Дубровенская ПМК-53 знает толк в качественном строительстве
Пакуль мы ўсё жыццё будуем сваё шчасце, героі гэтага артыкула ўзводзяць наша жыллё. 8 жніўня сваё прафесійнае свята адзначаюць будаўнікі. Дзякуючы іх працы, наш горад і раён з кожным годам набываюць больш адметны і сучасны выгляд. Між тым, за кожным новым ці адрамантаваным будынкам стаяць намаганні дзесяткаў людзей. Пра будні і святы адных з іх – будаўнікоў УП “Дубровенская ПМК-53” – нам распавёў галоўны інжынер арганізацыі Юрый Крывашонак.
– Прафесія будаўніка – асаблівая і надзвычай важная. Тым больш, ваша прадрыемства ўзводзіць і рамантуе будынкі ў сельскагаспадарчых арганізацыях па ўсім Дубровенскім раёне. А чаму, у першую чаргу, надаецца перавага пры выбары чарговага аб’екта будаўніцтва?
– Хачу заўважыць, што, сапраўды, за апошнія гады нямала зроблена нашай арганізацыяй для паспяховай рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі. Гаворка ідзе тут найперш пра будаўніцтва жылля сядзібнага тыпу. Менавіта яно сёння стварае аблічча аграгарадка, дае магчымасць калгаснікам жыць у лепшых умовах. Будаўнікамі нашага прадпрыемства здадзены сёлета 25 такіх дамоў па ўсім раёне. Гэта і ў КУСГП “Першамайскае”, ААТ “Аграбудскае”, СВК “40 год Кастрычніка”. Зараз практычна завершаны работы ў СВК “Баброва” і КУСГП “Зарубы”, рыхтуецца дагавор на будаўніцтва з СВК “Гігант”. Акрамя таго, арганізацыя займаецца бягучым рамонтам фермаў, зерне-сушыльных комлексаў. Так што, працы хапае. Але, насамрэч, такая сітуацыя толькі радуе.
– Уражвае тое, што сёння работы па будаўніцтве і рамонце будынкаў вядуцца, як правіла, даволі непрацяглы час. Гэта заслуга – тэхналогій, фінансавання альбо людзей?
— Скажу адразу – чалавечы фактар вырашае ўсё. Калі людзі працуюць добрасумленна, будаўніцтва ідзе хутка, праблем не ўзнікае. Але ж нельга не ўлічваць і іншыя складаючыя. Напрыклад, тое ж фінансаванне. Вось яно ў нас наладжана, і мы можам з кожным годам павялічваць аб’ёмы выконваемых работ. Ці – матэрыяльная база. Набываем больш зручную і сучасную тэхніку – адразу бачым рэзультат. Карыстаецца папулярнасцю аренда автокрана. Хаця паўтару: спачатку чалавек, сапраўдны прафесіянал сваёй справы, а ўжо потым усё астатняе.
— Такім чынам, якасць у першую чаргу залежыць ад сумленнасці і прафесіяналізма будаўніка. Наогул, а ці хапае на сёння рук, наколькі вы забяспечаны кадрамі?
– Вось тут ёсць пытанні. Адзначу адразу: людзей не хапае. Тых жа муляроў, цесляроў, бетоншчыкаў. Хаця радуе, што прыходзіць працаваць і нямала моладзі. Мы ім, безумоўна, стараемся дапамагчы і парадай, і справай. Тым больш, у арганізацыі працуе шмат вопытных людзей. Сярод іх хочацца назваць машыніста аўтакрана Валерыя Ахімовіча, брыгадзіра брыгады сантэхнікаў Міхаіла Падалінскага, шафёра Ігара Кадурава. Дарэчы, не толькі мужчыны паказваюць добрыя вынікі. Жанчыны таксама працуюць выдатна. Напрыклад, наш майстар аддзелачных работ Ганна Хрысанфава.
– Не магу не скарыстацца магчымасцю, каб не спытацца. Вы шмат расказваеце пра іншых, а чаму вы самі звязалі сваю жыццё з будаўніцтвам?
– Ды неяк так склалася са школы. Наогул, такая дзіўная гісторыя выйшла. Быў я яшчэ малы, і пісалі мы ў класе сачыненне на тэму будучай прафесіі. Прайшоў час. Я скончыў школу, ужо паступіў. І вось вырашылі мы сабрацца ўсім класам. А настаўніца ўзяла ды раздала нашы дзіцячыя творы. Узяў я свой сшытак, а там вялікімі літарамі: “ХАЧУ СТАЦЬ БУДАЎНІКОМ”. І самае цікавае, што на той момант я якраз і паступіў у Наваполацкі політэхнічны інстытут на спецыяльнасць “Вытворчае і грамадзянскае будаўніцтва”. Такі лёс, што тут скажаш. Так і працую амаль дваццаць гадоў у будаўніцтве. Люблю сваю справу. Нават дома стараюся змайстраваць што-небудзь карыснае. Асабліва ганаруся пабудаванай уласнаруч лазняй.
– Напэўна, гэта і ёсць адзін з самых прыемных момантаў у прафесіі будаўніка – бачыць створанае сваімі рукамі?
– Так. Здача дома ці іншага аб’екта – асаблівы момант. Будаўнік бачыць, з чаго пачынаў і што ў выніку атрымалася. І, паверце, для нас кожны аб’ект – індывідуальны, не падобны да іншага. Нават калі праект адзін, два пабудаваныя па ім дамы розныя. У кожнага свая гісторыя.
– Цудоўна і шмат было сказана аб працы, буднях будаўніка, але ж на календары ёсць месца і святам. Што хочацца пажадаць сабе і сваім калегам?
– Тут усё проста. Жадаю моцнага здароўя, добрага настрою і цярпення. Яшчэ каб дома панавалі лад і любоў, бо тады і на працу чалавек прыходзіць радасны. Гэта значыць і будуе добра. А каб кішэня была поўная — пабольш усім нам аб’ёмных заказаў і вялікіх аб’ектаў. Мы ж, у сваю чаргу, пастараемся выканаць іх як мага лепш.
На здымку: галоўны інжынер УП “Дубровенская ПМК-53” Юрый Крывашонак.
Марына КАЗЛОВІЧ
Молодец))) Приятно читать хорошие журналистские тексты)))
Рейтинг комментария:00
статья super, автору респект
Рейтинг комментария:00
улицы Москвы
Рейтинг комментария:00