В помощь хлеборобам Дубровенщины направлен большой десант с предприятий района
Самы вялікі ў нашым раёне яравы палетак у ААТ “Баброва-Агра”. Толькі пад збожжавыя тут адведзена 1928 гектараў. Гэта прыкладна столькі, колькі ў ААТ “Якубава-Агра” і “Каманіна” разам узятых. У той жа час гаспадарка востра адчувае недахоп механізатараў і тэхнікі, каб аператыўна і ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны пасеяць яравыя культуры. Таму на дапамогу хлебаробам гаспадаркі накіраваны вялікі “дэсант” з прадпрыемстваў Дуброўна.
Дыспетчар Тамара Раманаўна Канавалава расказала, што на дапамогу хлебаробам прыбылі 14 механізатараў з іншых прадпрыемстваў раёна, пераважная большасць з іх — на замацаваных трактарах.
Найбольшы “дэсант” з ААТ “Дубровенскі райаграсэрвіс” — восем механізатараў. Старанна, па словах дыспетчара, не першы дзень на ўзворванні глебы працуюць механізатары Мікалай Бугаёў, Сяргей Палоўкін, Віталь Грачышка.
Задаволены дырэктар гаспадаркі А.М.Мурашкін працай двух механізатараў з філіяла “Беларуская ДРЭС”, які размешчаны ў Асінторфе. Аляксандр Чарнаморцаў шчыруе на энерганасычаным трактары МТЗ-3022 з дыскатарам, а Аляксандр Каплуноў — на МТЗ-1523 з чызелем. Яны штодзень працуюць у полі з раніцы да вечара, выконваюць па паўтары-дзве зменныя нормы і ні ў чым не ўступаюць механізатарам гаспадаркі.
—Саша Каплуноў — малады механізатар, за дзень рыхтуе глебу да сяўбы на плошчы 25-30 гектараў і яшчэ эканоміць пэўную колькасць гаручага, — задаволена гаворыць дыспетчар Т.Р.Канавалава.
З Аляксандрам Каплуновым нам давялося пагутарыць на полі за вёскай Малое Савіна, дзе ён разам з механізатарам гаспадаркі Станіславам Вастропкіным культываваў глебу.
На пытанне, ці задаволены ён умовамі працы і заробку ў ААТ “Баброва-Агра”, А.Каплуноў адказаў:
—Тут створаны нармальныя ўмовы працы. Двойчы ў дзень у поле, дзе працуем, прывозяць гарачыя абеды. Грэх скардзіцца і на зарплату. Расцэнкамі прадугледжана, што за кожны дадатковы гектар апрацаванай глебы звыш нормы аплата ў двайным памеры. Добры стымул, каб працаваць не лічачыся з часам. На работу мы прыязджаем ў 6 гадзін раніцы, а вяртаемся, як сцямнее.
Вельмі задаволены А.М.Мурашкін дапамогай, якую аказалі механізатары льнозавода на чале са звеннявым Валерыем Вашчыннікавым.
Ад зоркі да зоркі працуе ў полі і пераважная большасць механізатараў гаспадаркі. Адзін з энерганасычаных трактароў МТЗ-3022 задзейнічаны ў полі кругласутачна. На ім у дзве змены працуюць Раман Давыдзенка і Анатоль Ракаў.
Па-ўдарнаму ў полі працуюць многія іншыя механізатары. Па паўтары-дзве зменныя нормы выконвае адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі, неаднаразовы пераможца раённага спаборніцтва Валерый Пляшкоў. Такой жа стараннасцю ў працы на выкананні гэтага аграпрыёму вызначаецца і малады механізатар Юрый Кураедаў.
Значна перавыконвае зменныя нормы на сяўбе збожжавых Васіль Прышчэпаў.
І ўсё ж, нягледзячы на старанную працу большасці механізатараў, тэмпы сяўбы тут ніжэй, чым у сярэднім па раёне.
—Тэмпы сяўбы вельмі ў многім будуць залежыць ад умоў надвор’я, якое будзе стаяць у далейшым. Пакуль задзейнічаць пасяўны канвеер на поўную магутнасць не дазваляе на многіх палях высокая вільготнасць глебы, — гаворыць А.М.Мурашкін.
Андрэй КВІР.