Столетия белорусская почта «каталась» на лошадях

Дубровно, почта, история, марка, Беларусь, Могилёвская губерния, гужевой транспорт, лошадь, почтальон

Вакол — адны сучасныя тэхналогіі. Ды якія! Напэўна, новыя цуды прагрэсу лепш за ўсё можна ахарактарызаваць словам «гіперхуткасныя». І сучаснаму пакаленню нават цяжка сабе ўявіць, што некалі гэта здавалася нашым продкам немагчымым. Але, паверце, яны не сумавалі праз такое. А, наадварот, атрымлівалі асалоду ад размеранага жыцця. Існавала па гэткіх законах і тагачасная пошта. Пра яе мы і пагаворым далей.

У даўнія часы пошты ў сучасным яе разуменні на Беларусі і суседніх краінах не існавала. Не было тады і спецыяльных устаноў для дастаўкі пошты і правядзення паштовых аперацый. Паштовая сувязь была спачатку недасканалай і нерэгулярнай.

У ХІV-ХV стагоддзях вялікія і ўдзельныя князі Вялікага княства Літоўскага (у яго склад уваходзілі і беларускія землі) трымалі для перасылкі ўказаў, дэпеш, распараджэнняў так званых ганцоў (нарачных, пасланцаў), якія дастаўлялі іх на конях ці пешшу.

З развіццём эканомікі, гандлю і культуры ўзнікла патрэба ў рэгулярнай паштовай сувязі. З цягам часу пачалі стварацца для дастаўкі пошты і правядзення паштовых аперацый спецыяльныя ўстановы. Першыя паштовыя ўстановы на Беларусі ўзніклі ў 2-й палавіне ХVІ стагоддзя. Паступова паштовая сувязь удасканальвалася, набыла рэгулярны характар.

У 2-й палавіне ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, як і раней, асноўным сродкам перавозкі пошты з’яўляўся гужавы транспарт. На 1881 год у Магілёўскай губерні (у яе склад уваходзіла і тэрыторыя сучаснага Дубровенскага раёна) дзейнічалі 65 паштовых конных станцый, дзе трымалі 767 коней. З узнікненнем і развіццём чыгуначнага транспарту значэнне коннай перавозкі пошты значна знізілася. Так, у 1913 годзе ў Магілёўскай губерні было ўжо толькі 30 паштовых конных станцый, дзе трымалі 188 коней. Працягласць паштовых трактаў і прасёлачных дарог Магілёўскай губерні, па якіх вазілі пошту на конях, складала 1817 вёрст (1912 год).

Сетка іншых устаноў сувязі ў Магілёўскай губерні была таксама рэдкай. Так, у 1901 годзе тут дзейнічалі 18 паштова-тэлеграфных кантор, 27 паштова-тэлеграфных аддзяленняў і 30 паштовых аддзяленняў.

Дубровно, почта, история, марка, Беларусь, Могилёвская губерния, гужевой транспорт, лошадь, почтальон

У пачатку 1914 года на тэрыторыі Магілёўскай губерні працавалі 27 паштова-тэлеграфных кантор, 49 паштова-тэлеграфных аддзяленняў, 21 паштовае аддзяленне. Паштовых аддзяленняў к 1914 году стала меней таму, што многія з іх былі пераўтвораны ў паштова-тэлеграфныя.

У межам сучаснага Дубровенскага раёна ў 2-й палавіне ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў устаноў сувязі існавала таксама мала. Як сведчыць афіцыйная статыстыка, тут працавалі наступныя паштовыя конныя станцыі: Дубровенская, Засценкаўская, Казьянская і Ляднянская. На пачатку ХХ стагоддзя наглядчыкам Дубровенскай коннай станцыі працаваў Восіп Яскевіч, Засценкаўскай — Ілья Яскевіч, Казьянскай — Восіп Лыскоўскі, Ляднянскай — Пётр Кузьмін.

На тэрыторыі сучаснага Дубровенскага раёна ў 2-й палавіне ХІХ стагоддзя былі заснаваны тры паштова-тэлеграфныя аддзяленні: Дубровенскае, Засценкаўскае і Ляднянскае.

Дубровно, почта, история, марка, Беларусь, Могилёвская губерния, гужевой транспорт, лошадь, почтальон

У канцы ХІХ стагоддзя Дубровенскае паштова-тэлеграфнае аддзяленне было пераўтворана ў паштова-тэлеграфную кантору 6-га класа. У розныя гады начальнікамі Дубровенскай паштова-тэлеграфнай канторы працавалі Аляксандр Чарвякоў, Фёдар Рабчынскі, Франц Ажгірэй, Уладзімір Маслоўскі. Паштовыя аперацыі выконваліся таксама на конных паштовых станцыях і валасных праўленнях Дубровеншчыны.

У цяперашні час у Дубровенскім раёне дзейнічаюць шмат устаноў сувязі, пераважная большасць якіх знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Іх паслугамі карыстаецца мноства мясцовых жыхароў, якія не лянуюцца пісаць і пасылаць лісты сваякам, сябрам, знаёмым, што жывуць у розных паселішчах Беларусі і, нават, у замежных краінах традыцыйным чынам. Шмат жыхароў выпісваюць газеты і часопісы, якія ім дастаўляюць своечасова старанныя паштальёны.

Адным словам, не пустуюць іх паштовыя скрынкі, і ў значнай ступені, дзякуючы мясцовай газеце “Дняпроўская праўда”.

Ганна ДУЛЕБА,
гісторык, краязнаўца

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *