Рекордные показатели производства свинины в Дубровенском районе
У апошнія два гады па аб’ёму вытворчасці і рэалізацыі мяса свінагадоўчы комплекс ля вёскі Шабаны, які з’яўляецца вытворчым участкам ААТ “Аршанскі КХП”, значна перавышае сваю праектную магутнасць.
На канец мінулага года ў памяшканнях комплекса ўтрымлівалася 21000 свіней або на 2000 галоў больш, чым прадугледжана праектам. Раней комплекс толькі двойчы ( у 2002 і 2003 гадах) выходзіў на праектную магутнасць.
Найбольш уразілі вынікі мадэрнізацыі дзвюх секцый для ўтрымання свінаматак з парасятамі па тэхналогіі, якую выкарыстоўваюць дацкія фермеры. Абслугоўвае свінаматак з парасятамі ў абноўленым памяшканні Ларыса Міхайлаўна Роўбель, якая працуе на комплексе ўжо 15 гадоў. Нягледзячы на тое, што ёй цяпер даводзіцца даглядаць 76 падсосных свінаматак і каля 900 парасят — у два разы больш, чым пры звычайнай тэхналогіі — захаванасць маладняку ў яе групе дасягае амаль 100 працэнтаў.
— За стопрацэнтную захаванасць маладняку ў мінулым месяцы я атрымала добрую прэмію, а ўсяго мая зарплата склала каля 10 мільёнаў рублёў, — гаворыць Л.М.Роўбель.
Мяне ўразіла і цеплыня, якая панавала ў памяшканні: на вуліцы ў той дзень было каля 15 градусаў марозу, а ў памяшканні звыш 20 градусаў цяпла.
—Для падтрымання ў памяшканні аптымальнага мікраклімату і тэмпературы паветра ўстаноўлена аўтаматызаваная сістэма “клімат-кантроль”, — гаворыць А.М.Кажэўнікаў, кіраўнік прадпрыемства. — Акрамя таго, як бачыце, у кожным станку для парасят ёсць спецыяльныя дыванчыкі з электраабагрэвам і міні-домікі, над якімі вісяць па дзве электралямпы абагрэву.
Пакідаючы цэх падсосных свінаматак, дзе выкарыстоўваецца дацкая тэхналогія вырошчвання парасят, я пацікавіўся ў А.М.Кажэўнікава, колькі свінарнікаў-матачнікаў мадэрнізавана па той сістэме.
—Пакуль толькі два сектары. Справа ў тым, што вельмі дарагое імпартнае абсталяванне. Зараз прымаюцца меры па наладжванню вырабу такога абсталявання ў нашай краіне. Па меры наладжвання яго вытворчасці ў Рэспубліцы Беларусь мы працягнем мадэрнізацыю па дацкай тэхналогіі іншых свінарнікаў-матачнікаў, — адзначыў А.М.Кажэўнікаў.
Па словах А.М.Кажэўнікава на комплексе і ў далейшым будуць прымацца меры для таго, каб павялічваць пагалоўе свіней і такім чынам нарошчваць вытворчасць свініны.
—У 2013 годзе плануем пабудаваць новае памяшканне для ўтрымання парасят-аддымнікаў на 1000 галоў. Абсталюем яго аўтаматызаванымі сістэмамі падтрымання аптымальнага мікраклімату і кармлення, — гаворыць А.М.Кажэўнікаў.
Па папярэдніх дадзеных на свінагадоўчым комплексе ў 2012 годзе атрымана валавой прадукцыі амаль на 25 мільярдаў рублёў, што на 4 працэнты больш, чым у мінулым годзе.
Важна і тое, што ў апошнія гады значна палепшыліся паказчыкі эфектыўнасці вытворчасці: ад рэалізацыі свініны пачалі атрымоўваць прыбытак.
Фінансавыя вынікі работы комплексу ў цэлым за год яшчэ не падведзены. За дзесяць месяцаў, як паведаміў А.М.Кажэўнікаў, чысты прыбытак ад рэалізацыі свініны склаў 3 мільярды 940 мільёнаў рублёў, а ўзровень рэнтабельнасці — 9,7 працэнта.
Вырасла зарплата свінаводаў: у сярэднім па комплексу ў кастрычніку яна склала 4 мільёны 61 тысячу рублёў, што ў 2,2 разы вышэй, чым за такі месяц у мінулым годзе. Як бачым, свінаводы Дубровенскага вытворчага ўчастка ААТ “Аршанскі КХП” завяршылі 2012 год з рэкорднымі для сябе паказчыкамі вытворчасці свініны.
Андрэй КВІР.