Профессионал, который лечит человечество

Дубровно,дубровенский,ветеринария,труд, семья

У дзяцінстве Святлана Мікалаеўна Кантузорава марыла, як вырасце абавязкова будзе працаваць доктарам. Маленькая Света “лячыла” сваіх “хворых” лялек, рабіла ім уколы, перавязкі, сачыла, каб не прастудзіліся. І ў жыцці яна выбрала прафесію, блізкую да медыцыны — ветэрынарнага работніка.
Невыпадкова адзін мудрэц сказаў: “Медыцынскі доктар лечыць чалавека, а ветэрынарны — чалавецтва”. Ветэрынару паэт Карней Чукоўскі даў ёмкае прозвішча доктар “Айбаліт”.
Так атрымалася, што пасля заканчэння школы Святлана Кантузорава паступіла не ў медыцынскае вучылішча, як марыла, а па накіраванні калгаса імя ХХ з’езда КПСС — у Лужаснянскі сельгастэхнікум на ветэрынарнае аддзяленне і ў 1997 годзе атрымала дыплом ветэрынарнага фельчара. З той пары мінула васямнаццаць гадоў. Сёння можна смела сцвярджаць, што быць лекарам гэта не толькі дзіцячая мара Святланы Кантузоравай, але і жыццёвае прызванне. Не сакрэт, каб быць добрым доктарам “Айбалітам”, як у вершах Карня Чукоўскага, мала ведаць тэорыю і практыку лячэння жывёлы, трэба каб і душа ляжала да гэтай нялёгкай, нават для мужчын работы, не кажучы ўжо пра жанчыну-маці, у якой яшчэ і клопаты аб сям’і.
За больш як паўтара дзясятка гадоў работы спачатку ветфельчарам, потым галоўным ветурачом калгаса “Беларусь”, а пасля далучэння да гэтай гаспадаркі калгаса “Каманіна” — галоўным ветурачом ААТ “Каманіна”, Святлана Кантузорава на практыцы даказала высокую прафесійную годнасць, аб чым пераканаўча сведчаць факты. Па выніках работы за 2010 год С.Кантузорава была прызнана пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва ў намінацыі “ветэрынарны работнік”. Як адзначыў галоўны ветурач раёна Дзмітрый Праскураў, на гэтае ганаровае званне яна прэтэндавала на працягу трох папярэдніх гадоў.
І вось сёлета за шматгадовую старанную працу па прадстаўленні райветстанцыі яе партрэт занесены на раённую Дошку гонару.
Чым жа заслужыла такой пашаны Святлана Кантузорава? За каментарыем звярнуўся да Дзмітрыя Праскурава, які кіруе раённай ветэрынарнай службай.
—Святлана Мікалаеўна — вельмі адказны і добрасумленны спецыяліст. У гаспадарцы, на фермах якой утрымліваюцца каля 2300 галоў буйной рагатай жывёлы, яна адзіны спецыяліст з ліку заа¬ветслужбы і ёй даводзіцца выконваць не толькі абавязкі ветурача, але і вырашаць арганізацыйныя праблемы ў жывёлагадоўлі. Тым не менш усе ветэрынарныя прафілактычныя і лячэбныя мерапрыемствы Святлана Мікалаеўна праводзіць якасна і ў тэрмін. Дзякуючы гэтаму тут параўнальна высокая захаванасць маладняку жывёлы. У апошнія гады рэзка ўзраслі патрабаванні да якасці рэалізуемага малака. Дастаткова змяшаць малако, надоенае ад хворай каровы на масціт вымя, з агульнай яго колькасцю для рэалізацыі і прадукцыя становіцца нізка¬якаснай. Святлана Кантузорава, як галоўны ветурач гаспадаркі, прымае ўсе меры, каб малако ад хворых кароў злівалася ў асобную ёміс¬тасць, дабіваецца ад аператараў машыннага даення захавання іншых тэхналагічных параметраў пры даенні кароў. І гэта дае добры плён. Пераважная большасць малака, якое паступае з ферм гаспадаркі на прыёмны пункт сырзавода, адпавядае сартам экстра і вышэйшаму, а гэта значыць, што рэалізуецца па самай высокай цане.
Вось такі ўклад галоўнага спецыяліста ў эканоміку гаспадаркі. Словам, Святлана Мікалаеўна з душой адносіцца да выканання сваіх прафесійных абавязкаў і стараннай працай заслужыла, каб яе партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару, — такую ацэнку работы гераіні майго аповяду даў Дзмітрый Праскураў.
Задаволены работай Святланы Кантузоравай кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Зайцаў.
Той раніцай, калі я прыехаў у ААТ “Каманіна”, Святлану Кантузораву сустрэў ля машыннага двара. Пасля планёркі ў канторы яна ехала на веласіпедзе на цэнтральную ферму. На прапанову сфатаграфавацца для газеты сарамліва запярэчыла:
—Ды не трэба фатаграфаваць і пісаць пра мяне ў газеце. Нічога асаблівага я не зрабіла. Выконваю свае прафесійныя абавязкі.
У час гутаркі папрасіў яе расказаць, якім чынам у гаспадарцы наладжана работа па захоўванні высокіх спажывецкіх якасцей рэалізуемага малака.
—Адной з галоўных прычын невысокай якасці рэалізуемага малака з’яўляецца высокае ўтрыманне ў малацэ саматычных клетак, якія выдзяляюцца пры даенні хворых на масціт вымя кароў. Таму, не радзей як раз у дэкаду пад маім кантролем право¬дзіцца праверка малака ад кожнай каровы. Для гэтага, надоенае малако працэджваецца праз спецыяльныя сурветкі, на якіх застаюцца сляды ад хворых кароў, і такіх кароў я потым лячу, а малако зліваем асобна і выкарыстоўваем на выпайку цялятам. Такія рэгулярныя кантрольныя праверкі кароў на масціт дазваляюць нам дабівацца высокай якасці малака, — гаворыць Святлана Кантузорава.
Агульна вядома, што работа ветэрынарных спецыялістаў, якія працуюць у вёсцы, нялёгкая. Ім даводзіцца выконваць вялікі аб’ём работ не толькі на грамадскіх фермах, але і на падвор’ях людзей. Прычым нярэдка ветспецыялісту даводзіцца выконваць сваю работу не толькі днём, але і вечарам і нават ноччу, аказваючы неадкладную ветэрынарную дапамогу жывёле. З такой задачай паспяхова спраўляецца галоўны ветурач у ААТ “Каманіна” Святлана Кантузорава.
У Святланы Мікалаеўны ёсць сям’я. Муж Валерый Кантузораў плённа працуе механізатарам у ААТ “Каманіна” на энерганасычаным трактары МТЗ-3022. Святлана і Валерый выхоўваюць дваіх сыноў. Для Аляксандра нядаўна прагучаў апошні школьны званок і ён збіраецца пасту¬паць у Беларускую сельгасакадэмію, каб набыць прафесію інжынера сельгасвытворчасці, а Антон скончыў 7 класаў.

Андрэй КВІР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *