В честь Дня Вышиванки на Дубровенщине прошли акции и мероприятия

 
Дубровно,дети БРСМ

Нашы продкі няшмат ведалі пра светабудову, але яны перадалі нашчадкам так бы мовіць сістэму аховы ад неспрыяльных умоў. Сакральныя дзеянні, часткі вопраткі, арнамент — усё гэта водгукі гэтай сістэмы і знак дачынення да той ці іншай супольнасці. Зараз цікавасць да гэтых сімвалаў узрасла. Ужо колькі год у нашай краіне ладзіцца свята — Дзень вышыванкі. Падчас гэтага свята ў нашай краіне адбылося мноства акцый і мерапрыемстваў.

Адно з іх — «Вяселле ў вышыванцы» — прайшло напярэдадні свята — 1 ліпеня, калі ў аддзеле загса Дубровенскага райвыканкама прайшло вяселле Аляксандра і Таццяны Габрусевых, работнікаў Дубровенскага льнозавода. 

Першы сакратар Дубровенскага райкама БРСМ Таццяна Шкіндзерава павіншавала маладых з нараджэннем іх сям’і і ад райкама БРСМ падаравала ляльку-абярэг Неразлучнікі. У лялек агульная рука, каб муж і жонка ішлі па жыцці рука аб руку, былі разам у радасці і ў бядзе. Гэта сімвал доўгага сямейнага жыцця, яднання і кахання. 

Таксама ў раёне прайшла акцыя «Падары немаўляці вышыванку». Яе ўдзельнікамі сталі маладыя маці і самыя маленькія грамадзяне нашай краіны. Кашулькі-абярэгі з нацыянальным каларытам нованароджаным у сям’ях Стабронік і Нячаевых уручылі актывісты БРСМ і начальнік аддзела загс Дубровенскага райвыканкама Ганна Сычова.

Дубровно,дети БРСМ

—Беларускі арнамент — своеасаблівы шыфр, перададзены нам нашымі продкамі і закліканы аберагаць. Гэтыя падарункі з нацыянальнай сімволікай яшчэ раз нагадваюць, што сем’і і дзеці ў Беларусі пад надзейнай аховай дзяржавы і грамадства, — паведаміла Таццяна Шкіндзерава.

Яшчэ ў святочны дзень у аздараўленчым лагеры «Лугаўцы» прайшоў адкрыты дыялог і майстар-клас ад мастака раённага Дома рамёстваў Алены Капытоўскай. Удзельнікі студэнцкага атрада імя Героя Савецкага Саюза І.Д.Кандрацьева і адпачываючыя ў лагеры даведаліся гісторыю беларускага арнаменту, зашыфраваныя старажытныя сімвалы ўзораў, а таксама маглі паспрабаваць звязаць бранзалет або пояс.

 Юлія СТАРАВОЙТАВА.