Дубровенцы представлены в новой книге о лучших народных мастерах Витебщины
Народнае мастацтва Віцебскага Паазер’я мае багатую гісторыю свайго развіцця і надзвычай таленавітых майстроў, якія сёння працягваюць і памнажаюць старадаўнія рамесныя традыцыі. Іх творы дэманструюць прыгажосць нашага краю, талент і багатую фантазію беларусаў.
Цяпер гэта хараство змогуць пабачыць і нашы чытачы. Цэнтральная раённая бібліятэка атрымала новую кнігу “Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны”.
Тут сабрана інфармацыя пра традыцыйныя рамёствы і творчасць сучасных майстроў народнага дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва Віцебскай вобласці.
У кнізе прадстаўлены і рамёствы Дубровеншчыны. Традыцыйная вышыўка дубровенскіх ручнікоў, кераміка (выраб ганчарнага посуду ганчарамі: Сіманьковым М.І., Шэкіным М.В. ), дубровенская керамічная цацка, якую калісці вырабляла знакамітая цацачніца Ганна Марачова і цацкі – свістулькі Сіманькова Рыгора Мікалаевіча.
Дарэчы, сярод разнастойных узораў беларускага народнага мастацтва ёсць творы, якія нават можна есці. Гэта розныя фігурныя вырабы з цеста, якія здаўна выпякалі да навагодніх і вясновых святаў, на вяселлі, дні нараджэння, памінкі. Таму ў кнізе прыведзены абрад і рэцэпт па выпечцы вясельнага каравая ў в. Станіславова.
Асобна адзначаны ў выданні народныя майстры Дубровеншчыны. Сярод іх наступныя асобы.
Давыдава Іна Міхайлаўна — майстар – метадыст Дубровенскага раённага Дома рамёстваў. Займаецца вывучэннем традыцый народнай керамікі Дубровеншчыны, па музейных узорах аднавіла традыцыю народнай цацкі Ганны Марачовай.
Сярдзечкіна Кацярына Аляксандраўна — майстар — метадыст Дубровенскага Дома рамёстваў. Працуе над стварэннем арыгінальных дубровенскіх сувеніраў на аснове народнага ганчарства.
Камароўская Наталля Мікалаеўна. Займаецца рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асноўнае захапленне – роспіс па шкле. З’яўляецца членам народнага клуба майстроў “Дубрава”.
Сватоўскі Васіль Пятровіч. Мастак клуба народных майстроў і мастакоў “Дубрава”. У творчасці аддае перавагу партрэту і пейзажу. Значная колькаць твораў прысвечана Вялікай Айчыннай вайне.
Квір Валянціна Васільеўна. Валодае некалькімі відамі народнай творчасці, але аддае перавагу саломцы. Вырабляе творы сувенірнага характару.
Шаўчэнка Галіна Уладзіміраўна. У творчай рабоце яна аддае перавагу тэхніцы рэльефнай аплікацыі саломкай. Галоўная тэма дзейнасці майстра – кветкі.
Ірына МАСЕЙКА
бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі