень, і ўначы. А вось «тыя», «старамодныя», але — адухоўленыя. І «жывыя»! Шкада, што ў «савецкі час» было знішчана так шмат і без таго беднай гістарычнай спадчыны! Ляды — таму прыклад. Разбураны мясцовы «малаказавод», двухпавярховы будынак каля р. Мерея. Разбурэнне – гэта дэвіз камунізму. А што засталося ўзамен? – З’ездзіце і паглядзіце!
Рейтинг комментария:00