В Дубровно прошла акция «Вяселле ў вышыванцы»

Зараз вялікая ўвага надаецца традыцыям, якія складаў беларускі народ на працягу свайго існавання. Шмат мудрасці і таямніц нібы закадзіравана ў народных абрадавых дзеяннях, прыказках, прымаўках, прыкметах і арнаменце. Напрыклад, ці ведаеце  вы, чаму ў беларускай традыцыі было аздабляць вышывальнымі матывамі кашулі мужчын на грудзях, а жанчын на плячах? Таму што жанчына на сваіх плячах трымае адказнасць за дзяцей, за парадак ў хаце. А мужчыны павінны стаяць грудзьмі за мір і спакой сваёй сям’і і радзімы. Вось так перадавалі сакральны змест сацыяльных роляў нашы продкі.

Ужо некалькі год запар з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь Дубровенскі райкам БРСМ праводзіць акцыю «Вяселле ў вышыванцы».

Падчас акцыі віншуюць маладых, якія сталі сям’ёй апошнімі чэрвеньскімі або першымі ліпеньскімі днямі.

У гэтым годзе ўдзель­нікамі акцыі сталі Кірыл Цыганкоў і Паліна Шарай. Першы сакратар Дубровенскага райкама БРСМ Таццяна Шкіндзерава, шчыра павіншавала маладых з нараджэннем іх сям’і і падаравала керамічныя гаршкі-спарышы, якія звязаны адной ручкай-дужкай. Яна пажадала, каб маладыя заўжды былі звязаны адзін з адным, як гэтыя гаршкі, каб падарунак стаў сімвалам іх вернасці і кахання.

Дарэчы, вяселле Кірыла і Паліны Цыганковых, а яшчэ Сяргея і Крысціны Беражновых адбыліся ў дзень вызвалення Дуброўна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэты ж дзень горад Дуброўна адзначаў свой дзень нараджэння. І вяселлі былі самымі каштоўнымі падарункамі гораду да гэтых свят. Бо яны сведчаць, што жыццё прадаўжаецца і будуць новыя пакаленні, якія пранясуць беларускую культуру, звычаі продкаў, іх баявыя і працоўныя здзяйсненні далей у будучыню.

Алена КАРСАКОВА