В Осинторфе возрождают традиции белорусской свадьбы
Повязь часу і лёсу
“Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…” Яна жыве, нягледзячы ні на што, мы ведаем казкі, прыказкі і прымаўкі. Ладзім уласную гаспадарку па народным календары і прыкметам. Звяртаемся да звычаяў продкаў у самыя значныя моманты нашага жыцця.
Усе традыцыйныя народныя абрады накіраваны на тое, каб забяспечыць чалавеку добрае жыццё: доўгае, багатае, спакойнае.
Самым запатрабавальным зараз з’яўляецца вясельны абрад. Стала ўжо звычайным свята нараджэння сям’і ў суправаджэнні народнага ансамбля “Кудзеліца”, якое ладзіцца ў Дубровенскім раённым аддзеле ЗАГС.
І вось нядаўна мы атрымалі запрашэнне на вяселле ў аграгарадок Асінторф. У будынку сельскага выканаўчага камітэта яшчэ было тое паветра, што бывае ў памяшканнях пасля рамонту. У новай зале для ўрачыстасцяў нас сустрэў калектыў “Беларусачка” Асінторфскага сельскага Дома культуры і кіраўнік спраў сельвыканкама Алена Фёдараўна Дзікарава.
Кіраўнік ансамбля Алена Васільеўна Баканоўская расказала: “Першы раз мы дакрануліся да вясельнага абраду ў лістападзе 2005 года, на конкурсе. Потым яшчэ папрацавалі, параіліся з Анастасіяй Мікалаеўнай Красоўскай, паслухалі заўвагі этнографа І.Крука на “Вялікай вясельніцы” (конкурс, які адбыўся ў лістападзе 2012 года ў нашым раёне) і вырашылі: чаму не? Няхай маладыя жэняцца, а мы будзем спяваць, шчасця жадаць”.
У гэты дзень вырашылі ўступіць у шлюб Паскерт Аляксандр Алегавіч і Паўлава Надзея Анатольеўна.
Гісторыя іх пачуццяў і складаная, і рамантычная адначасова: былі і раставанні, і сустрэчы, надзеі і роспач. Але ж каханне пераадолела ўсе перашкоды і аб’яднала ў рэшце рэшт два лёсы.
Маладых сустрэлі ўдзельніцы ансамбля “Беларусачка”, праз ручніковыя вароты з песнямі правялі ў памяшканне, дзе кіраўнік спраў Асінторфскага сельвыканкама А.Ф.Дзікарава правяла шлюбную цырымонію.
А потым сапраўдным падарункам для маладых і ўсіх прысутных сталі абрадавыя дзеянні, падрыхтаваныя ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці. Былі тут і выпрабаванні маладых у якасці гаспадароў, і частаванне нявесткі мёдам, і звязванне ручніком, і сядзенне на кажуху, і паяданне яечні. А, галоўнае, сакавітыя, беларускія песні: вясёлыя, жартоўныя, лірычныя. Такія, як усё наша жыццё.
Знайшоў сваё месца ў гэтым свяце і сур’ёзны аповед пра строй беларускай сям’і, традыцыі і прыкметы дабрабыту і шчасця.
Уся гэта падзея захапіла сваёй шчырасцю і святочнасцю. Мы спадзяемся, што ўсё, што выканалі і пра што даведаліся ў гэты дзень маладыя, што пажадалі ім прысутныя, будзе ім на доўгае жыццё. А ансамбль “Беларусачка” стане жаданым госцем на іншых святочных падзеях.
Алена КАРСАКОВА.