Дубровенец объехал земной шар 25 раз

Дубровно,Дубровенский,профессия,семья

Адслужыўшы тэрміновую службу ў групе савецкіх войск у Германіі, марскі пехацінец Мікалай Шабусаў вярнуўся ў родную вёску Волева і пасля непрацяглага адпачынку пайшоў вучыцца ў Дубровенскую школу ДАСААФ на шафёра.
У 1980 годзе, маючы права ва¬дзіцеля трэццяга класа, М.Шабусаў уладкаваўся на працу ў суседні калгас імя ХХ з’езда КПСС. Спачатку маладому нявопытнаму вадзіцелю прапанавалі папрацаваць на старэнькім бартавым ГАЗ-52. Праз год перасеў за руль такога ж “ветэрана” калгаснай вытворчасці ГАЗ-53А, а ў 1983 годзе кіраўніцтва і інжынерная служба калгаса, пераканаўшыся ў стараннасці і належнай кваліфікацыі вадзіцеля-прафесіянала даверыла Мікалаю Шабусаву новы аўтасамазвал ГАЗ-53Б.
І не памыліліся. Калгасны аўтамабіль Мікалай Шабусаў без перабольшання лілеяў не горш, як дбайны аўтааматар у той час уласныя “жыгулі”.
У выніку без праблем адпрацаваў на ім 22 гады. Падчас нядаўняй сустрэчы з Мікалаем Рыгоравічам прыпомнілася, што мне раней ужо даводзілася пісаць пра гэтага працавітага чалавека. Застаўся ў памяці факт, што за час работы на аўтамабілі ГАЗ-53Б яго прабег перавысіў 1 мільён кіламетраў.
А гэта дваццаць пяць кругоў вакол зямнога шара. Аб гэтым неяк сказаў аднаму знаёмаму вадзіцелю, які шмат гадоў адпрацаваў на аўтобусе ў аўтабазе.
—Не можа быць такога, — запярэчыў мой знаёмы. — За дзесяць гадоў работы на аўтобусе, які эксплуатуецца з дня ў дзень, я з напарнікам наездзілі 800 тысяч кіламетраў…
Аб гэтым я сказаў падчас сустрэчы Мікалаю Шабусаву. І пацікавіўся, якім чынам ён падлічыў, што прабег аўтамабіля перавысіў мільён кіламетраў.
—Гэта не я, а былы галоўны інжынер калгаса Ігар Міхайлавіч Ані¬шчанка па пуцёўках прыкінуў і па яго падліках атрымалася такая кругленькая лічба, — з усмешкай гаворыць М.Шабусаў і дадае. — Хоць я лічу, што нічога дзіўнага ў гэтым няма. Вы ж, напэўна, памятаеце, што ў савецкі перыяд калгасны аўтатранспарт быў задзейнічаны ў рабоце амаль штодзень нават зімой, не гаворачы пра летні перыяд. За тарфакрошкай у Асінторф іншы раз ездзілі нават у нядзелю. За дзень рабілі па тры-чатыры рэйсы. Толькі ў адзін бок з Дзяцеля да асінторфскіх кар’ераў 45-50 кіламетраў. Вось і падлічыце колькі за дзень калгасныя вадзіцелі наязджалі кіламетраў. Нярэдка даводзілася адпраўляцца ў далёкія рэйсы па Беларусі і за яе межы. За доўгія гады працы пабываў у многіх гарадах Расійскага Нечарназем’я. Я беражліва адносіўся да аўтамабіля, таму паломак было мала і ён без справы не прастойваў.
Былы галоўны інжынер калгаса імя ХХ з’езда КПСС Ігар Анішчанка, які цяпер працуе начальнікам райінспекцыі Дзяржтэхнагляду пацвердзіў факт, што ён у свой час па пуцёўках вызначыў прабег аўтамабіля Мікалая Шабусава і растлумачыў сакрэты такога даўгалецця калгаснага грузавіка:
