«Женщина года Дубровенщины» животновод Ирина Челпанова работает на ферме с 16 лет
Чароўная гаспадыня фермы
Самы высокі паказчык па прадуктыўнасці дойнага статка сярод аператараў машыннага даення раёна па выніках работы за мінулы год мае Ірына Віктараўна Чалпанава з КУСГП імя Чарняхоўскага: гадавы надой малака на карову ў яе групе склаў 6422 кілаграмы.
Брыгадзір калінаўскай фермы Кацярына Анатольеўна Казлова лічыць, што працоўны поспех гэтай жывёлаводкі заканамерны.
—Ірына Віктараўна Чалпанава вельмі старанная працаўніца. Да выканання сваіх прафесійных абавязкаў адносіцца з душой. За шэсць гадоў работы на ферме не было выпадку, каб яна калі-небудзь парушыла працоўную і тэхналагічную дысцыпліну. Яна — сапраўдны майстар сваёй справы, — такую кароткую характарыстыку жывёлаводцы дала К.А.Казлова.
Жыццё ў дарозе
Працоўная біяграфія Ірыны Віктараўны Чалпанавай пачалася ў 1985 годзе ў адным з калгасаў Літоўскай ССР: ёй споўнілася ўсяго шаснаццаць гадоў, калі прыйшла працаваць на ферму даяркай.
Відавочна і сёння Ірына Віктараўна жыла і працавала б у Літве, бо родам з тых мясцін яе маці, калі б у пачатку дзевяностых гадоў не разваліўся вялікі і магутны Савецкі Саюз.
Гэта прымусіла сям’ю Ірыны Чалпанавай, як і многія іншыя рускамоўныя сем’і, пакінуць краіну і шукаць прытулку ў Расіі. У пачатку дзевяностых гадоў Чалпанавы апынуліся ў вёсцы Грыбіні Краснінскага раёна Смаленскай вобласці.
Ірына Віктараўна працавала даяркай на мясцовай ферме. Але ў ліхія дзевяностыя гады прыйшоў у заняпад АПК у большасці рэгіёнаў Расіі, у тым ліку і на Смаленшчыне. Некаторыя сяляне шукалі месца работы ў суседняй Беларусі.
Па гэтай прычыне прыкладна дзесяць гадоў назад уладкавалася працаваць на калінаўскай ферме жыхарка вёскі Грыбіні Краснінскага раёна Кацярына Анатольеўна Казлова, якая ў апошнія гады ўзначальвае калектыў фермы. Менавіта па яе рэкамендацыі ў 2005 годзе пераехала з Красніншчыны ў Калінаўку і сям’я Ірыны Віктараўны Чалпанавай.
Толькі перамогі!
Вопытная і старанная жывёлаводка Ірына Віктараўна Чалпанава, працоўны стаж якой перавышае два дзесяткі гадоў, сумела значна павысіць прадуктыўнасць жывёлы. Калі ў 2010 годзе ад кожнай каровы замацаванай групы яна надаіла па 5019 кілаграмаў малака (гэта быў дванаццаты паказчык у раёне), то ў мінулым годзе паказчык узрос на 1403 кілаграмы, і І.В.Чалпанава выйшла на першае месца ў раёне па прадуктыўнасці дойнага статка.
Не здае пазіцыі ў раённым спаборніцтве аператараў машыннага даення Ірына Віктараўна і сёлета: па выніках работы за студзень у яе групе надой малака на карову самы высокі ў раёне.
—У маёй групе ацялілася яшчэ толькі палавіна кароў, а сутачны валавы надой малака перавышае 600 кілаграмаў. Многія з кароў за суткі даюць больш за 20 кілаграмаў малака, — гаворыць І.В.Чалпанава.
Я пацікавіўся ў жывёлаводкі, ці задаволена яна ўмовамі працы і жыцця ў аграгарадку Калінаўка.
—Наша сям’я жыве ў прасторным з усімі зручнасцямі доме, які выдзеліла нам гаспадарка. Ля дома ёсць падсобныя памяшканні для ўтрымання хатняй жывёлы. Так, што на ўмовы жыцця грэх скардзіцца. У нас усё ёсць, што патрэбна сялянскай сям’і — і работа, і добры заробак. За ўсё гэта я, перш за ўсё, удзячна дырэктару гаспадаркі Мікалаю Антонавічу Салдаценку, які робіць усё, што ад яго залежыць, каб лепш жылося сялянам.
А яшчэ і шматдзетная матуля…
У ходзе гутаркі высветлілася, што Ірына Віктараўна не толькі старанная працаўніца, але і шматдзетная маці, якая нарадзіла і выхоўвае пяцёра дзяцей.
Старэйшая дачка Насця, якой ужо 24 гады, жыве і працуе ў гарпасёлку Красны. Сын Сяргей год назад скончыў Аршанскае прафтэхвучылішча і працуе газаэлектразваршчыкам у КУСГП імя Чарняхоўскага. Васемнаццацігадовая дачка Наталля вучыцца ў адным з прафтэхвучылішчаў г.Оршы, дзе набывае прафесію прадаўца і тэкстыльшчыка. Сын Андрэй — вучань 11 класа Калінаўскай сярэдняй школы-сада, актыўна займаецца спортам, прымае ўдзел у раённых і абласных спаборніцтвах і марыць паступіць на факультэт фізічнай культуры ў адзін з ВНУ краіны. Самай малодшай Алёне ў сакавіку споўніцца 5 гадоў, яна нарадзілася ў аграгарадку Калінаўка.
Па словах Ірыны Віктараўны, дзеці дапамагаюць бацькам у вядзенні падсобнай гаспадаркі.
Сёння пяцёра дзяцей у сям’і — вялікая рэдкасць. На іх выхаванне маці даводзіцца аддаваць шмат часу. Ірына Віктараўна Чалпанава паспявае належным чынам і выконваць свае абавязкі на грамадскай рабоце, і быць добрай гаспадыняй, і клапатлівай маці.
Напярэдадні свята Дня жанчын стала вядома, што рашэннем райвыканкама Ірыне Віктараўне Чалпанавай прысвоена ганаровае званне “Жанчына года Дубровеншчыны”. Заслужана! Віншуем са святам і прысваеннем звання!
Андрэй КВІР