Чем гостей и жителей удивит фестиваль «Дняпроў­скія галасы ў Дуброўне»

 

Дубровно,юбилей, сувениры, малые скульптурные формы, старожилы,рабочие

Брэндам Дубровенскага раёна на працягу апошніх гадоў, безумоўна, з’яўляецца Міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне». Мы так зжыліся з гэтай культурнай з’явай, что, калі ў мінулым годзе з-за пандэміі фестываль не праводзіўся, то нібыта і лета зусім не атрымалася. Таму з такой цікавасцю і нецярпеннем чакае Дубровеншчына фестываль 2021 года. Пра тое, якім ён будзе, якія змены і навінкі прапануе гледачам праграма фэста, мы паразмаўлялі з Людмілай Дударавай, начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дубровенскага райвыканкама.

—Людміла Аляксееўна, як будзе праходзіць фестываль  у гэтым годзе?

—Міжнародны фестываль «Дняпроў­скія галасы ў Дуброўне» будзе праходзіць у свой звычайны тэрмін — у апошнія выхадныя чэрвеня, а дакладней 25,26,27 чэрвеня.  Але ж алгарытм свята некалькі змяніўся: так, вялікі эстрадны канцэрт з феерверкам вырашана перанесці на вечар суботы, каб пабачыць гэта мелі магчымасць не толькі жыхары нашага раёна, але і госці фестывалю.

—За шмат гадоў наш фестываль ужо атрымаў свой непадобны на іншыя культурныя мерапрыемствы твар, кожны дубровенец ведае асноўныя старонкі праграммы. Сярод іх урачыстая сустрэча ўздзельнікаў, іх прывітальны канцэрт-прэзентацыя, знаёмства з фесты­вальнымі праектамі, горад май­строў, яскравае шэсце і гала-канцэрт… Але ж кожны год арганізатары знаходзілі нешта новае, адметнае. Чым на гэты раз будзе ўражваць фестываль?

— Фестываль ўвогуле будзе прысвечаны Дню вызвалення  Дубровенскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году народнага адзінства. Таму у межах фестывалю ўпершыню пройдзе навуковая краязнаўчая канферэнцыя «Подзвігу жыць у вяках», дзе  слухачы змогуць даведацца пра даследчую работу, якую право­дзяць музеі і краязнаўцы  Віцебска, Оршы, Лёзна і Дуброўна. Таксама ўпершыню пройдзе  абласны адкрыты пленэр традыцыйнай глінянай цацкі «Салавейка 2021», пры­свечаны дубровенскаму майстру Ганне Марачовай. Раней праводзіўся толькі конкурс гліняных вырабаў. Але зараз наша цацка атрымала статут Нематэрыяльнай каштоўнасці. Таму і конкурс выйшаў на іншы ўзровень. Майстры з розных куткоў з’едуцца, каб спачатку пазнаёміцца з гісторыяй і народнымі рамёствамі Дубровеншчыны, а потым пад уплывам гэтых звестак зрабіць сваю цацку-свістульку. 

Другі раз на фестрываль завітаюць удзельнікі абласнога агляду-конкурсу эстраднай музыкі «ВІАton — 2021». Безумоўна, заслугоўвае ўвагі і выстава «Легенды, паданні і казкі Віцебшчыны ў маляваных дыванах», якая будзе працаваць у краязнаўчым музеі, і выстава фотаздымкаў у ДШМ «Дубровеншчына. Знаёмая і незнаёмая», дзе можна будзе пабачыць не толька сучасныя фатаграфіі, але і даваенныя, і больш старых гадоў. Плануецца да праектаў «Дыван сяброўства» і «Лялька Дубравушка» далучыць яшчэ адзін: удзельнікі фестывалю разам сплятуць традыцыйны дубровенскі пояс-абярэг.

— Так, вельмі насычаная праграма. Але ж не магу не спытать: што чакае гледача ў суботу вечарам?

—Як я ужо паведаміла, канцэрт артыстаў эстрады Рэспублікі Беларусь у гэтым годзе перанесены з нядзелі на суботу. У праграме «Зорная ноч над Дняпром» прымуць удзел такія зоркі беларускай эстрады, як Аляксандр Сухараў, студыя «Верасы» і група «Las Vegas», — адказала Людміла Дударава.

Мяркую, што праграма фестывалю «Дняпроўскія галасы ў Дуброўна» разнастайная і адпавядае патрабаванням на розны густ і ўзрост. За межамі нашай размовы засталося яшчэ шмат чаго цікавага. Сачыце за нашымі публікацыямі, інфармацыяй на сайте і ўлівайцеся ў плынь фестывалю.

 Алена КАРСАКОВА