«Дняпроўская праўда» отметила 80-летний юбилей!
Восемдзесят гадоў жыве клопатамі і радасцямі роднай Бацькаўшчыны раённая газета “Дняпроўская праўда”. З 1931 па 1960 год яна насіла назву “За сацыялістычнае будаўніцтва”, з 1960 па 1962 называлася “За камунізм”, з 1965 года — з дня аднаўлення раёна па сённяшні дзень стала называцца “Дняпроўская праўда”. Мянялася назва друкаванага выдання, але мэта ў яе заставалася адна — весці інфармацыйна-аналітычны летапіс жыцця Дубровеншчыны.Давайце, шаноўныя чытачы, разам пагартаем старонкі гісторыі нашай газеты, адзначым этапы яе вялікага і доўгага шляху.
Першыя творчыя крокі
Восемдзесят гадоў таму працоўныя Дубровеншчыны атрымалі першы нумар сваёй раённай газеты “За сацыялістычнае будаўніцтва”. Напэўна, гэта быў хвалюючы, радасны дзень. Сцвярджаю так па той простай прычыне, што сама заўсёды з нецярпеннем чакаю кожны свежы нумар раённай газеты і прагна перачытваю ў ім усё, што напісана, нягледзячы на тое, што па службовай пасадзе ў працэсе падрыхтоўкі чарговага нумара раённай газеты дзесяткі разоў сама перачытваю ўсю тую інфармацыю, якая прапануецца чытачам. Але адна справа чытаць усё ў рукапісах, і зусім іншая — убачыць напісанае на старонках выдання, якое надрукавана і адпраўлена спажыўцу, г.зн. вам, шаноўныя чытачы. І таму я вельмі добра ўяўляю, як восемдзесят гадоў таму кожнаму з маіх суайчыннікаў хацелася паглядзець на сваю газету, патрымаць яе ў руках, адчуць спецыфічны пах друкарскай фарбы, убачыць вачыма, аб чым яна піша. Газета перадавалася з рук у рукі і прачытвалася ад першага да апошняга слова.
Падпісчыкаў тады яшчэ не было. Газета некаторы час дастаўлялася ў гаспадаркі, на прамысловыя прадпрыемствы бясплатна. У лаканічных заметках селькоры паведамлялі аб поспехах працаўнікоў вёскі, якія толькі што аб’ядналіся ў калектыўныя гаспадаркі. Газета заклікала павысіць пільнасць супраць варожых інтрыг кулакоў, якія сеялі сярод насельніцтва шкодныя чуткі, перашкаджалі сялянам спакойна будаваць новае калгаснае жыццё. Раённая газета “За сацыялістычнае будаўніцтва” ў даходлівай форме і на канкрэтных прыкладах апавядала сялянам аб перавагах калгаснага ладу над дробнымі сялянскімі гаспадаркамі.
У справядлівасці маіх слоў, паважаныя чытачы, вы можаце пераканацца, пазнаёміўшыся з публіцыстычнымі нататкамі няштатнага карэспандэнта раённай газеты Аляксея Якаўлевіча Гаўруцікава, які дасканала вывучаў знойдзеныя ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь экземпляры раённай газеты “За сацыялістычнае будаўніцтва” за 1935 год.
Першыя нумары газеты друкаваліся ў Аршанскай гарадской друкарні, а потым рэдакцыя атрымала друкарскую машыну і размясцілася ў Дуброўна ў старым драўляным доме па цяперашняй вуліцы Нікандравай насупраць сярэдняй школы № 1. З-за адсутнасці электраэнергіі машыну прыводзілі ў рух па чарзе работнікі друкарні.
Першымі селькорамі газеты былі камуніст 20-тысячнік, старшыня калгаса імя Блюхера Ніканор Раеўскі, старшыня выканкама Малабахаўскага сельсавета Пётр Чарвінскі, калгаснікі Лявон Любянкоў, Рыгор Баранаў, Рыгор Шышкевіч.
Трывожны быў час. Ворагі калгаснага ладу не хацелі здавацца без бою. Яны праследавалі актывістаў-селькораў на кожным кроку. Гэта ад іх рук загінулі Ігнат Селядцоў з вёскі Стражава, а потым выстралам у вакно быў моцна паранены актыўны селькор Лявон Любянкоў з вёскі Баброва.
Аднак выстралы з-за вугла не зламалі волі селькораў. Яны смела выступалі на старонках газеты супраць тых, хто станавіўся на шляху новага жыцця.
Рады селькораў увесь час шырыліся, раслі. Кіпучае жыццё хлебаробаў вёскі Хандогі стаў апісваць Іван Шакуцёў, вёскі Быстрыёўка — Іван Бажкоў. Змястоўныя заметкі ў рэдакцыю газеты з вёскі Кіраёва дасылаў Міхаіл Мінковіч, а з вёскі Чубакова — Сяргей Маісеенка. Часта на старонках газеты паяўляліся карэспандэнцыі за подпісам Васіля Праскурава з вёскі Негаціна і Міколы Пестунова з вёскі Гудава-Зямянскае. Для многіх з іх раённая газета з’явілася першай школай, якая прывіла любоў да журналістыкі, выдала пуцёўку ў жыццё, указала дарогу да вяршынь навукі, да славы. Так, з павелічэннем перыядычнасці выпуску газеты працаваць у рэдакцыю былі запрошаны актыўныя селькоры Іван Шакуцёў і Іван Бажкоў. Першы з іх ад селькора вырас да рэдактара гэтай газеты, а другі — да загадчыка аддзела. Вядомым журналістам і пісьменнікам краіны стаў наш селькор Васіль Праскураў. Ён адным з першых атрымаў прэмію Саюза журналістаў СССР за цыкл нарысаў аб Палессі.
Пётр Лявонавіч Чарвінскі стаў доктарам тэхнічных навук. Селькор Браніслаў Аляксандравіч Калько працаваў дацэнтам кафедры глебазнаўства Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
Высокага ўзлёту дасягнулі былыя актывісты газеты Сяргей Цімафеевіч Маісеенка і Міхаіл Аляксандравіч Мінковіч. Яны з’яўляліся членамі ўрада Беларускай ССР. Першы працаваў міністрам лясной, цэлюлозна-папяровай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, другі — міністрам культуры БССР.
Яркае святло на жыццё тагачаснай раёнкі праліваюць і ўспаміны Фёдара Цімафеевіча Залатарскага, жыхара вёскі Бяскі цяперашняга адкрытага акцыянернага таварыства “Прыдубровенскае”:
“Не ведаю, чаму і як, але я стаў пісаць у раённую газету “За сацыялістычнае будаўніцтва”. Напэўна, таму, што не быў раўнадушным да таго, што бачыў і чуў. Мяне сталі запрашаць на злёты рабселькораў, а пасля таго, як у 1937 годзе вярнуўся са службы ў Чырвонай Арміі, прынялі на работу ў рэдакцыю на пасаду літсупрацоўніка, затым павысілі — прызначылі загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі.
Памятаю, як упершыню атрымаў рэдакцыйнае заданне. Рэдактар Акім Пятровіч Паплаўскі даручыў напісаць пра барсукоўскіх ільнаводаў, пра якіх я добра ведаў…”.
Праз год Фёдара Цімафеевіча прынялі кандыдатам у члены партыі.
Цёпла ўспамінаў ветэран друку пра сваіх паплечнікаў-калег — адказнага сакратара газеты Кузьму Нямыцікава, загадчыцу аддзела пісьмаў Дусю Вараб’ёву, літсупрацоўніка — былога селькора з вёскі Быстрыёўка Валодзю Булаева. Практыку ў рэдакцыі праходзілі тагачасныя слухачы Магілёўскай газетнай школы Іван Бажкоў, Міхаіл Магераў — адзін з пасляваенных рэдактараў газеты, а затым — дырэктар Аршанскай друкарні.
Такімі былі першыя крокі раёнкі. Цаглінка да цаглінкі, слова да слова — закладваўся мур раённай прэсы. І мы сёння шчыра ўдзячны ім, першапраходцам, якія смела ішлі нязведанымі журналісцкімі сцяжынкамі, не схіляліся перад цяжкасцямі, праўдзіва, нягледзячы на помслівыя стрэлы з-за вугла, адлюстроўвалі жыццё вёскі, пакінулі нам у спадчыну лепшыя традыцыі народнага друку.
«Дняпроўка» ў часы ваеннага ліхалецця
У вогненныя гады Вялікай Айчыннай вайны раённая газета не выходзіла. Многія яе даваенныя супрацоўнікі, селькоры мужна змагаліся з ворагам на фронце і ў тыле ворага. Міхаіл Парфенавіч Барашкаў, даваенны рэдактар райгазеты, рэдагаваў у падполлі газеты “Звязда” і “Чырвоная змена”.
Адраджэнне
Неўзабаве пасля вызвалення Дубровеншчыны аднавіўся і выхад раённай газеты “За сацыялістычнае будаўніцтва”. Палымяным, страсным словам заклікала яна працоўных на аднаўленне разбуранай гаспадаркі, умацаванне калгасаў, стварэнне лепшых умоў для жыцця людзей.
Вялікім энтузіязмам, непахіснай верай у светлы заўтрашні дзень прасякнуты радкі многіх пасляваенных нумароў газеты. Вось адзін з паведамленых чытачам фактаў: “Калектыў Дубровенскага льнозавода на 25 чэрвеня 1947 года выканаў паўгадавую вытворчую праграму на 135 працэнтаў… Добрых вынікаў дабілася брыгада кудзельнай машыны (брыгадзір тав.Кляўзо). Вытворчы план работніцамі брыгады выкананы на 190 працэнтаў”.
Выходзіла тады раённая газета на дзвюх старонках тыражом 1000 экземпляраў. Рэдагаваў газету Макей Міронавіч Тарасенка.
Новае імя
25 снежня 1962 года Дубровенскі раён быў скасаваны і далучаны да Аршанскага.
З аднаўленнем раёна ў 1965 годзе быў наладжаны і выпуск райгазеты пад новай назвай “Дняпроўская праўда”. Рэдактарам газеты быў прызначаны Аляксандр Фядотавіч Агурцоў. Рэдагаваў ён газету на працягу двух дзесяцігоддзяў. Пад кіраўніцтвам гэтага чалавека спасцігала азы журналісцкага майстэрства і я, Лідзія Чапялова. Я пачынала ў “Дняпроўскай праўдзе” сваю прафесійную дзейнасць пасля заканчэння факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта ў 1979 годзе і прайшла ўсе ступені журналісцкага росту ад загадчыцы аддзела да галоўнага рэдактара. Пад кіраўніцтвам А.Ф.Агурцова пасцігалі азы майстэрства і многія іншыя маладыя журналісты, якія зараз працуюць ў розных сродках масавай інфармацыі нашай Беларусі. “Дняпроўская праўда” стала галоўнай прыступкай у прафесію для Валянціны Міхайлаўны Курылік, галоўнага рэдактара ваўкавыскай аб’яднанай газеты «Наш час», Ніны Дзюбковай (па мужу Пісарэнка), якая пасля заканчэння сярэдняй школы да паступлення на журфак БДУ імя Леніна некалькі гадоў працавала карэспандэнтам у раённай газеце, і выпускніцы факультэта журналістыкі Алены Башун (зараз гэтыя абедзве жанчыны працуюць у газеце “Віцьбічы”), Святланы Капусцінай (Залескай) — спецкарэспандэнта “Віцебскага рабочага”, Лідзіі Буцьянавай (Піменавай па мужу) — да нядаўняга часу адказнага сакратара абласной газеты “Народнае слова”, Віктара Кубекі — загадчыка аддзела, потым рэдактара аддзела абласной газеты “Магілёўская праўда”.
Яркай знічкай свяціла “дняпроўка” і ў час, калі рэдактарам працаваў Юрый Васільевіч Касцюк. Тады газета мела самы вялікі за ўсю сваю гісторыю існавання тыраж, які перавышаў 4 тысячы экземпляраў.
Непазнавальна змяніўся з таго часу знешні выгляд раённай газеты. Ніхто з сённяшніх маладых журналістаў нават не ведае, што такое лінатып і ручны набор тэкста. Зараз газета вярстаецца на камп’ютары, з дапамогай якога можна прымяняць самыя розныя элементы дызайнерскага афармлення, а шмат гадоў усё рабілася ўручную.