— Мікалай Шабусаў вельмі беражліва адносіўся да эксплуатацыі свайго аўтамабіля. Ніколі не перагружаў. Заўсёды своечасова і якасна праводзіў тэхнічны агляд і пры неабходнасці рамонт. Як правіла сваімі рукамі перабіраў вузлы аўтамабіля, у тым ліку і рухавік. Таму пасля такога рамонту машына служыла доўга. Затраты на рамонт і абслугоўванне грузавіка Шабусава былі мінімальнымі. Ніколі не ляніўся пасля рэйсаў памыць аўтамабіль. Ён быў лёгкі на пад’ём і без лішніх слоў адпраўляўся ў рэйс. Гэта высокакласны вадзіцель-прафесіянал, такую характарыстыку даў былому падначаленаму І.Анішчанка.
Добрыя ўспаміны аб працы Мікалая Шабусава засталіся і ў старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалая Рубанцава, які шмат гадоў адпрацаваў старшынёй калгаса імя ХХ з’езда КПСС.
У 2005 годзе калгас атрымаў новы аўтамабіль “МАЗ-5551”, на якім даручылі працаваць М. Шабусаву. На гэтым аўтамабілі Мікалай Рыгоравіч працуе сёння, або ўжо дзесяць гадоў, і ён таксама надзейна служыць ва ўмелых руках, і без справы, як правіла, не прастойвае. Гэтай вясной М.Шабусаў быў заняты на перавозцы мінеральных угнаенняў, кармоў, дастаўцы іншых грузаў. У тую раніцу, калі я сустрэўся з героем майго аповеду, ён спяшаўся ў цэнтральны склад на загрузку збожжа, каб даставіць яго на Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў.
—Праз пару дзён пачнецца нарыхтоўка кармоў і буду перавозіць кармавую масу ад камбайна да траншэі. Закончыцца нарыхтоўка кармоў і наступіць уборка азімага рапсу, потым — жніво, у якое давядзецца праца¬ваць з раніцы да цямна, каб забяспечыць бесперабойную дастаўку збожжа ад камбайна і на мехток. Словам, наступае гарачая пара для сельскіх механізатараў і вадзіцеляў, — гаворыць М.Шабусаў.
За доўгія гады працы Мікалай Рыгоравіч не аднойчы быў у ліку прызёраў раённага спаборніцтва, прымаў удзел у раённым злёце перадавікоў аграпрамысловага комплексу. Самым плённым выдаўся 2013 год, калі ў жніво ён на аўтамабілі МАЗ-5551 перавёз 2484 тоны збожжа і стаў прызёрам рэспубліканскага спаборніцтва. Разам з вадзіцелем Мікалаем Луньковым з ААТ “Праўда-С” і камбайнерам Уладзімірам Смаленскім з ААТ”Герой” прымаў удзел у рэспубліканскіх “Дажынках” у г.Жлобін, дзе атрымаў заслужаныя нястомнай працай узнагароды і масу прыемных успамінаў аб гэтым усенарадным фэсце.
Мікалай Рыгоравіч не толькі добры працаўнік на грамадскай вытворчасці, але і дбайны гаспадар і клапатлівы бацька. Ён разам з жонкай Таццянай Іванаўнай, якая працуе бухгалтарам у ААТ “Каманіна”, выхоўваюць дзесяць дзяцей. Для такой вялікай сям’і Мікалай Рыгоравіч пабудаваў прасторны дом, у якім усім месца хапае. На падвор’і шмат хатняй жыўнасці.
Пра шматдзетную сям’ю Шабусавых наша газета ўжо расказвала. Таму не буду паўтарацца. Адзначу толькі, што трое старэйшых сыноў жывуць і працуюць у Мінску, а дачка — у Віцебску. Нядаўна прагучаў апошні школьны званок для дачкі Раі і, па словах Мікалая Рыгоравіча, у далейшым яна плануе набыць прафесію тавараведа. Такім чынам, палавіна дзяцей Шабусавых ужо выраслі і раз’ехаліся, дома застануцца пяцёра школьнікаў. Мікалай Рыгоравіч ужо дзядуля — падрастае ўнучка Эля.
Вось так жыве і працуе сельскі вадзіцель Мікалай Шабусаў. Сёлета за шматгадовую добрасумленную працу па прадстаўленні калектыва ААТ “Каманіна” яго партрэт занесены на раённую Дошку гонару. Заслужана!

Андрэй КВІР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *