Майскія святы 1945-га…
Аб тым, што войскі 3-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерал-палкоўніка I.Д.Чарняхоўскага вызвалілі г.Оршу ад нямецка-фашыскіх захопнікаў, я даведаўся ў шпіталі. Сам сабе падумаў: раз вызвалілі Оршу, значыць свабоднай стала і Дубровеншчына, дзе я нарадзіўся і вырас. Пачаў прасіцца ў начальніка шпіталя, каб мяне выпісалі і накіравалі дамоў, бо пасля цяжкага ранения мяне на фронт не возьмуць. Прыехаў у Оршу, дзе сустрэў знаёмага земляка, капітана А.Кавалёва, які ехаў у Дуброўну праведаць сваю сям’ю.
…I вось ён, райцэнтр. Я не пазнаў горад. Суцэльныя руіны і толькі дзе-нідзе стаяць уцалелыя драўляныя дамы. Больш пашанцавала Бярозкаўскай вуліцы, дзе ўцалела каля 40 дамоў і кантора брыгады саўгаса «1 Мая». Гэты дом і зараз стаіць ля калгаснага базара, што па вуліцы Нікандравай. Не пацярпеў у час вызвалення райцэнтра і будынак райкама КПБ, дзе зараз размешчана рэдакцыя раённай газеты.
Маючы сярэднюю адукацыю, я уладкаваўся на работу ў райкам партьі памочнікам першага сакратара А.Д.Казака.
Надышла вясна 1945 года. Нашы войскі рашуча набліжаліся да Берліна. Тым часам дубровенцы на выслабаніўшыхся з-пад мін і снарадаў палях вялі сяўбу збожжавых, бульбы, іншых сельгаскультур, уздымалі разбураныя гаспадаркі, будавалі жыллё. У той далёкі і разам з тым блізкі і вельмі памятны год вясна была ранняй, надвор’е цёплым і сухім.
Напярэдадні 1 Мая ў парткабінеце райкама КПБ адбыўся ўрачысты сход, дзе прысутнічалі 50-60 чалавек. Першы сакратар А.Д.Казак расказаў аб становішчы на фронце, аб тым, як ідуць справы на веснавым полі. Ён падкрэсліў, што людзі гараць жаданнем як мага хутчэй правесці пасяўную. I гэта нягледзячы на тое, што насеннае зерне даводзіца на плячах насіць са станцыі Асінаўка, а іншы раз і з Оршы.
А перад гэтым сакратар даручыў мне ўпрыгожыць будынак райкама. А чым упрыгожваць — чырвонай тканіны няма, фарбы — таксама. Стаю ў разгубленасці, паглядаючы ў бакі. Нечакана мой позірк спыніўся на кучы бітай чырвонай цэглы, якой багата ляжала навокал. 3 яе ўздоўж будынка райкама, па зялёнаму газону, я і выклаў заклік: «Няхай жыве 1 Мая — Дзень Міжнароднай салідарнасці працоўных!». Вось і ўся наглядная агітацыя.
У дзень 1 Мая мітынгу і дэманстрацьі ў горадзе не было. Па-першае, не было добрага месца, каб іх правесці, усё ў руінах і папялішчах. I людзей было мала.
Па-другое, час быў строгі, ваенны, і людзі працавалі да самазабыцця. Асабліва цяжкай была работа ў вёсцы, дзе з усёй цяглавай сілы на калгас прыпадала з паўдзясятка коней ды некалькі кароў. Так што асноўныя работы па пасяўной выконвалі ўручную. Даставалася і работнікам апарата райкама КПБ. Напрыклад, рабочы дзень сакратара райкама заканчваўся бліжэй да раніцы. I я трапляў дамоў у 3-4 гадзіны.
9 мая 1945 года быў выхадны дзень, таму я вырашыў выспацца як след. Але раніцой прачнуўся ад нейкага моцнага шуму. Расплюшчыў вочы, а маці тузае мяне за плечы.
— Сыночак, уставай! Вайна скончылася! Перамога!
Ускочыў я з ложка, хуценька апрануўся і паімчаўся ў райкам. А на вуліцах і стары, і малы. Людзі мітынгуюць, плачуць і смяюцца, віншуюць адзін аднаго з перамогай. I ў мяне слёзы з вачэй так і цякуць. У той дзень ніхто іх не саромеўся.
На плошчы, дзе зараз стаіць помнік У.I.Леніну, размяшчаўся калгасны базар. Тут было поўна народу, радасць перапаўняла сэрца і душу кожнага чалавека. Бліжэй да абеду ў цэнтры горада былі развешаны гучнагаварыцелі, з якіх несліся мелодыі пераможных маршаў, час ад часу паўтараліся заява ўрада краіны аб перамозе Савецкай Арміі над гітлераўскай Германіяй і загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
…Прайшлі гады, але майскія дні 1945-га мне помняцца так, нібы гэта было толькі ўчора.
З успамінаў А. БайкоВА, інваліда Вялікай Айчыннай вайны.
Па матэрыялах кнігі «Памяць. Дубровенскі раён».