Учора Купала, сёння —Іван: як дубровенцы праводзілі старажытныя абрады
Купала— старажытнае абрадавае свята сонца і агню, бостваў урадлівасці і росквіту зямлі. Прымяркоўвалася да летняга сонцастаяння. «Дзень адбаўляецца, ноч прыбаўляецца», — кажуць у народзе, і нездарма захаваўся звычай наглядаць за свяцілам як «сонца грэе». «Сёння Купала, заўтра Іван…», — гаворыцца ў песнях. Гэтыя і іншыя факты даюць падставу сцвярджаць, што Купала — язычніцкае свята, да якога прыстасавана пазней святкаванне царквою (у другі дзень, 7 ліпеня) «Рождество честного славного Пророка, предтечи и Крестителя Господня Иоанна». Язычніцкае Купала ўпамінаецца ў летапісах 1175 года. У некаторых рэгіёнах Беларусі гэты дзень звязваюць з Агрыпінай і свята называюць Агрыпінай Купальніцай, што памерла ў 253-260 годзе. Дзень пачынаўся ў нашых продкаў з наведвання лазні, дзе адным з купальных атрыбутаў быў люцік, празваны купальніцай.
Дзяўчаты збіралі кветкі для вянкоў, лекавыя зёлкі дзеля прыгатавання лекаў і варажбы, якая нагадвала таемную забаву. Дзяўчаты з вянкамі вадзілі карагоды ля вогнішча, затым купаліся на зары і пускалі вянкі ў ваду, наглядаючы за іх рухам, у якім імкнуліся разгадаць свой лёс. З гэтай прычыны таксама ўтыкалі палявыя кветкі і зёлкі ў шчыліны сцен будынкаў. Асноўнай купальскай кветкай лічыцца папараць-кветка, якая згодна легендзе зацвітае апоўначы на свята і якую адпраўляюцца шукаць. Хлопцы пад вечар сцягвалі старыя рэчы, галлё для вогнішча. Месца для яго часцей выбіралася на высокім беразе ракі ці возера, на паляне, каля жыта. Праводзілі абрад здабывання жывога агню — церлі асінавыя палкі. «Сягоння ў нас Купала, сам Бог агонь расклаў», — спявалі ўдзельнікі свята. Палівам для кастра таксама служылі дровы з дуба — сімвалічнага дрэва Перуна, што бачна з купальскіх песень: «Пажарам дуб`е гарэла…», «Гарэла дуброва, гарэла…» і інш. У купальскіх песнях распавядаецца, што «не дзеўка агонь клала, сам Бог агонь раскладаў», «святое Пятро ў поле ходзіць, святы Купала агонь кладзе», «ой, месяцу, месяцу, узыдзі раненька і раскладзі купалейка». Галавешкай ад кастра можна было выгнаць ведзьму з жыта і прагнаць іншую пачварную сілу. Над купальскім вогнішчам высока на жэрдцы ўздымалі запаленае кола. Звычайна яго бралі са старога воза, прасмальвалі або аблівалі дзёгцем, каб ярка гарэла. Згарэла адно — ладзілі другое.
Вакол купальскага кастра вадзілі гульнёвыя карагоды, спявалі песні. Палаючае кола таксама пускалі ўніз з узгорка. Песнямі суправаджаліся абрады на свяце, карагоды і гульні, завадатарамі якіх з`яўлялася Купалінка і Купаліш. Ля вогнішча ўсе частаваліся абрадавай стравай, моладзь пераскоквала цераз агонь — ён лічыўся ачышчальным ад злых духаў. Спальванне прасмаленых колаў на шчасце, ці спусканне іх, палаючых, з гары — адгалоскі пакланеня свяцілу («А на гарэ калясо, гарыць яно харошо…»). У звычаях скакання цераз вогнішча, а таксама кідання галавешак у жыта (адпалохванне ведзьмаў), спальвання сарочак хворых дзяцей праглядваецца акт, які носіць ахоўна-ачышчальны абрадавы сэнс. Моладзь скакала цераз агонь з перакананнем, што русалкі не будуць нападаць і прыходзіць даіць кароў, каб ачысціць сябе і засцерагчы ад хвароб, чараў.
7ліпеня Іван Купала (Іван Купальны, Іван, Пятроўскі Іван, Іван Летні, Іван Вялікі, Іван Посны, Іван Злосны, Іван Ведзьмін, Ян). Працяг купальскага свята, якое доўжылася ўсю папярэднюю ноч. «Учора была Купала, а сёння Іван…», — спяваецца ў народнай песні. «На Пятроўскага Івана павінны быць гуркі ў мужыка, не толькі ў пана», — распавядае даўняя прыкмета. Купальская пара — момант, дзе найбольш удала зліліся дзве традыцыі (язычніцкая і хрысціянская). Другі дзень больш адпавядае царкоўным звычаям, бо адзначаецца нараджэнне Іаана Хрысціцеля. Іаан Хрысціцель прадказаў прыход Месіі — Ісуса Хрыста і прапаведаваў яго вучэнне. Ён распачаў абрад хрышчэння (мыцця) у вадаёмах і прынімаў хрышчэнне ў Іардане ў самога Ісуса Хрыста. Абрад з вадою супаў з язычніцкім купаннем у расе і вадзе, у якой, як лічалася, само сонца купалася.