Наўрад хто з сённяшніх маладых супрацоўнікаў раённай газеты можа ўявіць, у якіх цяжкіх умовах даводзілася праца- ваць іх папярэднікам, асабліва тым, хто забяспечваў тэхнічны працэс выхаду ў свет нашай “дняпроўкі”. А яго забяспечвалі наборшчыкі машыннага набору лінатыпісткі Вера Якаўлеўна Цублянок, Валянціна Еўдакімаўна Навумава, Алена Генадзьеўна Плотнікава, наборшчыцы ручнога набору Таццяна Ільінічна Бараўнёва, Зінаіда Анатольеўна Чапялова, Вера Іванаўна Самуйлава, Людміла Леанідаўна Дземянкова, Ніна Васільеўна Яфіменка, друкары Валянціна Валянцінаўна Міхайлоўская і Ніна Панцялееўна Цітова, Лідзія Кублова. Рукі гэтых жанчын былі літаральна прапітаны друкарскай фарбай, якую нельга было вывесці нават мылам, а дыхальныя шляхі — забіты свінцом, паколькі працавалі жанчыны ў вытворчасці, шкоднай для здароўя. У іх заўсёды быў ненарміраваны рабочы дзень, які нярэдка зацягваўся да паўночы і заканчваўся пасля выхаду ў свет друкаванага выдання. У кожнай з жанчын былі малыя дзеці, але яны неяк сумяшчалі работу і сям’ю, аддаваліся спаўна рабоце, даражылі ёй. У дзень выхаду газеты заў-сёды да поўнага завяршэння паліграфічнага цыкла знаходзіўся на рабочым месцы наш рэдактар Аляксандр Фядотавіч Агурцоў, які пры неабходнасці мог аператыўна выправіць тэхнічную паломку ў друкарскай машыне, бо іншага проста не было дадзена: будзеш чакаць да раніцы наладчыка з Оршы, сарвеш выхад выдання. Паколькі газета выходзіла тры разы ў тыдзень, то, закончыўшы работу над адной, работнікі друкарскага цэха прыступалі да другой. І так з дня ў дзень, з месяца ў месяц, з году ў год. А яшчэ ў іх былі заказы на выраб бланкаў, плакатаў, іншай друкаванай прадукцыі. Ніводзін заказ не быў сарваны. За гэтым пільна сачыў начальнік наборна-друкарскага цэха Уладзімір Аляксеевіч Плотнікаў.
Няпростымі былі ўмовы працы і маіх калег-журналістаў. Як правіла, на раён мы выяз-джалі часта, хаця пастаяннага транспарту ў рэдакцыі не было. Дабіраліся за матэрыялам хто як мог. На спадарожных машынах, рэйсавых аўтобусах, хадзілі пешшу. Аднак матэрыялы ў сакратарыят паступалі аператыўна, былі вывераныя і дакладныя. На планёрках мы адзін аднаго крытыкавалі, рабілі заўвагі. Ніхто ніколі ні на каго не крыўдзіўся, бо ўсе разумелі, што праца ў газеце — творчая, а працэс самаўдасканальвання — бясконцы. Вось так мы стваралі газету і адпраўлялі яе чытачам. Затое жылі весела, дружна, калектыўна адпачывалі, часта выязджалі на сельгасработы, наладжвалі сабе невялікія святы.
Наша сёння
Цяпер усё інакш, чамусьці стала вельмі мала ў нашай рабоце ўзнёсласці і рамантыкі, апантанасці. Ці часы памяняліся ці, можа, людзі ўжо не тыя… Цяпер ва ўсім дапамагаюць працаваць камп’ютары, магчымасці якіх бясконцыя, а чалавечы фактар усё больш адыходзіць на задні план.
Змяніўся і твар раённага сродку масавай інфармацыі. І ўсё ж лічу, што ніякі дызайн не можа замяніць зместу выдання. Звычайнае апісанне, бачанне толькі вяршыні айсберга з назвай “жыццё”, бязладнае нагрувашчванне фактурнага матэрыялу без удумлівага аналізу нашай рэчаіснасці зараз непрыймальныя. Раённая газета ўзяла на свае плечы нялёгкую ношу – рашуча змагацца з выкараненнем фактаў бюракратызму, парушэнняў законнасці, сцвярджаць высокую мараль, працоўную актыўнасць, міласэрнасць і г.д.
Творчыя работнікі “Дняпроўскай праўды” ў меру сіл і магчымасцей стараюцца паўся-дзённа трымаць руку на пульсуючым нерве часу, аператыўна адклікацца на сацыяльны заказ часу.
Адным са станоўчых бакоў дзейнасці рэдакцыйнага калектыву з’яўляецца падзейная насычанасць газеты, інфармаванне насельніцтва праз інтэрв’ю з кіраўніцтвам раёна. На старонках выдання друкуюцца інтэрв’ю са старшынёй раённага выканаўчага камітэта А.І.Лукашовым і яго намеснікамі С.В. Рыжанскай, В.М.Прымакам, М.М.Рандарэвічам, А.А.Шатраўкам, старшынёй раённага Савета дэпутатаў А.В.Ціханавай і многімі іншымі кіраўнікамі розных ведамстваў і службаў раёна. Кола іх выступленняў даволі шырокае. З вуснаў кіраўнікоў раёна людзі атрымліваюць уяўленне аб сённяшнім і заўтрашнім дні Дубровеншчыны, выкананні сацыяльных стандартаў, нашых агульных здабытках і праліках, шляхах ліквідацыі “вузкіх месцаў”, шляхах барацьбы са злачыннасцю, наркотыкамі, п’янствам…
Наша выданне застаецца самым чытаемым у раёне, як, дарэчы, і газета «Советская Белоруссия», хаця нас вельмі турбуе той факт, што разам са змяншэннем колькасці насельніцтва раёна зніжаецца і тыраж выдання.
Улічваючы той факт, што нашымі падпісчыкамі часцей за ўсё з’яўляюцца людзі сярэдняга і пажылога ўзростаў, стараемся наво-дзіць больш цесныя кантакты з моладдзю, прыцягваць яе да знаёмства з інфармацыяй, змешчанай на старонках нашага выдання, якая нясе сапраўды важную, сур’ёзную інфармацыю, патрэбную людзям, органам улады, неабходную для нармальнага, здаровага функцыянавання грамадства.
Мы стараемся не згубіць чытача. З мэтай прыцягнення ўвагі моладзі да газеты рэгулярна выпускаем маладзёжную старонку “Ветразь юнацтва”, у якой прапагандуем вопыт узаемаадносін у маладых сем’ях, расказваем са старонак газеты аб тым, як рэалізуецца дзяржаўная маладзёжная праграма. У гэтым накірунку нам ёсць чым ганарыцца. Колькі гадоў таму наша раённая газета была прызнана пераможцай абласнога конкурсу ў намінацыі сярод маладых журналістаў па асвятленню маладзёжнай тэматыкі, а маладая супрацоўніца газеты, якая рыхтавала маладзёжныя выпускі, узнагароджана каштоўным падарункам.
У Інтэрнеце адкрыты сайт «Дняпроўскай праўды».
Пакуль што нашай газеце патрэбна фінансавая падтрымка дзяржавы, каб захаваць цэны на даступным для простага чытача ўзроўні. І яна аказваецца рэгулярна. Уся сума дзяржаўнай датацыі, якая выдзяляецца на год нашаму выданню, размяркоўваецца па кварталах і паступае на рахунак установы, а потым выкарыстоўваецца на аплату паліграфічных паслуг і пагашэнне падаткаў.
Мы вельмі ўдзячны нашым заснавальнікам — раённаму выканаўчаму камітэту, раённаму Савету дэпутатаў — за разуменне і фінансавую падтрымку ў вырашэнні многіх пытанняў. Так, з раённага бюджэту дадаткова былі выдзелены больш за 15 мільёнаў рублёў на рэгістрацыю праграмы радыёвяшчання «Дубровенскі радыёвеснік», набыццё неабходнай апаратуры, абсталявання для выпуску раённага радыё. Сёлета мы атрымалі новы аўтамабіль беларуска-іранскай вытворчасці, на набыццё яго з раённага бюджэту былі выдзелены значныя сродкі. Недастаючая сума грошай на пакупку аўтамабіля была выдзелена з рэзервовага фонда аблвыканкама. Калектыў раённай газеты вельмі ўдзячны губернатару вобласці А.М.Косінцу, старшыні райвыканкама А.І Лукашову і роднай дзяржаве за такі клопат і падтрымку.
Тры пакаленні журналістаў прайшлі праз горан насычаных пафасам стварэння газетных будняў. Як у вядомай песні пра журналістаў спяваецца, дзеля некалькіх радкоў ў газеце сходжаны-з’езджаны раён уздоўж і ўпоперак. Розная прафесіянальная падрыхтоўка, розны адукацыйны ўзровень быў у творчых супрацоўнікаў. Яднае ветэранаў і сённяшніх журналістаў “Дняпроўкі” жаданне і імкненне рабіць друкаванае выданне інфармацыйна насычаным, злабадзённым, цікавым і карысным для самага шырокага кола чытачоў.
Газета моцная сваім творчым актывам. Ядро няштатных карэспандэнтаў баявое, лёгкае на ўздым. Іх допісы дазваляюць рабіць газету інфармацыйна багатай, рознапланавай, цікавай і вяскоўцу, і гараджаніну, і маладому, і старому.
Аўтарытэт любога друкаванага выдання цалкам залежыць ад моцнасці, разгалінаванасці і надзейнасці яго каранёў — рабочых і сельскіх карэспандэнтаў, няштатных інфарматараў. Ёсць свой актыў і ў “Дняпроўскай праўды”. На першым месцы — гэта намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце. Дзякуючы іх актыўнай жыццёвай пазіцыі і нястомнаму жаданню падзяліцца з людзьмі асабістымі думкамі і разважаннямі па розных аспектах нашага жыцця, газета атрымала ёмістую інфармацыйную насычанасць, пашырыла геаграфію выступленняў, стала бліжэй да чытача.
Для выканання спецыфічных задач сродку масавай інфармацыі рэдакцыйны калектыў павінен быць у дастатковай ступені ўзброены ясным разуменнем адной сучаснай тэорыі і таго курса, якім ідзе наша краіна — пабудова моцнай і квітнеючай Беларусі — дзяржавы для народа. І мы, журналісты раённай прэсы, стараемся растлумачыць гэтыя ідэі сваім чытачам, паказваць сувязь гэтых ідэй з іх паўсядзённай працай і бытам, з задавальненнем іх надзённых інтарэсаў і патрэб, рабіць кожнага чытача актыўным барацьбітом за ажыццяўленне гэтых ідэй на практыцы. “Дняпроўская праўда” цвёрда стаіць на прынцыповых дзяржаўных пазіцыях.
Пра што пішам
Спынюся больш падрабязна на асноўных накірунках газеты. Іх шмат. Назаву найбольш асноўныя: эканомія і энергазберажэнне, дысцыпліна працы, прапаганда здаровага ладу жыцця, ваенна-патрыятычнае, экалагічнае і прававое выхаванне, укараненне сацыяльных стандартаў, шляхі адраджэння вёскі, рэфарміраванне аграпрамысловага комплексу, работа з людзьмі, паказ чалавека працы, сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна і іншыя. Тэма ваенна-патрыятычнага выхавання з’яўляецца адной з актуальных на старонках нашага выдання. У гады вайны на тэрыторыі раёна 9 месяцаў стаяў фронт, таму па сённяшні дзень крываточаць раны з зямлі дубровенскай і людзей, якія насяляюць яе. На сённяшні дзень вядомы больш за 40 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў, якія загінулі, вызваляючы наш раён, многія імёны герояў да гэтага часу застаюцца невядомымі.
Тэму ваенна-патрыятычнага выхавання ў газеце вядзе ветэран Узброеных Сіл, сакратар раённага савета ветэранаў Аляксей Якаўлевіч Гаўруцікаў, які заўсёды глыбока даследуе і вывучае ўсе пытанні, звязаныя з гісторыяй вайны і ўдзелам у ёй нашых землякоў. Пры падрыхтоўцы матэрыялаў ён выкарыстоўвае архіўныя звесткі, якія сам здабывае, выязджаючы за межы Беларусі ў архівы. Дзякуючы Аляксею Якаўлевічу, газета граматна распавядае аб ваенных дзеяннях на Дубровеншчыне і жыцці людзей на акупіраванай тэрыторыі, аб франтавіках, партызанах і падпольшчыках, бежанцах, вязнях фашысцкіх гета. На старонкі газеты выносяцца пытанні ўвекавечвання памяці загінуўшых, сацыяльнай абароны ўдзельнікаў вайны і сем’яў загінуўшых, даюцца рэкамендацыі па пошуку загінуўшых у гады вайны, выхоўваюцца такім чынам у маладога пакалення правільныя адносіны да ўспрымання рэчаіснасці. Наша выданне было адзначана спецыяльным дыпломам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь за лепшыя публікацыі на ваенна-патрыятычную тэматыку, дасланыя на рэспубліканскі конкурс напярэдадні святкавання 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Сабраныя і апублікаваныя матэрыялы маюць выключна важнае значэнне, бо яны зберагаюць гістарычную памяць, выкарыстоўваюцца ў справе ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, дапаўняюць экспанаты раённага краязнаўчага музея.
Маем добрыя здабыткі і ў справе асвятлення пытанняў здаровага ладу жыцця. Газета прадстаўляе свае старонкі для выступлення педагогам дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву, прадстаўнікам спартыўнай грамадскасці, якім было і ёсць што сказаць аб сваёй рабоце, аб тым, якім чынам і якое папаўненне ў вялікі спорт рыхтуюць нашы трэнеры. Кожны год у раёне праводзяцца ўшанаванні лепшых спартсменаў і іх спартыўных дасягненняў, якіх дабіваюцца яны на рэспубліканскіх і міжнародных узроўнях. Такім чынам, поле дзейнасці для раённых газетчыкаў па асвятленню пытання здаровага ладу жыцця вялікае і шматграннае.
Мае газета пэўныя здабыткі і па асвятленню пытанняў, звязаных з экалагічным выхаваннем насельніцтва. Наша газета была ў ліку трох раённых выданняў адзначана дып-ломам рэспубліканскага экалагічнага форуму, які праводзілі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, за лепшыя публікацыі на экалагічную тэматыку “Мой родны кут, як ты мне мілы…” у намінацыі “Беларусь — зямля чыстая”.
Нельга прамаўчаць пра яшчэ адзін поспех, якога дабіўся наш невялікі рэдакцыйны калектыў у плане асвятлення праблем і перспектыў рэфарміравання, удасканалення работы аграпрамысловага комплексу, праблем адраджэння вёскі. Некалькі гадоў таму ў Рэспубліцы Беларусь праводзіўся рэспубліканскі конкурс на гэтую тэматыку, і наша “Дняпроўская праўда” заняла першае месца за лепшыя публікацыі, прысвечаныя праблематыцы ўдасканалення работы аграпрамысловага комплексу сярод мясцовых перыядычных выданняў.
Былі яшчэ перамогі ў рэспубліканскім конкурсе па асвятленню вобраза сучаснай жанчыны ў сучасным свеце, а таксама па асвятленню ў сродках масавай інфармацыі пытанняў прававога выхавання. На працягу апошніх трох гадоў газета “Дняпроўская праўда” ўзнагароджваецца дыпломамі ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь за высокапрафесійнае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой, якія ёй уручаюцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў час правядзення Міжнароднага фестывалю песні і музыкі Падняпроўя “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”.
Праца журналіста індывідуальная. Кожны нумар газеты – плён калектыўнай працы, вынік калектыўнай творчасці. Я ўпэўнена, што і ў будучым няспыннай жыватворнай крыніцай будзе струменіць стваральная сіла “Дняпроўскай праўды” ў імя выканання свайго высокага абавязку перад грамадствам.
P.S.
Яны працуюць у газеце сёння
Дае «дабро» на выхад кожнага чарговага нумара газеты «Дняпроўская праўда» ў свет галоўны рэдактар Лідзія Рыгораўна Чапялова толькі пасля таго, як усе палосы звёрстаны і вычытаны карэктарам, дзяжурным і самім рэдактарам. а ўсе памылкі — выпраўлены. На гэтым працэс выпуску газеты ў нашай рэдакцыі спыняецца: цяпер за справу бяруцца спачатку спецыялісты Аршанскай узбуйненай друкарні, якім мы адпраўляем сваё выданне па інтэрнэту, прымяняючы сістэмы Вyfly, пасля — паштальёны, якія дастаўляюць «Дняпроўскую праўду» да чытачоў.
У красавіку 2011 года споўніцца 31 год з тае пары, як у калектыў газеты прыйшоў Андрэй Мікалаевіч Квір. Газеце пашанцавала: яе сельскагаспадарчы аддзел узначаліў спецыяліст, які валодаў глыбокімі ведамі ў сельскагаспадарчай галіне, меў вопыт работы ў сельскай гаспадарцы. З цягам часу Андрэй Мікалаевіч набыў яшчэ адну вышэйшую адукацыю, закончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта імя У.І.Леніна, стаў масцітым журналістам, чые матэрыялы неаднойчы высока ацэньваліся на абласным і рэспубліканскім узроўнях прэміямі, прызамі і дыпломамі.
У раёне практычна няма такога вытворчага калектыву, работу б якога не асвятляў журналіст Андрэй Квір. Яго матэрыялы на фоне іншых вызначаюцца глыбокай аналітыкай, напісаны ў даходлівай форме, усе факты вывераныя і дакладныя.
Без гэтай жанчыны ўявіць калектыў рэдакцыі проста немагчыма. Больш за 40 гадоў працуе старшым карэктарам Жанна Мікалаеўна Вятошкіна. Нават цяжка злічыць колькасць прачытаных ёй тамоў рукапісаў «раёнкі» і адкарэкціраваных матэрыялаў.
За доўгі час працы ў рэдакцыі газеты Жанна Мікалаеўна асвоіла некалькі сумежных прафесій: пры неабходнасці яна можа замяніць пайшоўшага ў водпуск або на бальнічны аператара камп’ютарнага набору тэкста, пэўны час па сумяшчэнню выконвала абавязкі касіра, спраўна вяла касавыя дакументы.
Жанну Мікалаеўну вельмі добра ведаюць усе рэкламадаўцы, якія змяшчаюць рэкламу на старонках выдання. Усе адзначаюць яе сціплыя і добразычлівыя адносіны з людзьмі і высокія прафесіянальныя навыкі.
Малады журналіст Марына Казловіч прыехала на працу ў калектыў «Дняпроўскай праўды» ў жніўні 2010 года, закончыўшы Інстытут журналістыкі Белдзяржуніверсітэта з чырвоным дыпломам. Яе працоўныя будні — гэта пастаянныя сустрэчы з людзьмі і падрыхтаваныя ў газету цікавыя матэрыялы па самых розных аспектах нашага жыцця.
Ганну Кацікаву добра ведае моладзь Дубровеншчыны. Ганна рыхтуе тэматычныя старонкі «Ветразь юнацтва». Выпускніца факультэта Беларускай культуры і філалогіі ВДУ імя Машэрава, ураджэнка горада Віцебск, Ганна усёй душой палюбіла Дубровеншчыну і яе людзей і марыць тут застацца праца- ваць надоўга.
Ганна Кацікава часта выязджае за зборам інфармацыі на раён. У паездках на рэдакцыйным аўтамабілі з надпісам «Прэса», яе заўсёды суправаджае вадзіцель Мікалай Канстанцінавіч Толсцікаў.
За тым, каб рэдакцыйныя фінансы не спявалі рамансы, пільна сочыць галоўны бухгалтар установы «Рэдакцыя газеты «Дняпроўская праўда» і праграмы радыёвяшчання «Дубровенскі радыёвеснік» Надзежда Іванаўна Паўлава. Яна заўсёды своечасова і правільна робіць усе адлічэнні ў бюджэт, здае справаздачы, забяспечвае своечасовую выплату заработнай платы ўсім супрацоўнікам рэдакцыі, пільна сочыць за паступленнем на рахунак рэдакцыі ад рэкламадаўцаў грашовых сродкаў, забяспечвае высокі ўзровень фінансавай дысцыпліны арганізацыі.
Якасць набору падрыхтаваных у газету матэрыялаў, тэхналагічны працэс вёрсткі газеты і яе сучасны дызайн забяспечваюць старшыя аператары настольна-выдавецкіх сістэм Андрэй Андрэевіч Квір і Валянціна Раманаўна Кузьмічова. Работа Андрэя Андрээевіча Квіра патрабуе творчага падыходу. З дня ў дзень сядзіць ён за камп’ютарам і карпатліва стварае твар нашага інфармацыйнага сродку, выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі вёрсткі і дызайнерскага афармлення палос.
Лідзія ЧАПЯЛОВА,
галоўны рэдактар газеты “Дняпроўская праўда”
Поздравляю, коллеги!
Рейтинг комментария:00
И тебя, дорогой sypraninzya! Привет Оле — это и её праздник тоже;) Отличных всем нам журналистских успехов!!!
Рейтинг комментария:00
Поздравляю, коллеги от всей души!
Возраст газеты коллективу не помеха, успехов в работе, побольше благодарных читателей и много-много подписчиков!
Марина, персональный привет!
Рейтинг комментария:00
Спасибо, Костя)))
Мы стараемся. А главное — надеемся, что весна принесёт множество приятных перемен!!!
Рейтинг комментария:00
/Тоном Карлсона в стиле «А у вас молоко убежало…»/: А у вас в кабинете Лёльки «Касмануффтки» Терешковой не вытерта пыль… Я заметил… 😀
Рейтинг комментария:00
Вот-вот, совсем без Лёльки от рук отбились. Поэтому срочно требуется её скорейшее возвращение;)
Рейтинг комментария:00