Как стать успешным фермером?

Дубровно,Дубровенский,фермерство,бизнес,доходы

У снежні 2009 года галоўны аграном КУСГП “Прыдняпроўскі”  Анатоль Кальянаў звярнуўся ў райвыканком з заявай аб выдзяленні 15 гектараў зямлі для стварэння сялянскай фермерскай гаспадаркі, якая будзе спецыялізавацца на вытворчасці збожжа, бульбы і гародніны. З таго часу мінула пяць гадоў.

Як развіваецца сялянская гаспадарка, якой кіруе дыпламаваны спецыяліст з практычным вопытам работы ў сельгаспрадпрыемстве?

—Анатоль Уладзіміравіч, чаму вырашылі пакінуць пасаду галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства і стаць гаспадаром параўнальна невялікага ўчастка зямлі, на якім вам цяпер даводзіцца самаму выконваць ролю і спецыяліста-тэхнолага, і механізатара — выканаўцы ўсіх тэхналагічных працэсаў? — пацікавіўся ў самым пачатку нашай гутаркі ў А.Кальянава.

—Нялегкая сялянская праца мне вядома з дзяцінства і ніколі не была ў цяжар, — гаворыць А.Кальянаў. — Вырас я ў вёсцы Калінаўка. Яшчэ ў школьныя гады  “прыкіпеў” да тэхнікі і зямлі. Калі скончыў школу, без асаблівага раздуму падаў дакументы ў Смальянскі сельгастэхнікум на агранамічнае аддзяленне. На апошнім курсе  незадоўга да выпускных дзяржаўных экзаменаў мне прапанавалі праходзіць вытворчую практыку ў Германіі. Там на працягу шасці месяцаў працаваў у фермера. Прымаў удзел у вырошчванні і ўборцы ўраджаю, разам з фермерам не аднойчы наведваў сельскагаспадарчыя выставы. Такім чынам я пазнаёміўся з сістэмай земляробства ў адной з багацейшых краін Еўропы — Германіі.

У 2003 годзе, пасля заканчэння ўніверсітэта, атрымаў накіраванне на работу на родную Дубровеншчыну. Больш за шэсць гадоў узначальваў агранамічную службу камунальнага сельгаспрадпрыемства “Прыдняпроўскі”. Спалучаць работу галоўнага агранома і працаваць ва ўласнай падсобнай гаспадарцы было вельмі нялёгка, асабліва ў пік палявых работ.

Вырашыў паспрабаваць свае сілы ў ролі  самастойнага гаспадара на зямлі. Тым больш, што пэўная матэрыяльная база для гэтага ўжо была. Так што мая фермерская гаспадарка, можна сказать, была створана на базе ўласнай падсобнай гаспадаркі, дзе я вырошчваў бульбу, моркву, капусту, а для севазварота і кармлення жывёлы — збожжавыя

Па лізінгу набыў трактар МТЗ-32, па льготнаму крэдыту — акучнік-апырсквальнік для апрацоўкі пасеваў агародніцкіх культур. Іншыя неабходныя сельгасмашыны, якія выкарыстоўваюцца для вырошчвання і ўборкі ўраджаю — гэта спісаныя агрэгаты, якія ляжалі пад плотам, як металалом. Я іх адрамантаваў, цалкам зношаныя дэталі і механізмы замяніў на спраўныя. Рабіў усё сваімі рукамі. У мяне ёсць такарны станок і зварачны аппарат. Адрамантаваць сельгасмашыну для мяне не праблема. Словам, сёння маю ўвесь набор сельгасмашын для вырошчвання ўсіх сельгаскультур. Уручную ўбіраем толькі капусту і моркву. У гэтай справе мне дапамагаюць жонка Аліна Васільеўна, якая працуе настаўніцай у Ляднянскай школе і сын Павел, які вучыцца ў пятым класе, а таксама блізкія родзічы.

Асаблівую ўвагу надаю падбору сартоў і рэпрадукцый, бо як аграном ведаю, што ад гэтага залежыць велічыня ўраджаю. Пры вырошчванні бульбы перавагу надаю галандскім сартам, якія добра родзяць і клубні маюць таварны выгляд.

Пераважную большасць вырашчынай бульбы, морквы, капусты прадаю оптавым пакупнікам, з якімі маю цесныя сувязі, і яны самі прыязджаюць і забіраюць прадукцыю. Выязджаю  з прадукцыяй на восеньскія і веснавыя ярмаркі ў Дуброўна і Оршу.

— Што б вы параілі тым грамадзянам, якія маюць намер стварыць сялянскую фермерскую гаспадарку?

—Перш за ўсё, спачатку трэба добра падумаць, узважыць, ці па сілах фермерскі хлеб. Справа гэта нялёгкая, патрабуе значных матэрыяльных затрат і тэхналагічных ведаў у той галіне вытворчасці, якой плануеце займацца. А яшчэ — любіць сялянскую працу, каб яна не была ў цяжар. Калі хто думае, што стварыўшы фермерскую гаспадарку, можа лёгка разбагацець, гэта памылковая думка. Добрых эканамічных вынікаў можа дабіцца той, хто шмат працуе і добра ведае справу, за якую ўзяўся.

Андрэй КВІР.

Фота аўтара.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *