Погодные условия вернули на поля Дубровенщины ручной труд
Ільнаводам дапамагаюць гараджане
У апошнія два гады ўборку трасты са сцелішчаў ільнаводы раёна завяршалі ў пачатку трэцяй дэкады верасня.
Сёлета сітуацыя на льняных сцелішчах іншая. У цэлым па раёне, як сведчыць аператыўная інфармацыя райсельгасупраўлення, траста яшчэ ляжыць на сцелішчах больш як на адной трэці ўборачнай плошчы. Па стану на 4 кастрычніка на льнозавод з палеткаў раёна было дастаўлена 6078 тон трасты, што ў пераводзе ў льновалакно складае 2022 тоны. Дзяржзаказ па пастаўках ільносыравіны пакуль выкананы на 72 працэнты.
3 1 кастрычніка ва ўборцы трасты са сцелішчаў ільнаводам дапамагаюць работнікі прадпрыемстваў і арганізацый г.Орша і г.Дуброўна. Яны падымаюць трасту і ставяць яе ў канусы. Нагадаем, што ў папярэднія два гады ручная праца на ўборцы лёну не выкарыстоўвалася, увесь аб’ём уборачных работ выконвалі машыны.
Што прымусіла сёлета льнаводаў звярнуцца за дапамогай да гараджан? З такім пытаннем я звярнуўся да дырэктара ААТ “Дубровенскі льнозавод” Анатоля Дзмітрыевіча БАСЯНКОВА.
—Перш за ўсё неспрыяльныя ўмовы надвор’я, якія склалася ў апошні час, — гаворыць А.Д.Басянкоў. — Частыя дажджы ў апошні тыдзень рэзка затармазілі тэмпы механізаванай уборкі трасты. Неспрыяльны прагноз надвор’я на бліжэйшую перспектыву і прымусіў запрасіць гараджан на дапамогу. Яны падымаюць трасту і ставяць яе ў канусы. У такім стане яна не будзе псавацца доўгі час нават у дажджлівае надвор’е.
Спазненне з уборкай трасты ў параўнанні з папярэднімі гадамі выклікана тым, што, па-першае, прыкладна на два тыдні пазней паспеў лён, што ў сваю чаргу зрушыла на больш познія тэрміны яго церабленне, а ўрэшце-рэшт — паспяванне трасты на сцелішчах. Па-другое, сам працэс вылежкі трасты сёлета больш працяглы, чым у папярэднія гады. І звязана гэта з больш высокім ураджаем лёну. Сярэдні збор трасты з гектара сёлета складае 4 тоны, а на асобных палетках ураджайнасць трасты дасягае 5-8 тон. Стужкі трасты на такіх участках тоўстыя, яны дрэнна высыхаюць, іх абавязкова неабходна павярнуць на другі бок.
—Трасту ўручную гараджане паставяць у канусы. А далей як будзеце наладжаваць яе ўборку?
—Па меры прасыхання трасты ў канусах уручную яе расцелім у стужкі, а следам пусцім прэс-падборшчыкі і закруцім сыравіну ў рулоны. Такая тэхналогія ўборкі ва ўмовах дажджлівага надвор’я ў нас ужо выкарыстоўвалася раней. У гэтыя дні, калі дазваляе надвор’е, паралельна з пастаноўкай трасты ў канусы, выкарыстоўваем і машыны на ўборцы трасты — абарочвальнікі і прэс-падборшчыкі.
А.Д.Басянкоў расказаў, што штодзённа на льняных палетках завода працуе каля 200 чалавек з Оршы і Дуброўна. За дзень яны ставяць трасту ў канусы прыкладна на 25-гектарнай плошчы.
Такая ж работа праводзіцца і на сцелішчах сельгаспрадпрыемстваў. У ААТ “Баброва-Агра”, напрыклад, 3 кастрычніка ставілі трасту ў канусы каля 40 чалавек з Дуброўна.
На думку дырэктара завода, у склаўшыхся ўмовах выкарыстанне на сцелішчах ручной працы і льноўборачных машын дазволіць убраць багаты ўраджай лёну без страт.
Андрэй КВІР.